Спатрэбілася яшчэ з паўгадзіны, пакуль Балаш са Скрутам дабрылі да месца, ад якога можна было дабрацца да пячоры. Угару вяла вузкая палоска, параўнаўча чыстая ад завалаў і, здавалася, сям-там падпраўленая — на схіле былі нібы вырубленыя ў скалах прыступкі. Моўчкі людзі лезлі на гару. А ёй не было канца.
Пячора адкрылася раптоўна — дарога вывела Скрута і Балаша на невялікую пляцоўку перад уваходам у яе.
— Будан... — шапнуў Скрут.
— Сакля... — сказаў Балаш.
Перад імі стаяла сцяна. Гладкая і роўная, авальнай формы, яна паблісквала адлюстраваным святлом, нібы адшліфаваны агат.
Стомленыя крутой дарогай, людзі стаялі перад дзіўнай пабудовай, не разумеючы, што гэта.
— Маяк, — выказаў здагадку Скрут.
— Для каго? — Балаш ва ўсім хацеў бачыць сэнс.
Менавіта ў маяку ён яго не ўбачыў. Ён паўтарыў пытанне:
— Для каго? Да карабля не меней кіламетра, і яго не відно адсюль. Хто ставіць знакі, якія нічога не гавораць?
— Можа, маяк быў пастаўлены кімсьці раней? Астралётчыкі заўважылі яго сігналы, павялі сюды зоркалёт і неспадзявана тралілі ў аварыю. Думаю, гэта слушна.
— Хутчэй рамантычна. А слушна?.. — Балаш паківаў галавой. — Нагадвае стары касмічны дэтэктыў.
Звычайна нешматслоўны, Балаш раптам зрабіўся гаваркі. Скрут са здзіўленнем адзначыў гэтую перамену ў паводзінах таварыша. Відаць, і яго знаходка вывела з раўнавагі.
— Што гадаць. — Скрут пастукаў па чорнай сцяне кулаком, насцярожана прыслухаўся, недаверліва паглядзеў на сваю руку, якая ў пальчатцы скафандра выглядала тоўстай і кароткай, і няўпэўнена сказаў: — Пустата.
Балаш падышоў да сцяны, сам пастукаў.
— Будзем ламаць? — запытаў Скрут.
— Зламаць проста. А што там? Хто рабіў, навошта? Ты можаш мне сказаць? Не? Дык ці маем мы права разбураць?
Скрут адчуў, што логіка Балаша пачала яго раздражняць. Калі так думаць, то нельга нават на чужыя планеты апускацца. Раптам што пашкодзіш. І, стрымліваючы злосць, Скрут павольна, стараючыся таксама быць лагічным, загаварыў:
— Маем. Маем права. На планеце няма жыцця. Толькі рэшткі зямнога зоркалёта. Гэтая сцяна мае да яго нейкае дачыненне. Калі гэта нават чужы маяк, то ён мог паслужыць прычынай гібелі зямлян. Мы проста абавязаны даведацца, што гэта такое!
Балаш слухаў не пярэчачы. Калі Скрут скончыў, ён, згаджаючыся, сказаў:
— Адыдзі, схавайся.
— Давай я, — запратэставаў Скрут. — Табе весці планеталёт. І ўрэшце... Я заўважыў агеньчык.
— Права першаадкрывальніка? — усміхнуўся Балаш. — Згодзен.
Сцяна сапраўды аказалася шкляная. Толькі шкло было спецыяльнае. Цвёрдае, трывалае, здольнае вытрымаць моцны ўдар. Ультрагукавым нажом Скрут выразаў праход і прасунуў галаву. Ужо наступіў вечар, і ў сярэдзіне пячоры панаваў змрок. Скрут пакруціў галавой. Зазначыў, што праз гэта шкло праменні святла ідуць толькі ў адным напрамку — знутры, і калі вочы прывыклі, ён у дальнім кутку заўважыў нейкае ўзвышэнне. А на ім... У Скрута моцна забілася сэрца.
— Балаш, — паклікаў ён сябра і ўвайшоў у пячору.
Ён не памыліўся. Гэта было ложа, а на ім у скафандры ляжаў... чалавек. Ён быў нежывы, і, відаць, даўно. Скрут памкнуўся быў расшпіліць скафандр на чалавеку. Балаш спыніў яго:
— Не трэба...
Скрут падумаў, што сапраўды гэтаму земляніну ўжо нічым не дапаможаш. Ён пастаяў, патрымаў руку на яго плячы, нібы развітваючыся назаўсёды, і пайшоў аглядаць пячору.
Стала ўжо зусім цёмна. Балаш уключыў ліхтар. Пячора была амаль пустая. Няроўныя каменныя сцены, такі ж каменны ложак. Побач нешта падобнае на стол. Сям-там Скрут заўважыў раскіданы інструмент, дэталі, вузлы прыбораў, машын.
— Тут павінна быць сховішча... — уголас падумаў ён.
— Так... — згадзіўся Балаш. — Чалавек пражыў у пячоры нямала. Ён недзе трымаў свае прыпасы. Яшчэ павінна быць недзе рэгенерацыйная ўстаноўка. Без яе ён доўга не вытрываў бы.
Сховішча было побач з ложкам. Знайшоўшы яго, Балаш зноў падышоў да зямляніна. Доўга-доўга стаяў над ім, потым працягнуў руку і дакрануўся да яго ног. Пад нячуткімі ад таўшчыні ахоўнага касцюма пальцамі аказалася пустата. Балаш адышоў і доўга глядзеў праз празрыстую адсюль сцяну ў чорную ноч. Потым, не абарочваючыся, папрасіў:
— Пашукай... Павінны быць дзённікі.
Скрут не здагадаўся, што так уразіла таварыша, і, аглядаючы нішы, раз-пораз кідаў на яго няўцямныя позіркі.
— Вось, — нарэшце знайшоў ён касеты з крышталікамі, на якіх касманаўты звычайна запісвалі ўсё, што лічылі вартым увагі.
Скрут патрымаў іх у руках, нібы ўзважваючы, яшчэ раз зазірнуў у нішы і закуткі пячоры і спытаў: