Выбрать главу

Пятро Пятровіч ніколі не пасаваў перад цяжкасцямі, не здаваўся, не адступаў. Жыццё прывучыла яго да поспехаў, перамог. І адступаць, пасаваць перад нейкім чортам, здацца... Не-е! Ён сціскаў кулакі, напружваў усе свае сілы і кідаўся на свайго ворага, браў загрудкі, трос, калаціў, а то і, злаўчыўшыся, хапаў за шыю, душыў...

Але сілы былі няроўныя. Чорт хутчэй пацяшаўся з Пятра Пятровіча, чым абараняўся. Бо быў ён не толькі вёрткі, мяняў аблічча, але і хітры. Ён то даваў сябе пабіць, то раптам знікаў, дзе і дзяваўся, быццам раствараўся ў паветры, то зноў гігікаў, ашчэрваў зубы-іклы, смяяўся, рагатаў... І Пятро Пятровіч, урэшце, зразумеў, што яму не саўладаць з чортам, што рана ці позна той яго пераможа. І здаўся — закрычаў у адчаі:

— Ну бяры, бяры маю душу, толькі не муч, не муч мяне больш!

І ў тую ж хвіліну адкінуў галаву, заціх...

Пахавалі Пятра Пятровіча Каравая на трэці дзень. А ўжо на чацвёрты згарэла яго дача і разам з ёю — гараж, машына. Не перанёсшы гора, што так нечакана, раптоўна звалілася на сям'ю, злегла ў бальніцу, а потым неўзабаве памерла і Ліна. А там і пайшлі адно за адным іншыя непрыемнасці, няшчасці — выявілася, што адкрыцці, якія рабіў у матэматыцы Пятро Пятровіч, не былі адкрыццямі, іх да яго зрабілі іншыя вучоныя, але пра гэта мала хто ведаў, ды пры жыцці Пятра Пятровіча і баяліся гаварыць. Як вучоны Пятро Пятровіч Каравай быў развенчаны, і слава як лёгка прыйшла да яго, гэтак жа лёгка і пайшла. Наташка трапіла разам з мужам і Славікам у аўтамабільную катастрофу, ды так, што ніхто з іх не астаўся жывы — усе як адзін загінулі... Словам, ад сям'і, якой зайздросцілі, асталіся толькі ўспаміны...

І вінаваты ва ўсім... Было б, вядома, наіўна, нават смешна сцвярджаць, што чорт, хоць, аднак, і яго, рагатага, хвастатага, з рахунку таксама не заўсёды, мусіць, трэба скідваць, а тым больш забываць, што ён ёсць, часта блытаецца пад нагамі, а то і шкодзіць, не дае зрабіць так, як мяркуеш, хочаш...

1986

Барыс Сачанка. Тыя

Чаму раптам захацелася мне расказаць пра гэта? І сама не ведаю. Толькі... Рупіць і рупіць. Адчуванне такое, быццам падганяе хто, пад локаць штурхае, на вуха шэпча: «Ну, не марудзь, пішы...»

І я, не ў змозе супраціўляцца, пішу...

...Тады, у той вечар, я сядзела ў парку пад старымі таполямі ля вадаспада, слухала шум вады, глядзела на зоры, што высыпалі густа, як ніколі, і думала пра тое, што займала ў апошнія дні мяне больш і больш, — пра неапазнаныя лятучыя аб'екты, што з'яўляюцца то тут, то там у небе, пра сляды, што пакінулі ў самых нечаканых месцах на Зямлі іншапланецяне... І не заўважыла, як падышоў да мяне незнаёмы чалавек — прыкладна маіх год, у меру рослы, у меру плячысты, з спакойнымі разумнымі вачыма, мужным хударлявым тварам і сцятымі, вельмі ж валявымі губамі — якраз такі, якія мне падабаюцца, якога быццам стварыла маё ўяўленне, калі я марыла, каго б магла пакахаць і за каго выйсці замуж, — і спытаў, ці можна яму прысесці, таксама паслухаць шум вадаспада. Я, ні слова не кажучы, моўчкі пасунулася на край, дала яму месца.

— Аднак вы смелая, — сказаў незнаёмец. — У такі позні час адна ў парку...

— А які цяпер час? — спытала, як бы апамятаўшыся, я.

— Другая гадзіна ночы...

— Ой, і праўда ж, — спахапілася я, што заседзелася. — Заўтра ж на працу...

Я паднялася, каб пайсці. І трэба ж — акурат на набярэжную, куды мне трэба было кіравацца, вывалілася аднекуль вялікая шумная кампанія падлеткаў. Я ўявіла на хвіліну, што яны могуць са мною зрабіць, калі траплю ім на вочы, — адна, у бязлюдным, амаль неасветленым парку, — і ад страху міжвольна сцепанулася.

— Можна я правяду вас, — паслужліва прапанаваў, быццам прачытаўшы мае думкі, незнаёмец.

Я паглядзела на яго больш уважліва — здаецца, нічога такога не было ў ім, каб баяцца, — і кіўнула галавою, згадзілася. І мы — я і незнаёмец, — не падымаючы адно на аднаго вачэй, паволі пайшлі насустрач шумнай кампаніі. Як толькі мы наблізіліся да падлеткаў, адзін з іх, расхрыстаны, кудлаты, убачыўшы мяне, закрычаў:

— Хлопцы, і шукаць нікога не трэба! Адной на ўсіх хопіць!

Мой праважаты імгненна змяніўся з твару. І не паспела я згледзець, як ён апынуўся ля крыкуна. Схапіў яго загрудкі, калатнуў, ды так, што аж нешта ў кішэнях у таго зазвінела — няйнакш манеты.

— Ану, смаркач, — прашыпеў ён, — прабачэння прасі!

І той, даволі рослы і, па ўсім відаць, дужы, спартыўнага складу падлетак, нейк ураз зніякавеў.

— Я пажартаваў, — залапатаў, вінавата заўсміхаўся ён. — Даруйце, перапіў...

Незнаёмец адпусціў крыкуна, вярнуўся да мяне. Я, каб не выглядаць выпадковай сустрэчнай, узяла яго пад руку, і мы пайшлі, не азіраючыся на кампанію. Кампанія таксама — а было падлеткаў чалавек з дзесяць, — прысаромленая, пайшла сваёй дарогай.

— Які вы смелы! — выказала незнаёмцу ўголас я сваё захапленне. (Прызнаюся, я марыла менавіта пра такога чалавека, калі думала, хто будзе ў мяне муж.)

— Ніякай смеласці тут няма, — сказаў незнаёмец. — Проста не люблю дрэні, не люблю, калі язык лішне распускаюць, п'яныя ці цвярозыя. Дарэчы, мяне завуць Анатоль Іванавіч, Толя...

— А мяне... Каця, — чамусьці засаромелася я.

— Ну вось, мы і пазнаёміліся, — як бы з палёгкай уздыхнуў Анатоль Іванавіч. — А то, на выпадак чаго, нават як зваць адно аднаго, не ведалі... Вы дзе жывяце? — спытаў ён, калі мы выйшлі з парку.

— Ды зусім блізка. Вунь там, у тым доме, — паказала я на дзевяціпавярховы дом, што бялеў па другі бок вуліцы.

— Адна?

— Так, адна... А што?

Анатоль Іванавіч збянтэжыўся, але на хвіліну, толькі на адну хвіліну.

— Гэта я... На ўсякі выпадак... І што — адгадаў? — усміхнуўся ён.

— Адгадалі, — усміхнулася і я.

Не, мне падабаўся гэты незнаёмец, што падсеў да мяне так нечакана на лаўку ў парку і назваўся Анатолем Іванавічам. І ад п'янай кампаніі падлеткаў абараніў, і... Прыемна было разам з ім дадому ісці. Асабліва калі пад руку я яго трымала — быццам з самым дарагім, блізкім чалавекам ішла. І расставацца... Не, не хацелася мне, ані не хацелася расставацца.

— Выбачайце, я затрымала вас... І паслухаць шум вадаспада... не дала... — прашаптала, павінавацілася я.

— Нічога, другі раз паслухаю... А што да затрымкі, дык я... Нікуды не спяшаюся.

— Вам што — хіба заўтра на працу не трэба?

— Я ў адпачынку.

— І нікуды не едзеце, у горадзе будзеце?

— Пагляджу, падумаю. Адпачынак мой толькі пачынаецца... Заўтра першы дзень.

— А вы... Пуцёвак ніякіх нікуды не бралі?

— Можа, яшчэ вазьму, паеду куды-небудзь. Гэта не ад аднаго мяне залежыць.

— А ад каго? Вы што — жанаты, сям'ю маеце? Ці, можа, маці, бацька старыя, нямоглыя?

— Не, я гэтакі ж адзінокі, як і вы. Зноў я здзівілася, аж плячыма павяла.

— Адкуль вы ведаеце, што я адзінокая?

— Не ведаю, а здагадваюся, — усміхнуўся Анатоль Іванавіч. — Калі б вы былі не адзінокая, не сядзелі б так позна на лаўцы ў парку. А каб і сядзелі, дык не адна...

Была, была логіка ў разважаннях Анатоля Іванавіча. Разумны, здагадлівы ён. І лішняга нічога сабе не дазваляў. Паводзіў, словам, не так, як іншыя мужчыны і хлопцы — не лез абдымацца, цалавацца, хоць быццам я першая ўзяла яго пад руку, вяла побач з сабою, і мне гэта падабалася. І не толькі гэта — сам Анатоль Іванавіч падабаўся. Інтэлігентны, далікатны, выхаваны. І разам з тым... Рашучы, смелы. «Такі ў крыўду нікога не дасць, — падумала я. — Вось бы бліжэй з ім пазнаёміцца... А потым... І замуж за такога выйсці». Анатоль Іванавіч быццам здагадаўся, пра што я думаю, пачуў мяне.

— Дык што, заўтра зноў сустрэнемся? — сказаў ён, правёўшы мяне ў пад'езд дома, дзе я жыла, і выклікаўшы ліфт.

— Дзе? — прашаптала я, ласкава акінуўшы вачыма Анатоля Іванавіча.

— Там жа, ля вадаспада, на лаўцы... Прыйшоў ліфт, і я ўскочыла ў яго, забыўшыся пажадаць Анатолю Іванавічу добрай ночы і падзякаваць... За ўсё, усё падзякаваць...