Выбрать главу

— Сілы! — шаптаў Магутны Арол, дакранаючыся да халоднага металу. — Зоркасці!.. Упэўненасці!.. Моцы крылаў!..

Але Абруч ніяк не адклікаўся — не было ў яго бляску таго характэрнага напружання і іскрэння, якія б сведчылі, што просьба прынята і выканана. І Магутны Арол разумеў — прыляцеў сюды дарэмна.

Прыгнецены і стомлены, ён закідваў Абруч пяском, каб святло не пранікала наверх, потым выбраўся з ямы і грозна загадаў:

— Да мяне!

І шулёнкі, што засталіся, умомант былі перад ім; яны не пыталіся, куды падзеліся іх таварышы, — пытацца было парушэннем Улажэння і, значыць, злачынствам.

— Закапаць.

Такая работа звычайна заканчвалася за некалькі хвілін.

— А цяпер вы павінны памерці. Такая мая воля.

— Ёсць, Ваша Недаступнасць! — пачуўся дружны адказ.

Магутны Арол застаўся адзін, узняўся ў паветра і, не зважаючы на непагадзь, кружыўся над гэтым месцам. Бура ўрэшце ўлягалася, гром аддаляўся, вецер супакойваўся. Мора паступова залізвала сляды працы; вось ужо зусім гладкі пясок, вось хвалі перакочваюцца цераз мелізну і дасягаюць скалы, дзе нядаўна хаваліся шулёнкі, а далёка на ўсходзе пачынае матавым адценнем свяціцца неба. Ідзе прыліў...

***

Варта заўважыць, што Магутны Арол усё радзей наведваў сваё патаемнае сховішча. «Гэта мая начная туга ў бурлівае надвор'е — ад хвалявання стыхій у прыродзе, як правільна тлумачыць Гэ-Гэ, — разважаў ён. — Бо я — увасабленне прыроды. Чаго мне лятаць туды? Калі мая галава не здольная прыдумаць новага жадання, дык, значыцца, і няма больш таго, чым я валодаю, і не трэба большага жадаць». А акрамя таго, ён у пэўнай меры зайздросціў Плацінаваму Абручу: «Я ж магу і сам зрабіць тое, што захачу ці што будзе неабходна, я — Аквіла Рэгія, непераможны і найвялікшы, — інакш што ж я за «непераможны і найвялікшы», калі толькі і прашу дапамогі ў нейкага абруча?»

Баяўся ён таксама, што можа стацца: раптам цудам уцалее нехта з шулёнкаў, і тады... Цяжка было ўявіць, што будзе тады...

15

Бяссонніца прыходзіла часам і ў спакойныя ночы, часцей у бязмесячную ціхую пагоду, калі па зямлі разлівалася цёплая млявасць і свет шчасліва заміраў, быццам упіваючыся сваёй бязмежнасцю і дасканаласцю, і зоркі гарэлі асабліва блізка і ярка. Магутны Арол запіраўся ў адным з самых аддаленых пакояў і сюды-туды крочыў там у адзіноце, знемагаючы ад хворых дум і незразумелых жаданняў. У гэтыя хвіліны ён ужо не лічыў, што з'яўляецца ўвасабленнем прыроды, а дасціпнасці і мудрагельства Гэ-Гэ здаваліся яму пустой балбатнёй. І вось, калі туга ўжо пагражала перайсці ў роспач, ён выклікаў Аракульку, і яны гутарылі.

— Што такое жыццё? — пытаўся ён, і яна адказвала:

— Жыццё — гэта рух.

— Ад чаго да чаго?

— З аднаго месца на другое.

На такія тэмы лепш было б не гаварыць з Аракулькай — яшчэ ні разу падобная размова не прыносіла супакаення. Але слухаць гадкую ліслівасць і пустазвонства Гэ-Гэ было яшчэ горш.

— Што рухае?

— Неабходнасць.

— Адкуль неабходнасць?

— Ад жаданняў.

— Адкуль жаданні?

— Ад неабходнасці рухацца.

— Дзе ж тут пачатак і дзе канец?

— Няма ні пачатку, ні канца.

— А смерць?

— Смерць — вяха.

— Што пасля?

— Цемра.

— Ах! — усклікнуў аднойчы Магутны Арол. — Ёсць! Знайшоў! Мяне гняце прадчуванне цемры. І калі смерці не будзе...

— Будзе, — прагучаў адказ.

— Але я магу стаць бессмяротны!

— Жывы труп...

— Пайшла вон!

Раніцай ён раіўся са Строгім Сарычом, і той асцярожна сказаў, што Яго Недаступнасць сталі горш выглядаць.

— Так нядоўга і да хваробы...

— Што ж, — усміхнуўся Магутны Арол, — па-твойму, я магу памерці?

— Гэтага не можа быць, Ваша Недаступнасць! Лекары Вашай Недаступнасці — лепшыя на свеце.

— Лекары, — паўтарыў Магутны Арол і паморшчыўся.