Выбрать главу

— Хто гэта? — шэптам спытаўся ў Настаўніка Першы.

— Гэта — чалавек.

І тут Другі імгненна пераапрануўся: замест бліскучага аблягаючага камбінезона на ім былі закасаныя, як у Настаўніка, штаны, белая кашуля, хустачка вакол шыі і гэткі ж капялюш лейкай. Ён паглядзеў на таварышаў, адвярнуўся, расставіў рукі і пайшоў насустрач дзяўчыне, напяваючы ў тон ёй няхітрую мелодыю.

Першы напружыўся, нібы хацеў кінуцца следам, але зірнуў на старэйшага і застаўся на месцы; рукі яго павіслі ўздоўж цела.

— Ён не вернецца, — сказаў Настаўнік.

Другі адыходзіў усё далей; дзяўчына заўважыла яго, узмахнула букетам і засмяялася.

— Я мушу даць яму апошні наказ, — сказаў Настаўнік. — Я зараз вярнуся, і мы зоймемся эвалюцыяй разумнага Хі. Цяпер ты бачыў яго.

Ён адышоў толькі на некалькі крокаў, як раптам нешта шчоўкнула. Настаўнік павярнуўся: Першы адчыніў люк астралёта і нырнуў у яго. У наступнае імгненне паветра над тым месцам стала гусцейшае, здрыганулася, паднялося лёгкае воблачка пылу і — усё знікла.

Доўгім позіркам глядзеў Настаўнік у неба, а калі апусціў вочы, на паляне ні дзяўчыны, ні Другога ўжо не было.

«Паспяшаўся далей ад гэтых мясцін і я, — піша Пасвячоны, — бо заставацца тут далей не было патрэбы. Хаваючыся за кустамі, цягнучы за сабой ужо не патрэбны цяпер транскамунікатар, я выбраўся туды, дзе стаяла замаскіраваная мая ракетка. І ўжо калі набраў вышыню і імкліва ляцеў у патрэбным мне напрамку, я ўвесь час нібы адчуваў на сабе нейчы далёкі ўсёбачны позірк; у свядомасці ўзнікалі цьмяныя вобразы, сэнс якіх быў добры. І я зразумеў, што гэта — Настаўнік-нобл развітваецца са мною».

***

Да сказанага дадаць няма чаго, акрамя хіба таго, што, паводле чутак, наш Пасвячоны ўступіў з нобламі ў непасрэдны кантакт (праз гэтага Настаўніка, трэба меркаваць) і ў хуткім часе мы даведаемся аб выніках гэтага кантакту.

Уладзімір Шыцік. Агеньчык у цемры

Можна было чакаць, што адбудзецца землятрус, наваліцца снежны буран, урэшце, выпадзе метэарытны дождж. Усё гэта магло здарыцца, хоць, як паказвалі даследаванні, планета была старая і падобныя з'явы, у тым ліку метэарыты, для яе былі надзвычай рэдкія. Але гэта?..

Скрут заплюшчыў вочы, каб адагнаць прывід. Але калі ён адкрыў іх, то ў начной цемры, якраз пад яркай блакітнай кропкай Сірыуса, што вісеў над самым небасхілам, свяціўся чырванаваты агеньчык.

Нібы каб падражніць Скрута, ён бліснуў раз, другі, трэці і згас. Скрут прастаяў, напэўна, цэлую гадзіну, чакаючы, ці не з'явіцца гэта чырвоная кропка зноў. Аднак цемра нібы яшчэ больш пагусцела, і ён вобмацкам, не адважваючыся чамусьці запаліць ліхтар, сабраў некалькі камянёў і склаў іх у грудок, каб заўтра, калі развіднее, знайсці гэта месца.

На планеце зусім не было жыцця. Нават калі б упаў метэарыт, яму не было тут што падпаліць — каменне і пясок не гараць.

Скрут імкліва павярнуўся ўсім корпусам, азірнуўся. Ззаду была тая ж цёмная і сіняя ноч. Над галавой па-ранейшаму блішчалі спакойныя, нерухомыя зоркі. Скрут уздыхнуў, сцяў зубы і, стараючыся не прыспешваць хады, пайшоў уніз, дзе ля падножжа ўзгорка стаяў яго ўсюдыход.

Агні ўсюдыхода крыху супакоілі. Скрут сеў, паклаў рукі на пульт. Ён ужо хацеў быў аддаць каманду электроннаму вадзіцелю, як раптам, зусім неспадзявана для сябе, выключыў асвятленне кабіны. Навокал, аднак, нікога не было. Ніхто не стаяў побач і не свідраваў яму патыліцу крыважэрным позіркам. Скрут нахмурыўся, пусціў усюдыход. Але і аддаліўшыся ад таго месца, не ўключыў святла. І ўсю дарогу не мог пазбавіцца ад пачуцця, быццам нехта нябачны плыве побач.

Вярнуўшыся, Скрут расказаў усё Балашу. Той уздыхнуў. Адзінота, адарванасць ад Зямлі, ад усяго жывога маглі выклікаць і больш моцныя галюцынацыі. А для Скрута гэта была першая экспедыцыя. І Балаш абыякава сказаў:

— Аптычны падман...

Скрут не стаў пярэчыць. Ва ўтульным салоне, у прывычных абставінах яму цяпер і самому пачало здавацца, што ён, відаць, памыліўся. Але пазней раптам устрывожыла думка: а калі памылкі не было?

— Схадзі, паглядзі яшчэ, — дазволіў Балаш. Убачыўшы, як Скрут перасмыкнуў плячамі, дадаў: — Разам пойдзем.

На другі дзень грудок, што склаў Скрут, яны знайшлі лёгка. Адсюль, з самага верху ўзгорка, было відаць далёка. Мясцовасць была гарыстая. І ў тым напрамку, дзе ўначы вісеў Сірыус, як ставала вока, таксама цягнуліся скалы, абрывістыя, голыя.