— Туды не дабрацца, — Балаш сказаў гэта мякка, спачувальна. Ён усё яшчэ думаў, што Скруту гэта прымроілася, і не хацеў яго расчароўваць.
— Давай пусцім ракету, хай сфатаграфуе той раён. А потым паглядзім здымкі. Балаш усміхнуўся:
— Рабі...
Праз некаторы час робат даставіў плёнку на ўзгорак. Касманаўты ўважліва прагледзелі яе. Нічога адметнага — той жа каменны хаос.
— Пачакаем дацямна, — пашкадаваў таварыша Балаш. — Хаця яму зусім неабавязкова бліскаць зноў.
Агеньчык успыхнуў у той жа час, як і ўчора. Некалькі секунд ён гарэў роўна, потым міргнуў — раз, другі, трэці, быццам нехта падаваў нейкі ўмоўны сігнал, і знік, як растварыўся, у чорнай прасторы. Яны зноў не паспелі зафіксаваць яго прыборамі, удакладніць напрамак — надта неверагодным уявілася яго існаванне. Яны проста ўпэўніліся, што ён ёсць.
Збянтэжаны Балаш толькі чмыхнуў. А Скрут, не тоячыся, паскардзіўся:
— Мне страшна, Павел...
— Баяцца нам няма чаго, — адказаў заклапочаны Балаш, але і сам адчуў сябе ніякавата. — Хутчэй за ўсё гэта нейкі мінерал.
Ва ўсіх касмічных даведніках планета значылася як пазбаўленая жыцця. Іх даследаванні, назіранні таксама пацвердзілі гэта. І раптам, калі тэрмін іх знаходжання тут падыходзіць да канца, планета вырашыла падкінуць загадку...
— Заўтра пайду ў горы, — пасля доўгага роздуму прамовіў Скрут.
Балаш не адказаў. Ён адчуў за гэтымі словамі маленькую перамогу Скрута над сабой — яму ж бачылася ва ўсім гэтым нешта невытлумачальнае і таму страшнае. Балаш разумеў, што няўпэўненасць Скрута ў сваіх сілах, у сабе, магчыма, ідзе ад вялізнай нервовай напружанасці, перажытай за апошнія гады. У экспедыцыі Скрут быў не самы маладзейшы. Аднак, відаць, справа не ва ўзросце. Іншыя больш мужна пераносілі нягоды і час працяглага вандравання. А Скрут — чалавек занадта ўражлівы, схільны да захапленняў, актыўнай дзейнасці — неўзабаве пасля старту пачаў пакутаваць ад аднастайнасці. Ён не захацеў, каб яго паклалі ў анабіёзную камеру, — лічыў недаравальным патраціць марна хоць часцінку свайго жыцця. Але не знайшоў сябе і ў вахценнай камандзе. Праўда, паскардзіцца на тое, як ён выконвае свае абавязкі, сябры не маглі. Проста яны заўважылі, што яшчэ зусім нядаўна няўрымслівы, неспакойны Скрут зрабіўся надта флегматычны. Відаць, прастора аказала адмоўны ўплыў на яго больш, чым на астатніх.
Калі надышоў час першай разведвальнай вылазкі, таварышы адразу прапанавалі паслаць у яе Скрута. А ў напарнікі яму далі вопытнага Балаша.
На першым часе здавалася, што да Скрута вярнуўся ранейшы стан. Але рэцыдывы касмічнай хваробы засталіся. Балаш даўно не помніў, каб вось так, сутыкнуўшыся з невядомым, нават пагрозлівым, касманаўты выказвалі боязь. Звычайна было наадварот. Небяспека мабілізоўвала душэўныя сілы, прымушала дзейнічаць. Праўда, і Скрут не хаваўся, нават баючыся. Аднак тут, відаць, справа ў тым, што ён хоча знайсці сябе і таму не хавае сваіх пачуццяў ад таварыша. І, можа, знойдзе, калі адпусціць яго на пошукі агеньчыка. Хай пераканаецца, што гэта хоць і не вядомая пакуль, але ўсяго толькі якая-небудзь звычайная з'ява прыроды.
Балаш ужо быў гатовы адказаць на словы Скрута згодай, аднак перадумаў. У яго не было ўпэўненасці ў тым, што той агеньчык можна знайсці. Хутчэй за ўсё тут вінаваты які-небудзь крышталь. У пэўны час на яго трапляе зорнае святло, і тады ён пачынае палымнець у начной цемры. Удзень яго, зразумела, не заўважыш.
Гэта прынясе Скруту расчараванне, пакіне адчуванне, што існуе нешта неразгаданае, разгадаць якое ў яго не стала ўмення. І, магчыма, праз усё жыццё ён пранясе ў сабе пачуццё віны, што мог, але не адкрыў для людзей адну з загадак прыроды. Балаш уздыхнуў і сказаў:
— У нас вельмі мала часу.
Балаш не хлусіў. Праз двое сутак надыходзіў найлепшы момант для старту. Толькі ў гэтым выпадку яны здолеюць сустрэцца з экспедыцыяй у вызначаным пункце прасторы. Любое спазненне прывядзе да таго, што прыйдзецца даганяць зоркалёт, а гэта значыць, давядзецца тармазіць, змяняць курс і зноў разганяцца, што не выключае іншых непрадбачаных непрыемнасцей. Здарылася ж у іх вось тут вымушаная пасадка, калі раптам невядома чаму паскорыўся рэжым работы рухавікоў. Сілавое поле планеты яшчэ будуць вывучаць, з гэтага боку некаторыя даследаванні, якія яны правялі, прынясуць карысць. Але зараз галоўнае для іх — вярнуцца назад.
— У нас два дні, дзве ночы і яшчэ некалькі гадзін, — удакладніў Скрут.
І гэта была праўда. Нейкі час яны сапраўды мелі, і не было патрэбы, каб Скрут абавязкова знаходзіўся гэтыя дні на караблі. Падумаўшы, Балаш амаль здаўся.