Пра тое, што гэта сюрпрызы Карчоўніка, той яму спрыяе, дапамагае, — не думалася. Пра Карчоўніка Пятро і зусім забыў. Ці мала што магло прыблюзніцца яму, малому, ад страху, калі ляжаў за старадрэвінай, хаваўся ад немцаў? Дык і верыць? Ну, падалося тады... Але ж чэрці, нячысцік... Казкі гэта, выдумка, прычым адсталых людзей, такіх, якім і быў дзед Максім. Пражыў увесь свой век у вёсцы, нідзе, нават у горадзе, ні разу не быў, не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. А фантазія... Фантазія ў яго, мабыць, была. Вось і выдумаў. Ды і не сам ён мог пра чарцей і нячысцікаў выдумаць, а перадалося ад бацькоў, дзядоў. А ён паспяшаўся ўнуку ўсё, што сам ведаў, перадаць... Прызнайся, скажы цяпер каму-небудзь у горадзе пра чарцей ці нячысцікаў — засмяюць жа. І правільна. Няма нідзе ніякіх чарцей. Ёсць тое, што мы бачым, адчуваем. Усё ж астатняе... Выдумка, плод фантазіі, галавы...
Кажуць, чалавек хутка да ўсяго прывыкае. Асабліва да добрага. І Пятро прывык. Ды так, што і як жыць па-іншаму не ўяўляў. Дзіўным нават здавалася — як гэта чаго-небудзь хацець і не мець? Сутыкнуўся з гэтым ён яшчэ ў школе, калі Лінін ухажор — таксама дзесяцікласнік, толькі з паралельнага класа, неяк падышоў да яго, Пятра, і быццам папрасіў:
— Не збівай з тропу Ліну... Табе што?.. А я яе... З маленства, можна сказаць, ведаю...
— Дык і што? — не зразумеў, здзівіўся Пятро.
— Але ж ты зачмурыў ёй галаву...
— Зачмуры ты...
— Яна ж адна... З двума... Не можа яна...
Вось тады і задумаўся Пятро. Ну рэчы, няхай... Яны могуць быць аднолькавыя. Як пеналы тыя ж з алоўкамі, што прывёз з Нямеччыны бацька Косці Верамейчыка. І кожны, каму што падабаецца, можа набыць сабе, купіць. А як быць з дзяўчынаю, калі яна падабаецца і табе і некаму яшчэ?.. Ды... Не аддаваць жа Ліну таму, каму яна таксама падабаецца. І Пятро не аддаў. Наадварот, яшчэ больш зблізіўся з ёй. А на трэцім курсе ўніверсітэта і зусім жаніўся, узяў яе сабе ў жонкі. І добра зрабіў, не памыліўся. Пра такую жонку, як Ліна, толькі марыць можна. Усё, усё ў ёй Пятру падабалася, ні ў чым ён не бачыў, не знаходзіў заганы. А галоўнае, слухмяная яна, нават у дробязях не пярэчыла мужу, выконвала ўсе яго жаданні. І казаць нічога не трэба было. Варта падняць вочы, паглядзець — яна ўміг здагадвалася, што трэба.
— Хвіліначку, зараз, — казала яна, і тое, што яму хацелася, тут жа з'яўлялася.
І прыгажуня, якая прыгажуня! Валасы светлыя, ільняныя, вочы — блакітныя, вусны — поўныя, сакаўныя, што вішні. І сама зграбненькая, станістая, нічога нідзе лішняга няма. Думаў, калі народзіць дзіця, — зменіцца, распаўнее. Аж не. Быццам і не раджала — асталася такой жа, як і да родаў была. Ані не змянілася. Ні знешне, ні ў характары. І дзіцё — маленькая кволенькая Наташка — нічога, здаецца, у сям'ю не прынесла іншага, акрамя радасці. Асабліва жонцы — нудзілася ж яна адна дома, без працы седзячы. Бо ён, Пятро, заняты ўсё быў, вечна са сваімі лічбамі ды формуламі важдаўся. А яна, Ліна, іншы раз рабіць не ведала што. А цяпер, з нараджэннем Наташкі, у Ліны свой клопат ды і занятак быў — то хадзіць, гаварыць Наташку вучыла, то ў дзіцячы сад, у школу вадзіла. Ды і ўрокі ж разам рыхтавалі, яду гатавалі, у хаце прыбіралі.
Калі ён, Пятро, дадому вяртаўся, усё, што б ні рабілі, кідалі, да яго беглі.
— Во, і татка наш прыйшоў, — радаваліся яны і памагалі яму і разуцца, і распрануцца. Потым вялі на кухню, кармілі. І расказвалі, расказвалі ўсё, што ўдзень у іх было, чым займаліся, куды хадзілі, якія адзнакі ў школе атрымалі. Зноў жа нічога ніякага не было такога, што б засмуціла ці з-за чаго б ён перажываў. Рабілі Ліна і Наташка тое, што яго радавала. Нават адзнакі са школы прыносілі толькі выдатныя.
— Зусім вы мяне разбэсцілі, — казаў, смяяўся іншы раз Пятро. — Поспехі, кругом адны поспехі... І ў мяне і ў вас...
— Так яно і павінна быць, — падтаквала мужу жонка, Ліна. — Хто дбае, той і мае.
— Яно быццам, — згаджаўся з жонкаю Пятро. — І ўсё ж... Не ва ўсіх усё так гладка, як у нас.
— Бо не ўсе такія, як мы, — усміхалася Ліна. — І ты ў нас малайчына, і Наташка во. Ды і я ж...
Ліна пачынала весела, бесклапотна смяяцца. Смяяўся і ён, Пятро.
Ад радасці, што ўсё ў іхняй сям'і ідзе на лад, ва ўсім ёсць толк, згода, поўнае разуменне...
І не заўважылі, як Наташка вырасла. Школу скончыла, ва ўніверсітэт паступіла. Не на матэматыку, вядома, хоць матэматыка і ёй давалася лёгка. З усіх навук і прафесій выбрала яна прыродазнаўства.
— Чалавецтва дасягнула ва ўсім небывалых поспехаў, — казала, пераконвала Наташка бацьку. — І поспехі якраз найбольшыя ў тэхніцы, фізіцы. Атам вунь рашчапілі, прыручылі. І ў будучым чалавецтва будзе імкнуцца абараніць усё жывое ў прыродзе, не даць, каб яно загінула. Гэта ў першую чаргу датычыць расліннага, жывёльнага і птушынага свету, вады, зямлі, паветра... Сёння мы не ўяўляем яшчэ, што чакае нас у будучым. Асабліва ў сувязі з адкрыццём энергіі атама... Таму ўся ўвага чалавецтва павінна быць накіравана зараз на захаванне таго, што створана прыродай і яшчэ не забруджана, не знішчана. І прыродазнаўчыя навукі вельмі ж перспектыўныя...