— Што табе трэба ад мяне? — насцярожыўся Петрык, халадзеючы ад жаху — мала таго што немец цыбае, ідзе проста на яго, дык яшчэ і нячысцік гэты, Карчоўнік, аб'явіўся.
— Душа твая, — сказаў гэтак жа ціхенька, лагодненька нячысцік. І губы свае — сінія, тонкія — аблізаў.
— Купіць яе хочаш? — паглядзеў проста ў вочы чорту Петрык.
— Ага, — пакруціў куртатым хвосцікам чорт.
— Не ўдасца, — рашуча хітнуў галавою Петрык і перавёў вочы на немца, які раптам зноў спыніўся, застыў, быццам пачуўшы галасы, няйнакш прыслухаўся.
— Не ўдасца, кажаш? Хі-хі, хе-хе, — захіхікаў, засмяяўся дробна, нядобра нячысцік. — І купляць не давядзецца, дарма забяру...
— Як гэта — дарма? — здзівіўся Петрык, бо ведаў, чуў ад дзеда: чэрці проста так, дарма, душу не бяруць, а купляюць.
— Хі-хі, хе-хе, — хіхікаў нячысцік. — Вельмі проста. Вось немец цябе зараз згледзіць і стрэліць. І я... Хі-хі, хе-хе... Забяру тваю душу. Так, дарма. Яна ж, твая душа, немцу, можа, не трэба...
Немец зноў пайшоў, пацыбаў. І быў ужо зусім-зусім блізка. Нават дыханне яго — цяжкае, стоенае, насцярожанае — чуў Петрык. І быццам бачыў яго, Петрыка. Ва ўсякім выпадку так здалося Петрыку, калі ён падняў галаву, паглядзеў на немца.
— Ну дык як? — шаптаў, не адставаў нячысцік. — Жыць астанешся... Я праганю немца, не заб'е ён цябе... Маці знойдзеш. Вернешся дадому, у вёску. Канца вайны дачакаешся... У школу пойдзеш... Станеш вядомым чалавекам. Будзеш жыць так, што зайздросціць табе будуць...
— А далей? — скрозь зубы працадзіў Петрык.
— Далей... Паміраюць усе. І ты памрэш. А тады... Табе ўсё адно, дзе душы тваёй быць.
— А табе?
— Мне? О, чым болей у мяне душ, тым я багацейшы. Немец зноў спыніўся, яшчэ раз, цяпер пільней, уважлівей паглядзеў на выварацень. І націснуў на спуск — аўтамат рыгнуў агнём, кулі ўдарылі ў сухадрэвіну, з вываратня пасыпаўся сухі пясок, мох.
— Ну дык як, згода? — зашаптаў, быццам і сам спалохаўшыся стрэлаў, нячысцік. — Руку, руку давай... А то... Крыкну — і бясплатна душу тваю забяру. Чарга з аўтамата — і ты... Мёртвы, хі-хі, хе-хе...
І працягнуў сваю... Не, не, не руку, а лапу. З маленькімі чорнымі кіпцюрыкамі на пальцах, халодную, ліпкую... Нават не працягнуў, а як бы ўсунуў, улажыў Петрыку ў руку. І ён, не ўсведамляючы, што робіць — а можа, ад страху, немец жа зусім блізка стаяў! — сціснуў яе.
— Ну вось, даўно б так... А то... Хі-хі, хе-хе, — засмяяўся, захіхікаў зноў дробненька, але, адчувалася, здаволена нячысцік. — Глядзі цяпер, як немца я праганяць буду, цябе ратаваць...
І шустра скокнуў з-пад вываратня, бултыхнуўся ў ваду перад самым немцам, абдаўшы таго з ног да галавы пырскамі. Ад нечаканасці, жаху немец закрычаў, дзіка і па-вар'яцку прарэзліва, зноў пусціў з аўтамата чаргу.
Закрычаў, загалёкаў, але ўжо дзесьці зусім у іншым баку, у лазняку, і нячысцік.
Немец, відаць, не зусім цямячы, што здарылася, пастаяў яшчэ хвіліну-другую, выцер рукой вочы, твар і, павярнуўшыся, пацыбаў, як не пабег раптам назад, на лес, дзе было суха, чуліся галасы іншых немцаў.
А Петрык так і астаўся ляжаць ля вывернутай старадрэвіны.
«Ці не здалося ўсё гэта мне? — падумаў. — Немец... Нячысцік... Казак ад дзеда наслухаўся. Вось і ўявілася...»
Вечара, змяркання дачакаўся. А тады — дадому, у вёску, падаўся.
Маці, убачыўшы сына — жывога, здаровага, — схапіла яго на рукі, пачала цалаваць.
— А як жа гэта ты, сыночак, адстаў ад мяне? — плакала, галасіла яна. — І дзе, дзе ты быў, дзе хаваўся? Немцы ж па лесе хадзілі, людзей шукалі. І каго знаходзілі — забівалі, цесакамі рэзалі...
Петрык слухаў маці і не ведаў: расказваць ёй пра немца і нячысціка Карчоўніка ці... Лепш змоўчаць, ні ў чым не прызнавацца...
«Калі даведаецца, што нячысціку душу прадаў... Расстроіцца... А то і не паверыць, кпіць, смяяцца пачне... Скажа — якія цяпер чэрці...»
І не расказаў, не прызнаваўся, што адбылося там, у выгарах, калі хаваўся за старадрэвінай і проста на яго ішоў, цыбаў з аўтаматам у руках немец...
Ці то і праўда нячысцік — Карчоўнік — ва ўсім памагаў Петрыку, ці то сам ён урадзіўся такі шчаслівы — «у сарочцы», — аднак пасля той падзеі ў выгарах жыццё яго пайшло лёгка, без якіх бы там ні было непрыемнасцей і ўскладненняў. Немцы не прыязджалі больш у іхнюю вёску страляць і вешаць людзей, бо ў вёсцы спыніўся на пастой вялікі партызанскі атрад, Знайшоўся і Петрыкаў бацька — ён, як выявілася, быў камісарам гэтага партызанскага атрада. І ў перапынках між паходамі, баямі, калі вяртаўся дадому, у сваю хату, падкідваў высока, аж пад самую стоь, Петрыка, казаў:
— Ну і сынок, ну і малайчына ж расце ў мяне! Вось немцаў прагонім, як мы з табой зажывём тады!