Выбрать главу

Не падабалася мне тут. Ды я і не ведаў, куды ісці. Дождж нечакана спыніўся, і я, вызваліўшыся з-пад не зразумелай апекі кагосьці нябачнага (а можа, мне здавалася, што хтосьці апякае мяне), вырашыў яшчэ раз паспытаць шчасця. Пайшоў наўздагад. Лес то радчэў, то месцамі мне даводзілася абыходзіць гушчар і невялічкія балотцы.

На ўтаптаную сцежку наткнуўся зноў-такі выпадкова. Ведалі б вы, як я ўзрадаваўся на гэты раз! Сцежка, выгінаючыся паміж векавымі стваламі, жвава бегла наперад, губляючыся на чарговым павароце. Я паскорыў хаду. На душы ад смутку і падсвядомага страху амаль нічога не засталося. Гадзіны праз паўтары ўбачыў, што сцежку перагарадзіла дрэва. Не збаўляючы хуткай хады, пераскочыў цераз ствол і быццам праваліўся ў прорву. Дзіўна, але я не бачыў, што за дрэвам — яма. Яна была даволі глыбокая, і пад нагамі непрыемна чвякала. Відаць, наліло вады пасля ліўню. Падняў галаву — метраў за два нада мной, нібы драпежныя шчупальцы, навісалі павыварочваныя карані. Як дацягнуцца да іх? Паспрабаваў вылезці — дзе там! Ужо пасля другога кроку ногі з'язджалі ўніз, у халодную рэдкую мешаніну, і пальцы пакідалі толькі тонкія раскоўзаныя сляды.

Хутка цямнела, а я ніяк не мог выбрацца з пасткі. І трэба ж — гэтак пашэнціла. Няўжо начаваць мне прыйдзецца тут? Хацелася крычаць, клікаць на падмогу, але каго? Хто ў гэты час можа быць у лесе? Не, трэба спадзявацца толькі на сябе. Быў бы нож. Але ў мяне пад рукой не было нічога. Ужо амаль у поўнай цемры, страціўшы надзею, я раптам натыкнуўся на абломак галінкі. Гэта было хоць штосьці. Да зняможання дзёўб у гразкім грунце прыступкі, па сантыметры пасоўваючыся да запаветных каранёў дрэва, за якія можна было ўхапіцца. Толькі тады, калі, ледзь жывы, увесь у гразі, выкінуў сябе з пасткі, я, знясілены, паваліўся на хваёвую посцілку і забыўся ў трывожным сне.

7. Філіпоўскі

Чаму я ўвесь час трапляю ў незразумелыя сітуацыі?

Тутэйшыя жыхары набрылі на мквацракі? Клаўдзя нажэрлася іх да непрытомнасці... Цяпер гэты ідыёт Салдаценкаў трапіў на другую зону. І як гэта яму ўдалося? Паеўшы мквацракаў, альбо, па-тутэйшаму, лясных агурочкаў, Салдаценкаў, як і Клаўдзя, раздвоіўся. Што мне цяпер рабіць з імі? Ну добра, Клаўдзя. Яна недарэка. З ёй было лягчэй. Сказаў, што сястра ў яе знайшлася Паверыла, дурніца. Адправіў яе двайніка калясіць па лесе, і канцы ў ваду. Страгач, праўда, за яе атрымаў ад старэйшага назіральніка. Ну, добра. Але Салдаценкаў... Яму так проста мазгі не ўставіш. Ды я ўжо і страгачом не абыдуся. Перарвуць камандзіроўку, і пішы прапала — ні табе сутачных, ні адпачынку... Хопіць з мяне і таго, што на ўскраіну Галактыкі загналі. Ні табе лагуны, ні больш-менш прыдатнага возера з цёплай вадой. Адна ванна... А з якой цяжкасцю я яе дастаў... Куды ні звяртаўся — не прызначана, і ўсё. А як пераплаціў — калі ласка. На месца прывезлі, самі паставілі. І даволі нішто сабе. Праўда, за гэта вымову ад старэйшага назіральніка атрымаў. Але ці справа ў вымове? Хоць гэтая прадуха, а ёсць у мяне... Ну што ж, няхай Салдаценкаў адзін пакуль паблукае па Зоне. Але каго я сюды вярну? Першага, значыць, сапраўднага Салдаценкава, ці яго копію? Калі копію — скандалу не прамінуць. А ідзі ж ты разбярыся, дзе сапраўдны Салдаценкаў, а дзе яго копія. Праўда, гэты, што тупае сюды, на турбазу, спакойны такі, ціхі. А той, якога я пакуль у лесе пакінуў, жвавы. Усё яму не сядзіцца... Няхай пакуль пазмагаецца ў лесе з траўкай і туманам. А калі ён прарвецца праз зоны? Знішчыць нельга. Каб не забіць сапраўдны экземпляр. Як бы замяць усё гэта? І трэба ж было яму набрысці на мой агародзік! Няма ніякай карысці ад нашых старажоў тут, на Зямлі. На ўсіх планетах яны спраўляліся, а тут... Мне ж — разлічвайся...

Што рабіць? Сустрэць таго Салдаценкава, які вяртаецца, ды ў яго выпытаць усё? Ну і што з таго? А што б зрабіў у такой сітуацыі галоўны? Не, пра гэта лепш не думаць! Падагрэць ваду, зрабіць ванну і плюхнуцца ў яе... Каб усе нягоды растварыліся. Галоўны яшчэ не ведае пра копію Салдаценкава. Зразумела, вартаўнікі паведамяць яму. Але праз суткі. Не раней. Што будзе тады са мной? Звольняць з работы на Зямлі. Няхай сабе!

***

...Вада прыемна зажурчала ў газавай калонцы і ўжо гарачым струменьчыкам палілася ў ванну. Праз паўгадзіны я, скінуўшы з сябе абрыдлую адзежу Філіпоўскага, ступіў у прывабны пенны раствор і расплыўся, наколькі дазволіў аб'ём ванны, утапіўшы ў пене нават свой думаючы бугарок. У вершалінах сосен выў вецер. Ён закалыхваў мяне, і я, не ўважаючы на заклапочанасць будучыняй, заснуў.