Выбрать главу

У шлемафоне стала ціха. Скрут нецярпліва зірнуў на гуказдымальны апарат. Балаш трымаў руку на выключальніку.

— А нам удалося, — з горыччу сказаў ён, быццам адчуваючы віну за тое, што ў іх папярэднікаў — касманаўтаў — было менш ведаў.

Скрут адчуў, як яго ахоплівае неспакой. Што з таго, што на Зямлі ўжо ведаюць, як спыніць такую рэакцыю? Для гэтага чалавека гэта ўжо не мае значэння. Яму важна было самому дайсці да ісціны, поўнасцю выкарыстаць свой яшчэ жывы і, відаць, магутны розум, рашаючы вялікую загадку. Толькі гэтым ён, паміраючы, мог перамагчы смерць. Ці знайшоў ён прычыну? Скрут махнуў рукой:

— Уключы...

«Але павінна быць рашэнне гэтай задачы, якога мы тады не бачылі».

— Канечне, канечне, — шапнуў Скрут, думаючы, што іх апарат вельмі марудна здымае гук. Ён трывожыўся: няўжо лёс не пашле гэтаму адважнаму магутнаму чалавеку поспех, няўжо дарэмныя былі яго пакуты?

Скрут хваляваўся, як ніколі яшчэ ў жыцці. А голас у шлемафоне гучаў роўна, непадуладны ніякім няўдачам. З дня ў дзень чалавек коратка кідаў у мікрафон: «Нічога новага». Ён, відаць, многа працаваў, бо ўсё радзей і радзей трапляліся ў запісе разважанні. А можа, ён бярог энергію батарэй — яны ж, як і робат, не былі невычэрпныя.

— Больш не магу! — нервова выгукнуў Балаш і пайшоў да выхаду.

— Мы мусім даслухаць, — сказаў яму Скрут. — Для нас мае значэнне не сутнасць яго адкрыцця, а сам факт.

Яны ўжо нічога не чакалі ад асуджанага на марудную смерць. Яны думалі аддаць яму даніну як чалавеку. А ён здзівіў іх зноў.

«Здаецца, усё. Я ведаю формулу».

Трэба быць вялікім матэматыкам, каб толькі запомніць з аднаго разу гэты доўгі рад інтэгралаў, лічбаў і знакаў. Чалавек прачытаў яе, потым, падумаўшы, паўтарыў больш павольна, нібы даючы слухачам магчымасць удумацца ў яе сэнс. І раптам прамовіў з сумненнем: «Ці ўсё гэта?»

— Усё! Усё! — крыкнуў Балаш, быццам чалавек мог яго пачуць. — Людзі на Зямлі вывелі тваю формулу...

Доўгае шыпенне ў навушніках было адказам Балашу. Чалавек маўчаў. Можа, думаў, можа, у яго не стала ўжо сілы, каб сказаць апошняе, развітальнае слова, а можа, ужо лічыў гэта слова наогул неістотным, непатрэбным.

Маўчанне шлемафонаў было невыносным. Але ні Скрут, ні Балаш не адважваліся выключыць апарат. Ім здавалася, што тым самым яны дачасна абарвуць жыццё гэтага мужнага чалавека. Прайшла, напэўна, гадзіна. Вяршыні гор пасвятлелі — пачынаўся дзень.

— Трэба вяртацца, — сказаў Балаш, — мы безнадзейна познімся.

— Яшчэ крышачку... — папрасіў Скрут.

Балаш паківаў галавой, адчуваючы і сам, што не можа пайсці адсюль, не дачакаўшыся канца.

Патушылі ліхтар. Ранішняе святло, лёгкае, свежае, пранікла праз зроблены Скрутам уваход у пячору. Прамень сонца крануў гермашлем чалавека, і твар яго нібы ажыў, разгладзіліся пакутлівыя складкі. Скрут усхапіўся, навёў кінаапарат. І тут шлемафоны ажылі.

«Вось цяпер, здаецца, усё».

Зноў прагучала доўгая формула, пасля паўзы чалавек паўтарыў яе. Для гэтага ён знайшоў сілы. І гэта, відаць, былі яго апошнія намаганні. Апарат даў сігнал, што запіс скончаны.

— Хто ён? — спытаў Скрут, думаючы над тым, чаму гэта пасвятлеў твар Балаша. — Няўжо мы не знондзем дзе-небудзь тут яго імя?

— Не ведаю. Але ён выратаваў нас. Ён зазірнуў глыбей, чым мы. Не ведаючы яго адкрыцця, мы на адваротным шляху паўтарылі б лёс яго карабля.

Скрут не быў ні фізікам, ні матэматыкам. Ён не мог зразумець формулы, знойдзенай гэтым чалавекам. І яго зусім зараз не хвалявала, што яны маглі не вярнуцца. У далёкім космасе людзі гатовы і да гэтага.

Ён сабраў батарэі, далучыў да іх аварыйную батарэю са свайго скафандра і падключыў да ўстаноўкі, якая ўначы свяціла чырвоным агеньчыкам. Потым заварыў прарэзаны надоечы ўваход у пячору і пабег даганяць Балаша.

Барыс Сачанка. Карчоўнік

Напачатку была казка. Казка пра тое, як чалавек прадаў чорту душу і з дапамогай нячыстай сілы нажыў вялікія багацці, займеў усё, чаго прагнуў, хацеў, і калі, здавалася, сама б жыць і радавацца... Словам, прыйшоў чорт і пачаў патрабаваць аддаць тое, што чалавек яму прадаў — душу... Казка была доўгая, яе расказваў Петрыку ў адзін з шарых асенніх вечароў, седзячы на печы, дзед Максім...

Дзеда забілі немцы. Ён памкнуўся быў ратаваць сабаку, Рэкса, па якім, уваліўшыся ў двор, пусцілі чаргу з аўтамата чужынцы, калі той з брэхам адчайна кінуўся на іх, хочучы няйнакш стрымаць, не пусціць. Кулі прашылі дзеду грудзі, перабілі ногі, і ён, не ўстояўшы на ганку, упаў, зваліўся проста тварам у снег...