Выбрать главу

Я ўвесь час адчуваю, што паміж ім і мною нібы тэлепатычная сувязь. Ён заўсёды як быццам падказвае мне: вось тут трэба засяродзіць увагу, а тут — аслабіць, зразумейце маю працу правільна, гэта сур'ёзна. А я быццам падтакваю, прашу тут запаволіць, там паскорыць...

Урэшце, час: я адчуў невыразны сігнал, зараз яны працягнуць...»

***

Божа мой, яны яму марочаць галаву, а ён ім падтаквае.

Цяжкавата тут, пасля гэтага месца «Запісак», не западозрыць нашага Пасвячонага ў залішняй даверлівасці і мяккасардэчнасці. Але што зробіш: ён — Пасвячоны.

22

Магутны Арол перажываў першыя дні бяссмерця. Цялесных змяненняў ніякіх не было, толькі ўсярэдзіне нібы нешта спынілася і зацвярдзела. Не адчувалася і прыліву сіл, на які ён так разлічваў. Затое з'явіліся дасюль незнаёмыя, якія нарасталі, быццам прыступы, адчуванні пазачасавасці і абыякавасці да ўсяго. Ён ужо не харашыўся перад люстэркам, не сачыў за сваёй знешнасцю, а хадзіў з апушчаным хвастом і валочачы крылы; апярэнне яго звалялася і набыло той неканкрэтны колер, які звычайна лічыцца адзнакай або поўнай адлучанасці ад надзённага, або — хваробы. Ён ужо амаль не выходзіў са спальні, і спатрэбілася зусім мала часу, каб ён яшчэ адвык мыцца, праветрываць пакой і лічыцца з тым, што ад яго кепска пахне. Ціхі Дзяцел збянтэжана адварочваў сваю доўгую дзюбу і даваў інфармацыю, амаль не раскрываючы яе. Ён даносіў на Аракульку, але Магутны Арол адмахваўся:

— Не мароч мне, нарэшце, галавы.

І той таропка пакідаў яго.

Спачатку Магутны Арол цешыў сябе думкай, што будзе жыць вечна, ВЕЧНА! Аднак неўзабаве ён так асвойтаўся, што пачуццё «вечнасці» зусім прапала, і замест яго ўзніклі пустата і холад, а ўсё, што адбываецца наўкола, здавалася міражом або выдумкай. І яму было дзіўна, што нехта ўваходзіць, кажа «Ваша Недаступнасць», прыносіць абед, і толькі потым аслаблая памяць падказвала імя таго, хто ўваходзіў, — «Сокал».

А ўладанні яго канчаткова заняпалі: амаль усё жывое вымерла, рэкі перасохлі, як быццам яны тут і не цяклі ніколі. Потым пайшлі яшчэ і пажары: у адным месцы загарэлася ад навальніцы і так полымя пачало шугаць ва ўсе бакі, што не суняло яго ні дажджом, ні паводкай. Пасля гэтага зямля зрабілася роўная, чыстая і цёмная. Дарэмна над папялішчам рыскалі шулёнкі — ні адно стварэнне не трапляла на вочы, ні адзін рух жыцця не ажыўляў пустыні. Толькі вецер паднімаў слупы попелу і пылу, і яны, упіраючыся ў неба, ламаючыся і ўючыся, несліся да мора. І шулёнкі прыляталі ні з чым, ачмураныя спякотай і жахам, і Старэйшы Сокал забіваў каго-небудзь з іх і нёс Яго Недаступнасці на абед. З гэтай прычыны шулёнкі пачалі ў вялікім страху разлятацца: адны стараліся прабіцца за мора, другія — праз пажарышча, але большая частка гінула, бо прасторы былі шырокія, а шулёнкі знясіленыя.

Тады Старэйшы Сокал замкнуў астатніх, хто не ўцёк, у падземныя казематы, выводзіў па адным, забіваў і нёс пану; рэшткі ж царскай трапезы пажыраў сам. А шулёнкі, каб не памерці з голаду, рылі ў казематах зямлю і харчаваліся карэннямі, гніллю і мышамі, калі яны трапляліся. Яны зусім адзічэлі і, мабыць, неўзабаве пачалі б пажыраць адзін аднаго, як пацукі, калі б Старэйшы Сокал не здагадаўся трымаць іх кожнага асобна.

Невядома, чым жывіўся Старажытны Крумкач; невядома таксама, як гібела Зязюля, затое дакладна вядома, што Ціхаму Дзятлу жылося прывольна. У замку развялася процьма насякомых: яны тачылі ўсё, што паддавалася тачэнню, мноства іх поўзала, лётала, скакала па ўсім замку, і Дзятлу заставалася іх спакойна глытаць.

Магутны Арол тым часам зрабіўся абыякавы да ўсяго. Ён гаманіў толькі са Старэйшым Сокалам і толькі пра самае звычайнае; часцей жа ён сядзеў і драмаў і ні пра што не думаў. Ні голад, ні прага яго не даймалі — бо ні галодная і ніякая смерць яму не пагражала: яна не можа пагражаць бессмяротнаму. Таму прынашэнні Старэйшага Сокала з'ядаліся ляніва, па звычцы, без ніякага задавальнення.

А ўвогуле ён не адчуваў ніякай няёмкасці, яму было проста ўсё роўна. І так дні ішлі і ішлі, але нічога не мянялася.

23

Аднойчы вечарам, калі Магутны Арол драмаў на сваёй няўтульнай пасцелі, за дзвярыма пачуліся галасы.

— Нельга! — чаканіў Старэйшы Сокал.

— Вельмі важна! — настойліва казаў ціхі голас.

— Яго Недаступнасць адпачываюць!

— Прэч!

Тут Магутны Арол канчаткова прачнуўся і крыкнуў: