— Як жа ты думаў памерці?
— На полі бітвы.
— На полі бітвы... Добранькае ж поле ты нагледзеў сабе... Гэтак подла ашукаць мяне... А ты ж быў сябрам. Сокал, той — мой сабака, а ты быў сябрам. Ты памятаеш нашы паляванні? Ты, значыць, для таго ўгаворваў мяне адлучацца з замка, каб плесці сеткі здрады? Так, відаць, такі настаў час, Сарыч, што і сябрам веры няма. Бывай жа. Памры стойка.
І з гэтымі словамі Магутны Арол выйшаў, выціраючы слёзы.
Тры дні правёў ён на адзіноце ў патаемным пакоі, на чацвёрты ім раптам авалодаў небывалы прыступ лютасці. Ён уварваўся ў спальню Прыгожай Галубкі (яна якраз займалася перадабедзенным туалетам), выгнаў соек і раз'юшана закрычаў:
— Распусніца! Здрадніца! І ты з ім заадно? Ты, якую я падабраў на сметніку і зрабіў царыцай, хоць у паскудных тваіх жылах няма ні кроплі арлінай крыві! Ты, якая стала б звычайнай дзеўкай у карчме трэцяга разраду! І ты пасмела зганьбіць маё імя! — І тут ён пачаў зрываць з яе царскае ўбранне.
— Мілы, — шаптала яна, ледзь не трацячы прытомнасці, — Ваша Недаступнасць! Памылка... малю... выслухайце...
— Маўчаць!!!
І на гэтым біяграфія Прыгожай Галубкі «мела, як піша Пасвячоны, свой канец». А фрэйліны яе былі аддадзены на пацеху інтэндантам-канюкам, а потым пасланыя ачышчаць лясы ад шкодных жучкоў.
Надышлі цяжкія часы. Прыёмы і аўдыенцыі былі адменены, установы, дзе можна было б прыемна пасядзець і весела прабавіць час, — замкнутыя, ранішнія прагулкі не практыкаваліся. На месца Старога Сарыча, з захаваннем ранейшых абавязкаў, быў прызначаны яго раўнадушнасць Зоркі Кондар, які адразу выдаў Улажэнне, што забараняецца па начах запальваць святло. І толькі працягваліся выхады на паляванне. Тут Магутны Арол адпачываў душой і целам.
18
Пад скляпеннямі замка часцей пачаў снаваць Ціхі Дзяцел; ён вызначаўся здзіўляючай здольнасцю з'яўляцца і знікаць у самых нечаканых месцах і самым нечаканым чынам. Яго баяліся ўсе. Але разам з тым лічылі, што ён выконвае працу дужа надзвычайную ў дадзенай сітуацыі — Строгі Сарыч меў нямала сваякоў, і нічога асаблівага не было ў тым, што адзін за адным выяўляліся ўсякага роду казнакрады і ліхадзеі, хлусы і прайдзісветы, якімі былы вяльможа ў свой час шчодра сябе акружыў. І Ціхаму Дзятлу стараліся па магчымасці дапамагаць.
За кароткі час сышлі са сцэны Верны Сапсан і Адцаны Крэчат, якія выкарысталі службовае становішча ў мэтах кантрабанды, Важны Бусел, што парушыў «Улажэнне пра самаўпраўства», Бадзёры Страўс за тое, што спрасонку прагаварыўся аб нейкіх «іншых мацерыках», і яшчэ многія.
Чарга дайшла, нарэшце, і да Гэ-Гэ. Пры ўважлівым вывучэнні яго трактатаў высветлілася, што ўсе да аднаго яны спісаны з чужых, што ён толькі тым і займаўся, што хваліўся сваім сваяцтвам з уладаром, быў дужа пражэрлівы, многа спаў і прысвойваў сабе чужыя думкі. Калі нарэшце ўсё раскрылася і Гэ-Гэ пра гэта даведаўся, ён тут жа памёр ад разрыву сэрца.
Пасля гэтых мер аднавілася адносна здаровая абстаноўка.
19
Да гэтага часу не магу зразумець, чаму яны прычапіліся да гэтых шалапутаў, што п'юць гарбату на беразе возера. Ну наткнуліся выпадкова, а потым чаго чапляцца?
Пасвячоны пераконвае, што гэта нездарма і што бесклапотны юны нобл — Другі, значыць, — які патрабаваў яшчэ і яшчэ раз вярнуцца да «трох філосафаў», зусім не такі ўжо бесклапотны, бо ён, бачыце, улавіў нейкую там сувязь паміж тымі галубчыкамі і дафніямі і не быў абвергнуты Настаўнікам. Першаму ён у сваёй жартаўлівай манеры сказаў, што, значыцца, ніякія гэта не мясцовыя «вышэйшыя», а, відаць, ноблы, якія акліматызаваліся на планеце Хі, і прыяцель яму адказаў, што не чакаў такога легкадумства.
І вось яны, нягледзячы на пратэсты Першага, пачалі ганяць свой эвальвентар сюды і туды, і «філосафы» з'яўляліся то зусім галадранцамі, то ў касмічным адзенні, і мова іх, якая толькі што была грубая і непісьменная, раптам рабілася культурнай, а то і настолькі перасыпанай вучонымі слоўцамі, што, далібог, я і ў апісанні Пасвячонага нічога амаль не мог зразумець.
Не ведаю, нашто ім — Другому і яго Настаўніку — патрэбна была гэта камедыя. Але нарэшце высветлілася, што іх «філосафы» ці нейкія акцёры, ці дыялектолагі, якім трэба было апусціцца, каб здабыць, бачыце, некаторыя спецыяльныя веды. А потым Другі хітра ўсміхнуўся і сказаў, што ўлоўлівае падабенства старэйшага з «філосафаў» з іх Вялікім Магістрам (загадчыкам, ці што, гэтай Студыі Прагнозаў?) і што той нібы таксама носіць з сабой нейкую там пасудзіну. На што Першы адказаў, што гэта ўжо поўны здзек і ў такіх умовах вучэбную практыку праходзіць немагчыма. Другі раптам сур'ёзна запярэчыў, што практыка — самая найлепшая, што ніколі, бачыце, перад ім не паўставала столькі значных пытанняў, як цяпер.