А скажы, што ты пакінуў пасля сябе? Якую частку дабрыні можна вымераць? Якую справу назавуць тваім імем?.. Разбурэнні. Дык колькі ж каштуюць воля твая і веліч твая? У імя чаго яны? У імя чаго ты?..
Я ведаю — ты заб'еш мяне. Але чаго гэтым дасягнеш? З вечным жыццём ты прыняў вечную кару: кожны твой учынак, кожны крок, ад якога табе лягчэй сёння, заўтра зробіцца горкім, вялікім цяжарам. І так будзе заўсёды. Такі шлях твой — сам ты яго выбраў, назад не павернеш. Плацінавы Абруч, як табе вядома, не забірае назад бяссмерця, ён можа яго толькі даць.
Так, я запісаў пра твае справы. Твой прахвост, Дзяцел, усё ж падгледзеў, шэльма, хоць і давялося яму пахітраваць. А напісаў — для навукі каму-небудзь. Хто ведае: можа, калі-небудзь хто знойдзе Плацінавы Абруч і, ведаючы твой прыклад, моцна задумаецца, раней як дакрануцца да яго і выказаць жаданне. І вось памятай, Арол: хоць ты і мацнейшы за мяне, а запісак маіх табе не бачыць. Ты ніколі не знойдзеш іх, калі нават перакапаеш усё сваё царства... А цяпер — воля твая, Ваша Недаступнасць...»
Маўчанне, адзначае далей Пасвячоны, працягвалася доўга.
Нарэшце ўладар узняў змрочны позірк, абвёў сваю спачывальню і, спыніўшыся на брамніку, сказаў:
— Уважліва слухаў я цябе, Крумкач... Шкада, не ведаў, што ты гэткі забаўны выдумшчык, а то паклапаціўся б раней... І за тое, што ты не пабаяўся расказаць такую гісторыю праўдзіва і чэсна, вось табе мая воля: ідзі і жыві, ніхто цябе не кране. І мірна пішы далей, я не пярэчу.
Усміхнуўся Старажытны Крумкач, пакланіўся і выйшаў.
Той жа ноччу царскі брамнік раптоўна сканаў у сваёй каморцы.
24
Мінуў час.
Старэйшы Сокал аслеп ад старасці. Ён дзяжурыў ужо не за дзвярыма, а ў самой царскай спачывальні. Як і раней, ён выконваў усе — ужо рэдкія цяпер — даручэнні свайго пана, карыстаючыся адным толькі сваім нюхам, так што страта зроку хоць і недахоп, але ўжо не такі, каб дужа засмучацца. Ён адчуваў кожны рух уладара, кожнае жаданне Магутнага Арла адразу рабілася і яго жаданнем, кожнае слова найвышэйшага было адзіным, што мела сэнс і значэнне. Магчыма, Старэйшы Сокал дагэтуль не памёр толькі таму, што на гэта не было загаду, а значыць, і права.
Шулёнкі скончыліся — Старэйшы Сокал выцягнуў з каземата апошняга.
— Іх больш няма, Ваша Недаступнасць. Магутны Арол паглядзеў на ўбогую кучачку пер'я і грэбліва адвярнуўся.
— Можаш з'есці яго сам.
І целаахоўнік адразу адказаў: «Ёсць!»
І з таго часу для харчавання пачаў лавіць мышэй. Калі ўжо і мышы ўсе перавяліся, ён прапанаваў на абед сябе.
Магутны Арол пачаў яго супакойваць, загадаў не падаць духам і спадзявацца, што заўтра з мышамі пашанцуе. Але Старэйшы Сокал упершыню за шматгадовую службу запярэчыў пану:
— Ваша Недаступнасць павінны абедаць... І калі я нічога не знайшоў...
Бачачы, што спрачацца справа марная, Магутны Арол абяцаў падумаць, і ад'ютант у сваім куточку каля дзвярэй змоўк, і нішто больш не трывожыла яго душы.
Ён чакаў увесь дзень і ўсю ноч, і наступны дзень, і наступную ноч, але ўладар ніякіх адзнак голаду не выказваў.