Ён так захапляўся, што забываў, куды ляціць, а калі схамянаўся, то бачыў: унізе чарнее зямля, а ўдалечыні чарнее лес, а ў абмялелых рэках кішаць усялякія стварэнні і цьмянае сонца садзіцца за далягляд, выпраменьваючы злавеснае і напышлівае святло. Ляцець да Абруча? Усё паўтарыць нанова?
Магутны Арол апісаў круг і ляцеў у замак. «Не, — казаў ён сам сабе стомлена. — Не будзе паўтарэння. І не трэба паўтараць...»
Неяк уночы ён раптам прачнуўся, нібы нехта яго паклікаў. Ці гэта яму прыснілася, ці хваравіты стан выпадкова выдаў той вокрык — у першыя секунды нічога немагчыма было зразумець. Ён устаў, прайшоўся, выглянуў праз акно: ноч была цёплая і месячная, стаяла мёртвая цішыня. Ён падышоў да дзвярэй — за імі стукала сэрца Старэйшага Сокала і Магутны Арол зразумеў, што трэба рабіць. Цела яго ныла і хвалявалася, нібы ён вось-вось мусіў кінуцца на ворага.
— Сокал? — гучна, як калісьці раней, паклікаў ён.
— Ёсць, Ваша Недаступнасць!
— Дваццаць шулёнкаў! — Ён не адважыўся загадаць «сорак», як раней: колькасць іх ужо значна зменшылася.
— Ёсць...
І ўсё было па-ранейшаму: палёт, мора, чаканне і — спакойны голас: «А цяпер вы павінны памерці...» Толькі ўмяшання пана ўжо не трэба было — усе шулёнкі памерлі самі, такія яны былі слабыя: невялікая натуга, сутарга і — канец... Ён прыпаў да Абруча і прастагнаў:
— Хачу бяссмерця! Хачу бачыць вочы далёкага нашчадка, калі ён вымавіць маё імя! Хачу ведаць гэта невядомае «потым»...
І святло Абруча напружылася і заіскрылася.
21
«Яны зноў, — чытаем у Пасвячонага, — прывялі ў дзеянне свой абскуратар і зніклі, і, такім чынам, я застаўся ўбаку. Трэба думаць, яны стаміліся і пажадалі зрабіць перапынак і неабходныя маніпуляцыі для аднаўлення сіл, маніпуляцыі, сведкам якіх я не мушу быць.
Кожны раз, калі яны «знікалі», мяне здзіўляла не тое, што яны не рызыкуюць даверыць мне пэўных сваіх ведаў, але тое, што яны дасканала ведаюць, чаго мне ведаць нельга, а што — можна. Мне дазвалялася быць сведкам сапраўдных цудаў — ноблы не баяліся іх паказваць, цвёрда верачы, што я не зразумею прынцыпу. І раптам — абскуратар! Значыцца, зараз адбудзецца нешта такое, што, можа, і я зразумею. Значыцца, яны хацелі засланіць ад мяне даступнае. Што?
Раскрываючы свае «цуды», ноблы не баяліся і здзівіць мяне, гэта значыць выклікаць у мяне пачуццё звышнатуральнасці, — яны былі перакананыя, што не выклічуць; інакш кажучы — проста ведалі, што я не зразумею, але не стану шукаць звышнатуральных прычын, што мы, зямляне, не палічым незразумелае за звышнатуральнае і не будзем падаць ніц, як падалі перад зіхаценнем маланак і ўдарамі перуноў нашы далёкія продкі. Так, добра яны ведаюць нас, гэтыя ноблы. І цяжка ім было памыляцца адносна мяне, істоты, якая назірае з транскамунікатарам у руках — вядома, недасканалым з іх пункту гледжання, але ўсё ж здольным аўтаматычна перакладаць незнаёмую мову.
Такім чынам, яны зрабіліся нябачныя, а я пачаў чакаць іх з'яўлення і пакуль што раздумваў над убачаным і пачутым. Я думаў над гіпотэзай — «ноблы прэтэндуюць на нашу Зямлю». Магчыма, Н-6813 меншая за Зямлю і ноблаў, па ўсёй верагоднасці, менш, чым нас. Аднак узровень ведаў і тэхнічныя магчымасці робяць іх намнога больш магутнымі. Ім у сябе цесна, і гэта сур'ёзная акалічнасць. Адсюль наша задача: хутчэйшае і мацнейшае аб'яднанне на падставе лепшага, што ёсць у лепшых з нас. «За рукі возьмемся, сябры», як сказаў паэт мінулага веку.
Але ёсць і другая гіпотэза: «ноблы шукаюць з намі кантакту, які разумеюць адпаведна сваёй лагічнай сістэме». І калі яны пакуль яшчэ не ідуць на непасрэдны дыялог, то таму толькі, што не маюць дакладных і поўных, на іх думку, ведаў пра нас. Адным словам, праяўляюць асцярожнасць.
Магчыма (і да гэтага я схіляюся ўсё больш), справа не ў адной асцярожнасці, а і ў тым, што ноблы неаднолькавыя, гэта значыць — мысляць неаднолькава. Адны больш ваяўнічыя, кажучы нашай мовай, і прагнуць атрымаць жыццёвую прастору сілай, другія ж, мяркуючы па ўсім, настроены інакш. Гэта значыць, паміж першымі і другімі няма поўнай згоды, што, трэба думаць, таксама затрымлівае ажыццяўленне іх планаў.
Такі вывад напрасіўся ў мае разважанні, калі я думаў пра Настаўніка юнакоў, які пажыў ужо на Зямлі і якога немагчыма адрозніць ад чалавека. Яго погляд, паводзіны, яго словы... Няма сумнення, што ён належыць да другіх у маім умоўным, прыблізным іх падзеле.