Выбрать главу

Праз тры дні Старэйшага Сокала апанавала забыццё, яму здавалася, што ён — у вялікай светлай зале, а вакол — безліч тоўстых тлустых мышэй, і ўсе яны глядзяць на яго і навыперадкі просяць іх з'есці. Ён зрабіў крок да бліжэйшай, але закружылася галава, падкасіліся ногі, і ён паваліўся, раскінуўшы крылы. Адразу ўсё знікла, і Старэйшы Сокал прыпомніў, дзе знаходзіцца, і зразумеў, што памірае.

— Хто там? — пачуўся грозны вокліч.

Ён хацеў устаць, але сіл хапіла толькі на тое, каб падцягнуць крылы.

— Гэта ты? — спытаўся Магутны Арол і нахіліўся над ім.

— Я зараз, Ваша Недаступнасць, — прашаптаў ён, і слёзы пацяклі з яго невідушчых вачэй, ніколі за сваю доўгую службу ён не быў перад Яго Недаступнасцю ў такім бездапаможным становішчы.

— Ану, — сказаў Магутны Арол, — супакойся. Ты знясілеў ад голаду. Зараз я пайду і пашукаю табе чаго-небудзь. Усё мінецца. Хочаш, я прынясу табе Зязюлю? А то мы зусім забыліся пра гэтую падлюгу-манюку. Дык вось я і прынясу табе яе, чаго з ёй цырымоніцца!

— Я паміраю, — ледзь вымавіў Старэйшы Сокал і заплакаў яшчэ мацней. — Няхай Ваша Недаступнасць даруюць мне за такую подласць, што пакідаю Вашу Недаступнасць у адзіноце. Але я сумленна служыў... — Слёзы яго былі горкія і пякучыя.

— Ах, сябра мой, сябра, — вымавіў Магутны Арол і пагладзіў паміраючага крылом. — Сапраўды, ты служыў мне шчыра, ты адзіны, хто быў бескарыслівы і адданы мне да канца. Бывай жа, мой верны таварыш.

І яго высокасцярвятніцтва Старэйшы Сокал Магніфікус Альціволанс суцешыўся і заплюшчыў вочы.

Так Магутны Арол застаўся адзін.

Адзічэлы, ён сноўдаўся па замку — то ў поўным бяспамяцтве, то хаваючыся ад неіснуючых ворагаў і клічучы на дапамогу неіснуючых сяброў. Часам ён ужо не цяміў, хто ён і што вакол яго. А калі памяць прасвятлялася, ён мярцвеў ад думкі, што гэтак будзе заўсёды, заўсёды...

Ён прыгадаў Аракульку і радаваўся, што не аддаў яе з'есці свайму ад'ютанту ў хвіліну душэўнай расслабленасці. Хадзіў па ўсіх пакоях, заглядваў ва ўсе нішы, клікаў, але дарэмна — Зязюля хавалася ад яго. Заходзіў у былую залу прыёмаў, глядзеў на пачарнелы трон, пакрытыя плесняй сцены і абваленую столь і ніяк не мог успомніць, якое гэта памяшканне.

— Ку-ку! — гучала ўвышыні і сціхала пад скляпеннямі.

— Аракулька! — старэчым голасам загадваў Магутны Арол. — Зараз жа ідзі сюды! Чуеш? Я патрабую!

— Ку-ку!

— Аракулька! — прасіў ён. — Не бойся! Я ж пажартаваў, прапануючы цябе Сокалу. Гэта былі толькі словы, я ж заўсёды адносіўся да цябе па-сяброўску. І мне цяпер дужа трэба пагаварыць з табою...

— Ку-ку! — адклікалася цішыня, і са столі сыпалася парахня.

— Аракулька! — упрошваў Магутны Арол, не выціраючы слёз. — Злітуйся! Я проста вар'яцею ад суму. Ну папрасі чаго-небудзь! Хочаш, я дам табе бессмяротнасць? Ты ведаеш, я ж бессмяротны! І вось я згодны перадаць гэта табе. Хочаш?

І толькі непарушнае маўчанне было адказам...

— Не! — як паранены, крычаў Магутны Арол. — Памыляўся гэты стары бязмозгі ідыёт Крумкач. Памыляўся! Плацінавы Абруч не ключ да Праўды... Якая ж яна сама, гэта Праўда! Яна ж халодная і жахлівая. Яна мёртвая... Аракулька, скажы, скажы, колькі яна каштуе, такая Праўда? Колькі яна каштуе, калі ёю не карыстацца...

***

І тут, на жаль, зноў пропуск: ноблы зніклі. Затое потым, да самага канца, Пасвячоны бачыў усё вельмі добра.

25

Аднойчы ясным павольным ранкам Магутны Арол, несвядома блукаючы па замку, выпадкова забрыў у кабінет, дзе калісьці была Галоўная Канцылярыя. Ад крэслаў і сталоў засталося толькі ламачча, каваныя шафы аселі, заржавелі і раскляпаліся, з прагнутых паліц спаўзалі стосы тоўстых папак. Па сценах сцякала брудная слізь, капала са столі, усё было зацягнута густым і ліпкім павуціннем. Адна з папак была раскрыта, і праз плесню і гніль неразборліва праглядвала наступнае:

«...высо...ша загадваю ў ...лейшым назы...ць поўн... імем аквіла рэгія інвіктус максі... ..ма векі ...оў ...».

Ён апусціўся на падлогу, побач з папкай. Прамільгнула здзіўленне: няўжо гэта было калі-небудзь важна?

Доўгі час ён быў у нерухомым стане. Потым устаў і выйшаў. Хада яго была нечакана цвёрдая, позірк мэтанакіраваны.

Ён падняўся на адну з яшчэ ўцалелых вежаў, стаў на ветры і пачаў абтрасацца, счышчаць з сябе гразь, і гэта заняло нямала часу. Нарэшце ён скончыў і зычна гукнуў уніз:

— Бывай, Аракулька! Бывай, Зязюля!

Потым узмахнуў крыламі, упэўніўся, што моц у іх яшчэ ёсць, і ўзняўся ў паветра.