Выбрать главу

— Па-мойму, я ўжо адчуваю...

— Настаўнік! — стомлены позірк Першага спыніўся на старэйшым. — Ты атрымаў і экранізаваў інфармацыю гэтай дзіўнай птушкі!

— Запіскі Крумкача? — задуменна перапытаў Настаўнік. — У такім разе як жа быць з той часткай экранізацыі, якая ідзе за смерцю брамніка?

— У птушкі былі меркаванні, прагноз. Ты экранізаваў гэты прагноз. З таго, што зафіксавалася ў яе мозгу, лёгка стварыць лагічны ланцуг. І калі ён абарваны, не цяжка будзе яго ўзнавіць.

— Нас вучылі, Настаўнік, што ты можаш усё, — смеючыся, сказаў Другі.

— Вы, мабыць, вырашылі, што я ашукаў вас?

— Не, — сумеўся Другі. — У цябе, відаць, была пэўная вучэбная мэта.

— У цябе была мэта, — згадзіўся Першы.

— Так, — сказаў Настаўнік. — У мяне была вучэбная мэта. Вы сталі сведкамі эвалюцыі ніжэйшага. Падрыхтоўчы этап скончаны. Што цябе бянтэжыць? — звярнуўся ён да Першага. — Эвалюцыя лонаў Хі не скапіравала эвалюцыі нашых лонаў, якую табе прадэманстраваў вучнёўскі эвальвентар? А табе хацелася б, каб скапіравала?

— Не.

— Дык што ж цябе бянтэжыць? Ты ж цяпер пераканаўся, што нашы лоны і гэтыя — розняцца. На жаль, у цябе былі прабелы — вучнёўскі эвальвентар быў недасканалы, і ты не ўбачыў піка эвалюцыі. Затое ты ўбачыў пік гэтай эвалюцыі. Так, вынікі супалі. Але ж гэта не азначае, што і пікі супадаюць, ці не так? Або цябе бянтэжыць магчымасць экранізацыі чыёй-небудзь інфармацыі і прагнозаў. Урэшце, ці чыстая тут работа эвальвентара або экранізацыя паслядоўнай інфармацыі — у любым выпадку ты ўбачыў сапраўдны малюнак. Што ж усё-такі цябе бянтэжыць?

— Я, — ціха прашаптаў Першы і апусціў вочы, — і тады бачыў пік. Мой вучнёўскі эвальвентар працаваў нармальна.

— Значыць, ты ведаў! — радасна ўсклікнуў Другі. — Ведаў, што тэорыя Спіу правільная?!

— Ён ведаў, — мякка сказаў Настаўнік, пыхкаючы люлькай. — Ён бачыў пацвярджэнне тэорыі Спіу, але не верыў сваім вачам. Так, мы паходзім ад лонаў. Шматмільённагадовая эвалюцыя зрабіла нас такімі, якія мы ёсць. Мы рынуліся на планету Хі. Але тут нам па незразумелых прычынах здрадзілі наша мэтанакіраванасць, наша стойкасць і рашучасць. Мы чамусьці зрабіліся вялыя і маларухомыя, мы пачалі дапускаць шматзначныя адказы на пытанні, намі авалодалі «страхі», мы пачулі ў сабе незразумелыя хваляванні, нашу існасць пачалі хваляваць гукі, пахі і фарбы, малюнкі прыроды, якія мяняюцца. Але гэтыя акалічнасці не прыгняталі нас, а, наадварот, як бы вызвалялі ад чагосьці пакутлівага і цяжкога. Спецыфіка планеты?.. Урэшце, многія з нас пазбавіліся ваяўнічых памкненняў і змяшаліся з мясцовымі, а іншыя, хто спалохаўся такіх дзіўных зменаў, пайшлі назад, дамоў, і там вымерлі. Ты гэта бачыў, мой хлопчык?

— Так, Настаўнік, — нібы паўсонны, адклікнуўся Першы. — І таму тут апынуліся лоны... Але я не мог зразумець, як мы, якія настолькі пераўзыходзім іх ва ўсіх галінах ведаў, як мы аказаліся пераможанымі? Што гэта за невядомая зброя, дзякуючы якой яны перамаглі?

— Гэта — каханне, — сказаў Настаўнік.

Яны доўга маўчалі. Нарэшце Першы прагаварыў:

— Я не быў гатовы да палёту. Але не мог прызнацца ні табе, ні Савету Студыі.

— Ты быў гатовы, — кіўнуў Настаўнік. — Быў гатовы.

— Нам далі няправільную інфармацыю! Мы нічога не ведаем пра жыхароў Хі!

— Мы ведаем аднабакова. І няма нічога горшага за аднабаковыя веды. Каб ведаць іх, трэба жыць з імі.

Другі сеў на траву, потым лёг.

— Настаўнік! Я не чую, пра што ў вас гаворка. Я не хачу слухаць. І не магу зразумець, чаму гэта так. Ты навучыў нас іх мове, іх звычам, іх манерам адчуваць і выказваць сваё адчуванне. І мне хочацца сказаць на іх мове: мне добра тут... Ты казаў «фарбы, гукі, каханне...». Пакажы ж нам яго — я не хачу ніякіх эксперыментаў.

Настаўнік паглядзеў на Першага.

— У нас ёсць заданне! — вымавіў той.

Другі заплюшчыў вочы, дыханне яго стала глыбокае і роўнае.

— У нас ёсць заданне! — паўтарыў Першы. — Калі вернемся ні з чым, нас дыскваліфікуюць. Назаўсёды.

— Ты павінен падумаць і выбраць, — ціха прагаварыў Настаўнік. — Ты свабодны ў выбары.

— Нам патрэбна эвалюцыя разумнага Хі!

— Ты яе атрымаеш.

У гэты час з шамаценнем расхінуліся кусты на ўскрайку лесу і на паляну выйшла дзяўчына. Першы здзіўлена паглядзеў на свайго Настаўніа, — чаму, бачыце, той не ўключае абскуратара, — і сам пацягнуўся да апарата. Але Настаўнік затрымаў яго руку. Другі ўсхапіўся. Усе тры пачалі глядзець на дзяўчыну.

А тая стаяла ў светлым адзенні. Яна была статная і лёгкая. Тварык — адкрыты і прыветлівы, з ледзь-ледзь раскосымі вачыма; з-пад лейкападобнага капялюшыка спадалі на шыю бліскучыя чорныя валасы. Яна нешта напявала. Потым азірнулася, нічога, мабыць, што б магло яе бянтэжыць, не заўважыла і спакойна пачала рваць кветкі.