Выбрать главу

8. Клаўдзя

Мяне толькі што нехта нябачны падштурхнуў да акна. А можа, гэта так здалося? Ведаю, што павінна была ісці на кухню — праз дзесяць хвілін пачыналася раздача вячэры, але я нібы прыкіпела каля шкла. Убачыла, як Мікалай вяртаўся з лесу, і зразумела, чаму цалюткі дзень месца сабе не знаходзіла. Я хацела яго ўбачыць. Хоць мелькам. У мяне ад учарашняга вечара быў голад па ім. І тут мяне нібы прарвала радасць, калі ўбачыла, як ён мерна крочыў па дарожцы да турбазы. Мне стала душна, і я, стоячы ля акна, стала важдацца з застаўкай. Акно нарэшце з рыпеннем расчынілася, і халаднаватае, пахучае сасновае паветра ўварвалася ў пакой. Спалохана грукнула клямка на веснічках.

Пакінуўшы расчыненае акно, выбегла з хацінкі. Мікалай ішоў проста на мяне. Схавалася за сасну. Праз хвіліну ўбачыць! Няўжо сапраўды закахалася? Думала, што гэта так, дарэмныя размовы. Але ж не, прыйшоў і мой час!

— Коля! — я, смеючыся, выскачыла адразу перад ім з-за сасны. — Прывітанне!

Ён паглядзеў на мяне быццам на пустое месца! Мне здалося, што густыя бровы яго жаласна заламаліся і рэзка палезлі ўверх. На момант спыніўся. Пакруціў пальцам ля скроні і, абышоўшы мяне, яшчэ радасную, моўчкі пайшоў далей, да свайго доміка.

— Ко-ля! — з надрывам у голасе паклікала я яго, адчуваючы, як усё далей і далей ён аддаляецца ад мяне.

Мікалай павярнуў галаву і, груба вылаяўшыся, пхнуў нагой трухлявы пень, які стаяў побач, зноў пакрочыў наперад.

Не вытрымала і заплакала. Недарэка я, неадукаваная. Зразумела, інстытутаў, як Мікалай, не канчала. Так, сельская дзесяцігодка. Толькі атэстат атрымала. А ў вёсцы якое вучэнне? То пасадка, то праполка, то збор ураджаю... І ўся навука... Пабегла да яго, а ён... Быццам ад пракажонай шарахнуўся. Вось і вер ім, гарадскім. Учора ўвечары ледзьве што ў каханні не прызнаваўся, два разы пацалаваў, а сёння... Лепш і не ўспамінаць. У яго толькі твар высакародны, а душа... Цёмная-цёмная. Вядома, што крыўдна. Я думала, што ён сапраўды ўсё... Як з цацкай, што надакучыла, — ён са мною...

Толькі паварыха цётка Моця вывела мяне з трансу. Спачатку штосьці гаварыла супакойлівае, сваёй вялікаю, шурпатаю ад працы рукою гладзіла мяне па галаве, а потым, узяўшы за руку, павяла за сабою ў харчблок.

9. Кароўская

Нарэшце Сашка сёння прыехаў у пару. Усё нейкія прычыны знаходзіў. Вясёлы-вясёленькі.

— Здароў, Нюр! І сёння закідаеш машыну пасылкамі?

— І сёння, — уздыхнула я.

— Нябось план па пасылках на лета ўперад выканала? Прэмію вялікую атрымаеш.

— Бач, прэмію! А пацягай іх.

— І што яны пасылаюць, усё хачу папытацца.

— Арэхі нейкія, у шакаладзе.

— Што? — здзівіўся Сашка.

— Вось табе і што. Арэхі ў шакаладзе.

— Шакалад зараз нат у Маскве дэфіцыт. А тут... Дзе ж яго тут бяруць? — спытаўся быў Сашка, ды я, аддаўшы апошнюю пасылку, рэзка абарвала, каб не прыставаў:

— Тлумач усім, што ды чаму. Скуль я ведаю? Пасылаюць, і ўсё. І я пашлю. Вось толькі трэба схадзіць у лес, а мне няма калі.

Сашка, зразумела, пакрыўдзіўся, ляпнуў дзвярыма і паехаў. Ну дык усім не будзеш любы. Тут учора такі скандал муж закаціў, што няма продыху. Хтосьці напаіў яго самагонам. Ён дык у мяне ўмелец. Гэта яго і губіць. Ну ды што пра гэта гаварыць. Выбірала. Сама пайшла...

Рыпнулі ўваходныя дзверы. Ну вось, пачаліся гэтыя ідыёцкія пасылкі. А каб іх!..

— Добры дзень, Нюр! — дзед Козыр прыцягнуўся. Ну, вядома, з пасылкай кулібінскай.

— Я т-таго, Нюр, пасылачку, гэта, зрабіў.

— Дык бачу, — кажу яму амаль злосна, — што не бандэроль.

— Вось не ведаю, каму паслаць арэхі тыя. Нікога ў мяне няма. Усе шлюць, дык і мне трэ было б. Нюр, можа, падкажаш, — каму? — Што падкажу? — не зразумела я. — Хоць бы ты мне мазгі не дурыў.

Пакрыўдзіўся дзед Козыр, упарта засоп у дзве дзірачкі. Потым палажыў пасылку сваю на шалі і пайшоў у наступ:

— Я вайну ўсю прайшоў, ранены, вось, бранябойнымі, г-гэта, а ты, Нюр, мяне крыўдзіць уздумала. Усіх маіх вайна палажыла, дык паслаць шкада?

— На «деревню к дедушке»? Можа, табе самому і паслаць?

— Няхай і мне. Усе пасылаюць, — упарта сказаў дзед.

— Добра, адпраўлю, — згадзілася я і ўзяла пасылку без адраса. Каб адчапіцца. Калі не — увесь дзень мазгі кампасціраваць будзе.

— І квітанцыю выпішы.

Гэтыя ідыёцкія арэхі ў шакаладзе мне ўжо ўпоперак горла. Як самая небяспечная хвароба. Нібыта ўсе на яе, як на грып, захварэлі. Дзед Козыр, пакрэхтваючы, нарэшце пайшоў. Усе яны, старыя, не пры сваім розуме. Пакаштаваць бы тых арэхаў самой. Кажуць, смачныя, і поўна іх там, у лесе. Ды няўжо і я захворваю на гэты арэхавы вірус? Гэтага яшчэ мне не ставала!