Выбрать главу

— Хіба гэта важна, чарадзей? — спытаўся Кін. — Я вучань Бертольда фон Гоца. Ты чуў гэтае імя?

— Я чуў гэтае імя, — сказаў Раман. — Але ты не ведаеш, што Бертольд ужо два гады як памёр.

— Гэта толькі чуткі.

Дзверы загайдаліся, адчыніліся, і з падземнага хода выйшаў хлопец, ведучы за руку высокага чалавека ў манаскім убранні з капюшонам, насунутым на лоб, і з цёмнай павязкай на вачах.

— Можаце зняць павязку, — сказаў Раман. — У нас мала часу.

Манах зняў павязку і перадаў хлопцу.

— Я падпарадкоўваюся ўмовам, — сказаў ён. — Я таксама рызыкую жыццём.

Ганна пазнала ландмайстра Фрыдрыха фон Какентаўзена. Рыцар падышоў да стала і сеў, паклаўшы на стол жалезную руку.

— Як рука? — спытаўся Раман.

— Я ўдзячны табе, — сказаў Фрыдрых. — Я магу трымаць ёю шчыт. — Ён павярнуў рычажок на тыльным баку жалезнай далоні. Пальцы сціснуліся, нібыта абхапілі дрэўка дзіды. — Дзякую. Епіскап выбраў мяне, таму што мы з табою даўнія сябры, — сказаў Фрыдрых. — І ты давяраеш мне. Раскажы, чаго ты хацеў нас бачыць?

— Вы злавілі жамойта, які ўкраў у мяне гаршчок з вогненнай сумессю.

— Так, — коратка сказаў Фрыдрых. — Ён хацеў забіць епіскапа?

— Зелле магло разарваць на кавалкі сто чалавек, — сказаў Раман.

Жуль зноў скіраваў шар на Кіна, і Ганна ўбачыла, як Кін павольна варушыць рукою, вызваляючы яе.

— А гэта хто? — рыцар раптам павярнуўся да Кіна.

— Я хацеў у цябе спытацца, — сказаў Раман. — Ён запэўнівае, што ён вучань Бертольда фон Гоца.

— Гэта хлусня, — сказаў рыцар. — Я быў у Бертольда перад яго смерцю. Нас, хто мае дачыненне да вялікай тайны магіі і ператварэнняў элементаў, так мала на свеце. Я ведаю ўсіх яго вучняў… Ён хлусіць. Дарэчы, паглядзі, зараз ён вызваліць руку.

— Чорт! — вылаяўся Жуль. — Як ён заўважыў? Раман з хлопцам тут жа кінуліся да Кіна.

— Твая праўда, брат, — сказаў Раман Фрыдрыху. — Дзякуй табе.

Кін быў нерухомы.

— Гэта першы чалавек, які развязаў вузел майго блазна.

— І таму яго трэба забіць, — сказаў рыцар. Раман схапіў з-за стала тоўстую вяроўку і моцна звязаў Кіну рукі.

— Пачакай, — сказаў Раман. — Ён размаўляе па-латыні не горш за нас з табою і ведае імя Бертольда. Хутка вернецца мой блазан і дапытае яго. Ён дапытае яго як трэба. агнём.

— Як хочаш, — сказаў Фрыдрых. — Я чуў, што ты наблізіўся да адкрыцця тайны золата.

— Ага, — сказаў Раман. — Я наблізіўся. Але гэта доўгая праца. Гэта будзе не сёння. Я турбуюся за лёс гэтай працы.

— Ці толькі працы?

— І свой, і маіх памочнікаў.

— Чым мы табе можам быць карысныя?

— Ты ведаеш чым — ты мой даўні знаёмы. Ты страціў руку, калі ў тваім замку адбыўся выбух рэторты, хоць і кажаш, што гэта здарылася ў бітве з сарацынамі.

— Дапусцім, — сказаў рыцар.

— Мне галоўнае — захаваць усё гэта. Каб працаваць далей.

— Пахвальна. Але калі нашыя пойдуць заўтра на штурм, як я магу абяцаць табе бяспеку?

— І не толькі мне, брат, — сказаў Раман. — Ты ведаеш, што ў нас жыве польская князёўна?

Шар зноў прыблізіўся да Кіна. Губы ў Кіна заварушыліся, і шар перадаў яго шэпт:

— Дрэнь справы. Думай, Жуль… Жуль кіўнуў, нібыта Кін мог убачыць яго. І павярнуўся да Ганны — можа, шукаў спачування?

— Калі ты пойдзеш, я не спраўлюся з машынаю? — спыталася Ганна.

— Не, мая дзяўчынка, — сказаў Жуль ціха. — Табе не выцягнуць нас.

Раман і рыцар паднялі галовы.

— Нехта ідзе, — хутка сказаў Раман хлопцу. — Затрымай яго. Я вярнуся. — Рыцар цяжка ўстаў з-за стала і апусціў капюшон.

— Завязаць вочы? — спытаўся Фрыдрых.

Раман махнуў рукою.

— Я выйду з табою. Хутчэй.

Патайныя дзверы зачыніліся за рыцарам і Раманам.

Блазан спусціўся па лесвіцы.

— Дзе гаспадар? — спытаўся ён.

— Не ведаю, — сказаў хлопец.

— Уцёк да ордэнскіх братоў? Не, ён адзін не ўцячэ. Яму ўсё гэта патрэбна… гэтае яго золата… Гэтая яго ўлада і слава.

22

— Жуль, — сказала Ганна, — я ведаю, што рабіць.

— Праўда? — Жуль зноў павялічыў Кінаў твар. Кін глядзеў на блазна.

— Я падобная на Магду. Ты сам сказаў, што я падобная на Магду.

— Якую яшчэ Магду? — у Жулевых вачах была туга.

— Польскую князёўну, Магдалену.

— Ну і што?

— Жуль, я пайду туды. Замест яе.

— Ты што, з глузду з'ехала? Не кажы глупства. Цябе пазнаюць. Мне яшчэ не хапала тваёй смерці. І куды мы князёўну дзенем?

— Ды слухай спакойна. Жуль, мілы, у нас з табою няма іншага выйсця. Хутка будзе світаць. Кін звязаны і бяссільны.