Выбрать главу

— Пагаворым раніцай, — паабяцаў ён. Світанне прыйшло пахмурнае. Шалёны вецер нёс аднекуль з поўдня хмары дробнага пяску. У гэтай рухомай шэрай мешаніне было гэтак жа цяжка арыентавацца, як і ў тумане.

— Можа, пачакаем пагоды? — сказаў Балаш.

— У нас толькі два дні, адна ноч і яшчэ некалькі гадзін, — паўтарыў свае словы Скрут.

Балаш усміхнуўся і дазволіў выязджаць. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі.

Аднак ні Скрут, ні Балаш не ўлічылі адну акалічнасць — у гарах, дзе трэба было шукаць агеньчык, давялося хадзіць пешшу, пакінуўшы ўсе прыборы ў кабіне ўсюдыхода. Скрут вярнуўся ні з чым.

Пад вечар вецер сціх. Асеў пясок. На пацямнелым небе заблішчалі зоркі.

— Не бядуй, — суцяшаў Балаш таварыша, — сёння мы яго абавязкова зловім.

Яшчэ звечара яны расставілі прыборы, настроілі іх. Цяпер, калі з'явіцца агеньчык, яны не толькі даведаюцца напрамак, але і адлегласць да яго з дакладнасцю да аднаго метра. Калі сцямнела, яны занялі пазіцыю на вяршыні ўзгорка.

Час, здавалася, да неверагоднасці запаволіў свой бег. Яны раз-пораз пазіралі на гадзіннікі, не давяраючы электроннаму сакратару. Але нават секундная стрэлка быццам ператварылася ў хвілінную — так мала абаротаў зрабіла яна па круглым цыферблаце.

Скрут адышоў убок, пакінуўшы Балаша каля прыбораў. Ён хваляваўся і адчуў патрэбу зараз пабыць аднаму. Прысеў на камень. Пасля цэлага дня блуканняў было прыемна выпрастаць стомленыя ногі. Скрут прыхінуўся спіной да скалы, з задавальненнем адчуваючы пад эластычным надзейным касцюмам-скафандрам яе зямную цвёрдасць.

Ноч, перадапошняя для іх на гэтай планеце, нячутна накрыла ўсё навокал. Густую непраглядную цемру не маглі перамагчы ні Млечны Шлях, ні яркі Сірыус, што ў сваёй статычнасці ўяўляўся як намаляваны. І ўсё астатняе было такое ж далёкае ад рэальнасці — нерухомае, нежывое. Адно, што здавалася жывым, гэта тая чырвоная кропка, якая няйначай сігналіла ім аб нечым невядомым і, можа, неабходным для людзей. Хутка яна з'явіцца зноў. Ён даведаецца, дзе яна, і прыйдзе заўтра на тое месца. Чаму ён верыць, што за гэтым агеньчыкам нешта ёсць? А раптам, сапраўды, спадзявацца на нешта незвычайнае можа толькі такі навічок, як ён?

Ён помніць выпадак, які стаў ужо хрэстаматыйным для многіх пакаленняў вучняў касмічных школ. Некалі два стажоры прыслалі з Марса паведамленне, што сутыкнуліся з рэшткамі невядомай цывілізацыі. На здымках, якія яны перадалі, людзі ўбачылі нешта вельмі падобнае на прылады працы, мудрагелістай формы фігуркі, якія былі або параджэннем фантазіі іх стваральнікаў, або, наадварот, расказвалі аб выглядзе саміх стваральнікаў.

Гэта была сенсацыя. На Марс адправілі вялікую экспедыцыю. І першае больш-менш дэтальнае абследаванне паказала, што знойдзеныя фігуркі — рэшткі не загінуўшай цывілізацыі, а метэарыта. Трапіўшы ў атмасферу Марса, ён узарваўся, і асколкі, аплавіўшыся, набылі гэтую дзіўную форму.

Але гэта павінны былі ўстанавіць самі стажоры. Яны не зрабілі гэтага, бо такое ўжо вялікае жаданне ў кожнага маладога касманаўта быць першаадкрывальнікам. Ці не падобны ён нечым на тых стажораў?

Стала халаднавата. У разрэджанай атмасферы планеты перапады тэмпературы былі вельмі значныя. Скрут уключыў электраабагрэў скафандра. Цяпло разлілося па целе, настройваючы на мірны, разважлівы лад.

Урэшце ўсё мае свой пачатак і канец. Гэта старая ісціна для Скрута зараз гучала як адкрыццё. Мінуць яшчэ суткі-другія, і ён зноў будзе на зоркалёце. Забудуцца гэтыя начныя гадзіны напружанага чакання, і пачнуцца гады, абмежаваныя каютай, салонам і абсерваторыяй. Усё аднастайнае, размеранае, будзённае і таму нібы запаволенае, як жыццё ў анабіёзе. Працуюць рухавікі, падтрымліваючы на зоркалёце ўласную сілу прыцяжэння. Лічыльнікі адзначаюць мільёны пройдзеных кіламетраў. А ты не бачыш гэтага руху, не жывеш ім. У ілюмінатарах тая ж чарната, сям-там праткнутая бліскучымі кропкамі. Яна была ўчора, заўчора, месяц назад. Зоркалёт і разам з ім ты нібы вісяце ў прасторы на адным і тым жа месцы. І гэтаму вісенню не відно мяжы. І ўжо не верыш нават у тое, што нешта, меўшае пачатак, будзе мець канец.

Скрут разумеў усю недарэчнасць сваіх думак. Бачыў, што яны кладуць адбітак на яго паводзіны, перажываў, ловячы трывожныя позіркі таварышаў. І не мог нічога з сабой зрабіць. Яму здавалася, што ён раптам стаў на караблі лішні. У той час, як астатнія працавалі, ён, заняты порканнем у сабе, нічога карыснага не зрабіў. Павольна і марна цяклі яго дні. Нават астранамічныя назіранні, самы ўлюбёны яго занятак, не прыносілі таго задавальнення, якое ён адчуваў, знаходзячыся на пазаатмасферных станцыях Зямлі. Ён складаў карты, добрасумленна, старанна, як курсант касмічнай школы на першым годзе навучання. А ў глыбіні мозгу ўвесь час мільгаў напамін, што гэта, бадай, мог бы зрабіць і аўтамат. Здымкі потым прааналізаваў бы любы спецыяліст. І часам думалася, ці не лепш было быць у анабіёзе?