Ён узрадаваўся гэтаму разведвальнаму палёту. Сутыкненне з невядомым, хай сабе нежывым светам, — мара кожнага касманаўта. Да таго ж гэта не нерухомасць зоркалёта ў дрэйфе, які, між іншым, нічым не адрозніваецца ад палёту з субсветлавой хуткасцю: адлегласці Сусвету былі большыя за людское ўяўленне прасторы і часу. Але ці будзе ён радавацца, калі вернецца? Ці адолее парсекі, якіх не відаць і якія ўсё ж існуюць, бо выяўляюцца ў бясконцых і нудных гадах? Кажуць, што самы лепшы лекар ад нуды — праца. Увогуле, гэта бясспрэчна. Толькі яму яшчэ трэба, каб праца давала адчувальныя вынікі, каб яна, задавальняючы цябе, знаходзіла водгук у іншых, была карысная.
Непатрэбнасці людзям ён баяўся больш за ўсё з таго часу, як пачаў задумвацца над сэнсам свайго існавання. Ён спадзяваўся, што менавіта тут, у космасе, не толькі нараджаюцца вялікія адкрыцці, але і правяраюцца чалавечыя якасці. І, відаць, пераацаніў сам сябе. Космас аказаўся не скарбонкай, поўнай навуковых адкрыццяў. У першую чаргу — гэта будзённасць і цярпенне, якога ў яго, як аказалася, вельмі мала.
Ён і зараз, калі засталося ўсяго некалькі хвілін, прыспешвае час. А Балаш зусім спакойны. Балаш навучыўся чакаць — ён ужо двойчы быў у прасторы. На Зямлі мінула стагоддзе. Многіх, з кім Балаш пачынаў, ужо няма. Многіх не застане, калі вернецца адсюль. А скажы, і Балаш яшчэ раз пакіне Зямлю, хоць разам з гэтым ён пакіне апошніх сваіх блізкіх. Балаш не сумуе ў космасе, заўсёды роўны, сабраны — згустак энергіі і разважлівасці. Пэўна, такім і павінен быць мудрэц, які зведаў уладу над сабой і часам.
Нібы здагадаўшыся, што Скрут думае зараз пра яго, Балаш азваўся:
— Увага!
Скрут зірнуў на гадзіннік. Трыццаць секунд, дваццаць... Ён напружыўся і адчуў, што не стае сілы ўстаць на ногі.
Сігнал электроннага сакратара прагучаў знянацку. Скрут яго чакаў — і ўсё роўна ўздрыгнуў. Потым паміргаў вейкамі, адганяючы насланнё. Пад Сірыусам, як і хвіліну або гадзіну таму назад, была непарушная чарната. Яна рэзала вочы, наганяла слёзы, і не было ў ёй колішняга агеньчыка. Ашаломлены Скрут не варушыўся і ўсё чакаў, чакаў...
Напэўна, мінула многа часу, калі Балаш нарэшце сказаў:
— Пойдзем...
Вяртанне было сумнае. Балаш адключыў электроннага вадзіцеля і сам круціў штурвал усюдыхода, выбіраючы дарогу сярод каменняў. Скрут быў удзячны яму за гэта. Чаму ж не стала агеньчыка, які да гэтага з'яўляўся са здзіўляючай дакладнасцю? А можа, праўда на баку Балаша? З гэтым не хацелася пагаджацца. Скрут думаў, думаў, і яму ўвесь час здавалася, што ён не можа зразумець нешта істотнае, вельмі важнае.
Скрут заснуў толькі з дапамогай электраўсыпляльніка. Але і ў сне нейкая думка, знаёмая і няўлоўная, свідравала мозг.
Гэту думку Скрут амаль зразумеў, калі прачнуўся раніцай. У ілюмінатар зоркалёта білі барвовыя промні тутэйшага сонца. У іх святле, як і на Зямлі, кружыліся драбнюткія пылінкі. А ўчора іх не было. Не было, не было...
Скрут усміхнуўся здагадцы і ўсёй далонню націснуў на кнопку сігналу ўнутранай сувязі:
— Павел! Павел!
Дынамік пабудзіў Балаша.
— Што такое? — запытаўся ён. — Даў бы адаспацца.
— Гэта не мінерал, Павел! — ужо радасна крычаў Скрут.
— Ты што, знайшоў яго? — іранічна прамовіў Балаш.
— Зараз! Зараз! Чакай, я прыйду!
Праз некалькі секунд Скрут уварваўся ў каюту Балаша і плюхнуўся ў крэсла побач з ложкам.
— Неба было чыстае? — пытаўся ён у Балаша.
— Уначы? Чыстае.
— Але агеньчык не свяціўся?
— Не.
— Значыць, гэта... ну тое, што ты называеш мінералам, свеціцца не адлюстраваным святлом якой-небудзь зоркі. За адну ноч, ты гэта ведаеш не горш за мяне, яны не маглі прыкметна перамясціцца на небе. Яны практычна нерухомыя. Значыць, гэта нешта свяцілася або само па сабе, або дзякуючы нейкай сілкавальнай крыніцы. Першае адпадае, бо інакш мы бачылі б агеньчык учора. Згодзен?
— Слушна... — Балаш сеў на ложку.
— Застаецца другое — нешта жывіць той агеньчык. Ёсць нейкая крыніца. Так?
— Дапусцім.
— Такой крыніцай можа быць вось што, — Скрут паказаў рукой на вясёлкавы зайчык, які застыў на сцяне. — Учора, дарэчы, увесь дзень было пахмурна.
— Але ж гэта азначае... — уражаны Балаш не скончыў фразу. — Што мы маем, магчыма, справу з нечым падобным на сонечную батарэю. Удзень яна набірае прамяністую або цеплавую энергію. А пасля аддае, — заключыў яго думку Скрут.