— Значыцца, часначок у вас не той, — жартаваў, смяяўся Пятро Пятровіч, калі гаварылі яму, што парада яго не памагае, усё адно не абмінае, хапае грып.
Жыццярадасны, вясёлы, па натуры аптыміст, Пятро Пятровіч любіў пасмяяцца, пажартаваць. Ды і чаму б не! Справы яго ішлі выдатна, усё, што яму хацелася, ён меў, ні ў чым не адчуваў патрэбы. Лад і парадак на працы, лад і парадак у сям'і. Адкрыцці, што зрабіў ён у матэматыцы, надалі яго імені вядомасць і папулярнасць. Іх, гэтыя адкрыцці, заўважылі, ацанілі. Што яшчэ трэба, чаго хацець? Ёсць здароўе, ёсць дзе жыць, ёсць хлеб і да хлеба. Жыві ды радуйся.
І Пятро Пятровіч жыў, радаваўся...
Неяк уночы Пятро Пятровіч прахапіўся ад страшнага, адчайдушнага крыку. Крычаў Славік. І крычаў так, што аж валасы ўсталі дыбка ў Пятра Пятровіча.
Як ляжаў у пасцелі — у піжаме, босы, — так і кінуўся, пабег у пакой да Славіка.
Там, у пакоі, былі ўжо Наташка, Язэп, Ліна. Не запальваючы святла, усе стаялі ля дзіцячай пасцелі, чулі, як крычаў Славік, і, разгубіўшыся, не ведалі, што рабіць.
— То ён у сне, мабыць, крычыць, — сказаў Пятро Пятровіч. — Збудзіце яго!
Наташка схілілася над Славікам, пачала яго тузаць, нешта ласкавае шаптаць, гаварыць — будзіць.
Славік прачнуўся, расплюшчыў вочкі. І... здзівіўся, убачыўшы ля сваёй пасцелі маці, бацьку, бабу, дзеда...
— Што з табою, Славік? — лашчылася шчакою да яго шчакі маці, Наташка.
Славік цяжка дыхаў, калаціўся ад страху, ніяк не мог апамятацца.
— У цябе баліць што-небудзь?
— Не, — круціў галавою Славік.
— Прыснілася што?
— Чорцік... — прашаптаў Славік. — Ён сябе Карчоўнікам назваў... Сказаў, што па дзядулеву душу прыйшоў...
Слухаючы Славіка, ніхто не звярнуў асаблівай увагі на дзеда — Пятра Пятровіча. А той раптам як стаяў, так і асунуўся, рухнуў на падлогу.
— Вады, дайце вады! — закрычала на ўсю кватэру Ліна.
Язэп з усіх ног кінуўся на кухню, прынёс шклянку вады. Але Пятро Пятровіч не раскрываў зубоў, шклянка білася аб іх, трымцела.
— «Хуткую дапамогу», доктара паклічце! — камандавала Ліна.
Язэп пабег да тэлефона, выклікаў «хуткую дапамогу».
«Хуткая дапамога» прыехала надзіва хутка. Можа, здагадаліся, ведалі, хто выклікае. Цэлая брыгада людзей у белых халатах мо з гадзіну важдалася ля Пятра Пятровіча — слухалі біццё сэрца, мералі ціск, лічылі пульс, спрабавалі гаварыць з хворым. Аднак ён не падаваў асаблівых надзей. Хіба што дыхаў, скрыпеў зубамі ды хроп...
Узваліўшы Пятра Пятровіча на насілкі, дактары вынеслі яго з кватэры, пагрузілі ў машыну, павезлі ў бальніцу. З імі, не хочучы пакідаць мужа аднаго, паехала і Ліна...
Змаганне за жыццё Пятра Пятровіча вялося некалькі сутак. Ён то расплюшчваў вочы, быццам прыходзячы ў свядомасць, то зноў пагружаўся ў цемру. Іншы раз махаў рукамі, варушыў губамі, спрабаваў нешта вымавіць, сказаць. Неяк ён нават прашаптаў: «Няхай лепш немец мяне заб'е... А душу... Не прадам, не аддам!..»
Ліна, якая не адыходзіла ад хворага ні на хвіліну, заплакала.
— Ён трызніць... Трэба ж, каб так падзейнічаў на яго Славікаў сон...
Але не, не сон падзейнічаў на Пятра Пятровіча. Падзейнічалі тыя словы, што сказаў Славік пра чорта, Карчоўніка. Успомніў, у адзін міг успомніў, быццам маланка апаліла Пятра Пятровіча, калі пачуў, што саснілася, прыблюзнілася Славіку, — як наяве ўбачыў тыя, залітыя вадою, выгары, дзе некалі, адстаўшы ад вяскоўцаў і маці, хаваўся ад карнікаў, немца, што ішоў, набліжаўся, старадрэвіну і таго чорта — Карчоўніка, што вылез з-пад вываратня, пачаў прасіць прадаць душу... Толькі цяпер, гэты раз, чорт ужо не ўгаворваў яго прадаць душу, а патрабаваў аддаць. Калі ж ён, Пятро Пятровіч, пачаў супраціўляцца, не згаджацца, Карчоўнік, смеючыся, быццам радуючыся, што нарэшце дачакаўся свайго, накінуўся на яго, пачаў зубамі, лапамі раздзіраць грудзі, імкнучыся дастаць сэрца. Ён, Пятро Пятровіч, абараняўся як мог — біў чорта рукамі, спрабаваў схапіць за горла, задушыць. Але чорт быў вёрткі, выкручваўся. І зноў, зноў, счакаўшы некаторы час, накідваўся, нападаў. І гігікаў, смяяўся, кпіў:
— А што ж ты хацеў? Прадаць душу і — не аддаць? Э-э не, брат! Плаці! За ўсё, усё плаці, што я рабіў! І дзякуй, дзякуй скажы — жыў ты, як рэдка хто, усяго хапала, ні ў чым не меў патрэбы... І хочаш, каб гэта было дарма? Не-е, не-е!
Чорт мяняў сваё аблічча, з маленькага, худзенькага, кволенькага рабіўся раптам быццам арангутанг — з амаль метровымі лапішчамі, вострымі зубамі — ікламі, шалёнымі, злымі вачыма. І калі, гырчучы, пырскаючы слінаю, кідаўся, наступаў на Пятра Пятровіча, у чорта падымалася, уставала дыбка на галаве і на хібе шэрсць.