Выбрать главу

Вада ў рэчцы была ў меру халаднаватая, i калi б не Ганнiна раздражнёнасць, то яна б мела прыемную асалоду ад купання. Ганна заплыла на сярэдзiну ракi, заўважыла, як далёка аднесла яе ўнiз цячэннем, павярнула назад i страцiла хвiлiн пятнаццаць, каб даплыць да таго месца, дзе пакiнула ручнiк i кнiжку.

Ганна выбралася на траву i легла на ручнiк. Як назло, нiчога добрага з гэтага не выйшла - наляцела некалькi нахабных сляпнёў, i настрой яе сапсаваўся ўшчэнт.

- Прабачце, - сказаў Кiн, сядаючы побач на траву.

- Я вас не клiкала, - буркнула Ганна.

- Мы параiлiся i вырашылi вам сёе-тое расказаць.

- Толькi не манiць, - сказала Ганна, насцярожыўшыся.

- Няма сэнсу. Вы ўсё роўна не паверыце.

- Цудоўны пачатак.

Кiн з размаху пляснуў сабе па шыi.

- Сляпнi, - сказала Ганна. - Тут, напэўна, каровы пасуцца.

Яна села i прыкрыла свае плечы ручнiком.

- Мы павiнны пачаць сёння, - сказаў Кiн. - Кожная хвiлiна каштуе шалёныя грошы.

- Дык не трацьце iх дарэмна.

- Мяне цешыць толькi тое, што дзяўчына вы разумная. I водгукi пра вас у iнстытуце давалi станоўчыя. Праўда, вы свавольнiца...

- Вы i да iнстытута дабралiся?

- А што рабiць? Вы - непрадугледжаны фактар. Наша вiна. Дык вось, мы жывём не тут.

- Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?

- Мы жывём у будучынi.

- Якая любата! А ў чамаданах - машына часу?

- Не iранiзуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цiкавiць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапiць туды, мы вымушаны зрабiць прыпынак менавiта тут.

- Я заўсёды думала, што вандроўнiкi ў часе - народ патаемны.

- Паспрабуйце падзялiцца гэтай тайнай з сябрамi. Мяркую, што яны вам не павераць.

Кiн адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, i адразу павеяла халадком.

- А чаму я павiнна вам паверыць? - спыталася Ганна.

- Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзi. Гэта даволi неверагодна, каб прымусiць вас хоць бы задумацца.

Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэннi.

- I ў якiм жа вы жывяце стагоддзi?

- Лагiчнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзi на гэтым вось пагорку стаяў невялiкi горад Замошша. Лапiк у стракатай коўдры Русi. На ўсход ляжалi землi Полацкага княства, з захаду i поўдня жылi жамойты, леты, самагiты, яцвягi, лiтоўцы i iншыя плямёны i народы. А яшчэ далей на захад пачыналiся ўладаннi нямецкага ордэна мечаносцаў.

- Вы археолагi?

- Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.

- Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлiчыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранiкаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнiк?

- Не, ён генiй.

- А вы адкуль ведаеце?

- Гэта наша спецыяльнасць - шукаць генiяў.

- А як яго звалi?

- Яго iмя - Раман. Баярын Раман.

- Нiколi не чула.

- Ён рана загiнуў. Так падае летапiс.

- Можа, летапiсцы ўсё прыдумалi?

- Летапiсцы шмат чаго не разумелi. I не маглi прыдумаць.

- Што, напрыклад?

- Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня... Гэта быў унiверсальны генiй, якi апярэдзiў свой час.

- I вы хочаце, каб ён не загiнуў, а прадаўжаў працаваць i вынайшаў яшчэ i мiкраскоп? А хiба можна ўмешвацца ў мiнулае?

- Мы не будзем умешвацца. I не будзем перайначваць яго лёс.

- Што ж тады?

- Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерцi. Гэта не паўплывае на ход далейшых гiстарычных падзей. Зразумела?

- Н-не вельмi. Дый навошта гэта вам?

- Самае каштоўнае на свеце - мозг чалавечы. Генii бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка...

- Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнiк можа вынайсцi порах.

- Памыляецеся. Чалавечы мозг быў i застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькi ўзровень адукацыi. Сёння вынаходнiцтва пораху не выпадзе на долю генiя. Сённяшнi генiй павiнен вынайсцi...

- Машыну часу?

- Скажам, машыну часу... Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходнiка кола або пораху.

- А навошта вам вынаходнiк пораху?

- Каб ён вынайшаў штосьцi новае.

5

Воблакi, высокiя, цёмныя пад сподам, вызвалiлi сонца, i яно зноў асвяцiла бераг. Аднак колер яго змянiўся - стаў трывожны i белы. I тут жа хлынуў дождж, пачаў лупiць па чароце, па траве. Ганна схапiла кнiжку i, прыкрываючы галаву ручнiком, кiнулася пад яблыню. Кiн тут жа дагнаў яе, i яны прыцiснулiся спiнамi да шурпатага дрэва. Кроплi лопалi па лiсцi.

- А калi ён не захоча? - спыталася Ганна. Кiн нечакана засмяяўся.

- Вы мне амаль паверылi, дарагая Ганна, - сказаў ён.

- Выходзiць, не трэба было верыць? - Яе твар, якi звужаўся да ямкi на вастраватым падбародку, паружавеў, загарэў крыху за ранiцу, i ад гэтага валасы здавалiся яшчэ святлейшымi.

- Гэта добра, што вы паверылi. Мала хто можа пахвалiцца такiм непасрэдным успрыманнем.

- Такая я, вiдаць, дурнiца.

- Наадварот.

- Добра, дзякую. Вы ўсё-такi лепш скажыце, навошта вам шукаць генiя ў трынаццатым стагоддзi? Што, блiжэй не знайшлося?

- Па-першае, генiяў мала. Вельмi мала. Па-другое, не кожнага мы можам узяць да сябе. Ён павiнен быць нестары, бо з гадамi ўскладняецца праблема адаптацыi, i, галоўнае, ён павiнен прапасцi выпадкова або трагiчна... без следу. На пахаваннi Леанарда да Вiнчы прысутнiчала шмат людзей.

- I ўсё-такi - трынаццатае стагоддзе! Дождж сцiхаў, кроплi ўсё радзей i радзей бiлi па лiсцi.

- Вы, вiдавочна, не ўяўляеце сабе, што такое перамяшчэнне ў часе.

- Зусiм не ўяўляю.

- Паспрабую растлумачыць. У двух словах, разумеецца. Час - аб'ектыўная фiзiчная рэальнасць, ён знаходзiцца ў пастаянным паступальным руху. Рух гэты, як i рух некаторых iншых фiзiчных працэсаў, ажыццяўляецца спiралепадобна.

Кiн сеў на кукiшкi, узяў сухi сучок i вывеў на вiльготнай зямлi спiраль часу.

У БУДУЧЫНЮ

З МIНУЛАГА

- Мы з вамi - часцiнкi, што плывуць у спiралевым патоку, i нiшто на свеце не можа запаволiць цi паскорыць гэты рух. Але iснуе iншая магчымасць рухацца напрасткi, па-за плынню, як бы перасякаючы вiток за вiтком.

Кiн, не ўстаючы, намаляваў стрэлку побач са спiраллю.

У БУДУЧЫНЮ

З МIНУЛАГА

Потым ён падняў галаву, глянуў на Ганну, каб упэўнiцца, цi зразумела яна. Ганна кiўнула.

Кiн выпрастаўся i крануў галiнку яблынi - пасыпалiся пырскi. Ён трасянуў галавой i прадаўжаў далей:

- Цяжкасць заключаецца ў тым, што з любога канкрэтнага моманту ў плынi часу вы можаце трапiць толькi ў адпаведны момант папярэднлга вiтка часу. А працягласць вiтка каля васьмiсот гадоў. Апынуўшыся ў папярэднiм або наступным вiтку, мы тут жа зноў трапляем у плынь часу i пачынаем рухацца разам за ёю. Дапусцiм, што дваццатаму лiпеня 2745 года блiзка адпавядае дваццатага лiпеня 1980 года. Або, бяром наступны вiток, дваццатага лiпеня 1215 года, або, яшчэ адзiн вiток, дваццатага лiпеня 540 года. Паглядзiце. Кiн дапоўнiў малюнак дэталямi.

У БУДУЧЫНЮ

З МIНУЛАГА

- Цяпер вы разумееце, чаму мы не маем магчымасцi адкладваць нашу работу? - спытаўся ён. Ганна не адказала.

- Мы некалькi гадоў рыхтавалiся да пераходу ў 1215 год, чакалi, калi момант смерцi баярына Рамана супадзе з момантам на нашым вiтку часу. Горад Замошша будзе ўзяты праз два днi ў 1215 годзе. I праз два днi загiне невядомы генiяльны вучоны трынаццатага стагоддзя. Калi мы не здзейснiм задуманае за два днi, пра ўсю гэтую нашую задуму давядзецца забыць. Назаўсёды. А тут вы з'яўляецеся.

- Я ж не ведала, што вам перашкоджу.

- Нiхто вас не вiнавацiць, дарагая дзяўчына.

- А чаму нельга проста туды?

- На жаль, немагчыма перасекчы адразу два вiткi часу. На гэта не хопiць усёй энергii Зямлi. Мы вымушаны спынiцца i зрабiць прамежкавы пункт тут, у дваццатым стагоддзi.