Выбрать главу

— Смела прыдумана... — зараз Балаш ужо не іранізаваў. Ён адчуў у разважаннях Скрута нейкую праўду. І ён сказаў: — Калі сёння мы ўбачым агеньчык, я затрымаю адлёт. На суткі. Інакш...

Балаш не дагаварыў. Але Скрут і так ведаў, што ён мог сказаць, і быў вельмі ўдзячны таварышу. Толькі цяпер яго ўжо не мучылі сумненні. Што б там ні хавалася за гэтым агеньчыкам, ён, безумоўна, быў цікавай з'явай чужой прыроды. Вартай, каб з ёй пазнаёміцца бліжэй.

Скрут не памыліўся. У пэўны час пад Сірыусам засвяцілася чырвоная кропка. Потым яна міргнула тры разы і згасла. Але цяпер яе месца было запеленгавана. І ледзь развіднела, Скрут з Балашам адправіліся да горнага хрыбта. Узброіліся зусім па-зямному — альпенштокамі, чаравікамі з вострымі шыпамі. І толькі прыборы, якія маглі дапамагчы ім заўважыць у наваколлі металічныя прадметы, рабілі іх больш падобнымі на геолагаў, чым на альпіністаў.

Яны ішлі, пераскакваючы расколіны, абходзячы непрыступныя пікі, спускаючыся ў цясніны і ўзбіраючыся на абрывістыя скалы. У зямных умовах яны наўрад ці адолелі б такую дарогу. Але на планеце, меншай за Зямлю, была меншай і іх вага.

Яны спыніліся адпачыць каля невысокага плато. Там, за пад'ёмам, павінен быць той самы агеньчык. Да яго ўжо рукой падаць.

Скрут прайшоў некалькі крокаў, выбіраючы зручнае месца, каб прысесці. І ў гэты час заміргаў індыкатар металашукальніка. Недзе блізка быў метал ці паклады руды. Аднак тое, што яны адпавядалі каардынатам агеньчыка, насцярожыла.

Скрут быў лягчэйшы, і Балаш падсадзіў яго на плато.

— Кідай мне трос, — папрасіў ён, калі Скрут апынуўся наверсе. Скрут чамусьці не адказваў. Балаш крыкнуў ужо нецярпліва: — Памажы!

Толькі тады азваўся Скрут. Ён гаварыў шэптам, і Балаш не адразу ўцяміў, што да чаго.

— Які карабель? — перапытаў ён. Не адказваючы, Скрут нахіліўся над абрывам і апусціў трос. Балаш зірнуў уверх і жахнуўся: нават праз пластык гермашлема было відаць, як збялеў твар таварыша. Таропка перабіраючы рукамі, ён імкліва ўзляцеў угару. З плато адкрываўся шырокі краявід. Балаш круціў галавой, дзівячыся, што магло ўразіць Скрута. Ён нічога не заўважаў — тыя ж скалы, што яны бачылі і ўнізе, хіба толькі большыя.

Тады Скрут нарэшце загаварыў выразна:

— Глядзі! — і працягнуў руку.

Балаш зірнуў і ледзь стрымаў вокліч. Там, сярод каменных сцен цясніны, прысыпаны абвалам, ляжаў доўгі сігарападобны корпус зоркалёта. Яны, касманаўты, у гэтым памыліцца не маглі, нават разглядаючы яго здалёк.

Балаш і Скрут падышлі бліжэй. Зоркалёт быў стары, такія будавалі яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. Цяпер гэта была куча металічнага лому.

— Трэба было б паглядзець усярэдзіне, — сказаў Балаш, пазіраючы на пустыя праёмы дэфармаваных ілюмінатараў і ўваходных люкаў.

— Наўрад ці знойдзем там што... — адказаў Скрут. — Агонь, як смерч, пранёсся па адсеках.

Балаш бачыў і сам, што рубка, дзе павінны былі захоўвацца матэрыялы экспедыцыі, ляжала ў баку ад асноўнага корпуса, пачарнелая, сплюшчаная.

Яны пахадзілі вакол мёртвага гіганта, спрабуючы вызначыць, што гэта за зоркалёт, каб прынесці на Зямлю апошнюю вестку пра яго трагічны лёс. Але і гэтага не было. Корпус аплавіўся, як лядзяш пад веснавым сонцам.

Яны маўкліва пастаялі крыху і пайшлі назад, уражаныя страшнай карцінай гібелі. І калі адышлі ўжо далёка, Скрут раптам спыніўся.

— Але што тады свяцілася? — запытаўся ён.

— Сапраўды, — згадзіўся Балаш і прыпыніўся таксама. — А ты ўпэўнены, што гэта менавіта тут?

— Не... Хаця агеньчык павінен мець нейкае дачыненне да карабля. Цяпер я ў гэтым не сумняваюся.

Балаш зірнуў па баках. Горы, скалы, каменні, сярод якіх ужо не відаць і зоркалёта. І зоркі зверху не такія яркія, як уначы, аднак прыкметныя ў разрэджаным атмасферным покрыве планеты.

— Вазьмі арыенцір, — параіў ён Скруту, які таксама спрабаваў нешта ўбачыць у наваколлі.

Скрут здзіўлена сказаў:

— Гэта ўбаку, бадай, з кіламетр...

— Пойдзем хутчэй, — адказаў Балаш. — Баюся, не паспеем дацямна.

Дарога была пакручастая. Мінула яшчэ з паўгадзіны, калі Балаш сказаў:

— Недзе тут.

Каменны гушчар, здалося, стаў яшчэ больш непраходны. Наўрад ці можна было ў ім што заўважыць, і Скрут недаверліва спытаў:

— Тут?

На гэты раз яны не памыліліся. Выпадкова зірнуўшы на вяршыню абрывістай, быццам ссечанай, скалы, Балаш ускрыкнуў. Там было нешта падобнае на пячору. Уваход, нібыта зашклёны, цьмяна пабліскваў, адлюстроўваючы скупыя барвовыя промні надвячоркавага свяціла.