10. Філіпоўскі
Пабудзіў мяне будзільнік. Вылез я з халоднага ўжо раствору, апрануўся ў абрыдлую чалавечую адзежу. Новы дзень. Новыя клопаты. Чалавечкі па сваёй натуры прагныя. Ніяк не ўцямлю чаму? Тутэйшыя хоць пра агурочкі нічога не ведаюць. Змайстраваў ім у першай зоне лужок салодкіх арэхаў у шакаладзе, ім і даволі. Па ўсёй краіне родзічам ды знаёмым шлюць дзіўныя плады. Не, напэўна, трэба будзе знішчыць і першую зону, дый другую. Хоць мквацракі мне ж патрэбны! Таго, што прысылаюць, напалову хапае. Галадуху ж трываць няма ахвоты. Мяне, напэўна, за гэты другі выпадак з мквацракамі звольняць з работы. А што будзе з турбазай? Няўжо я знікну? Як гэта адбудзецца? Па зямных мерках я, напэўна, памру. Стане сэрца. Альбо будзе кровазліццё ў мозг. А можа, яшчэ штосьці прыдумаюць. Так, мяне пахаваюць. Напэўна, з музыкай. Так, як хавалі былога старшыню таварыства пчаляроў Палікарпа Сцяпанавіча Смірнага. Ну, гэта яшчэ нішто сабе. Зразумела, не пара яшчэ. Трэба справы падцягнуць. І так інструкцыю не ў поўнай меры выконваю. Я, бясспрэчна, трохі атрафіраваўся. А як жа інакш? Так далёка ад роднай планеты, ад жонкі і дзяцей. Пражытыя гады ў ізаляцыі на Зямлі дарма не прайшлі, Зразумела, маім там пакуль нішто сабе. За мяне двайнік спраўляецца. А ці не здарыцца, што жонка мяне і на парог не пусціць? А дома мяне сустрэнуць не чацвёра маіх цудоўных дзетак (яны, мабыць, трошкі пасталелі ўжо), а штук восем? Што будзе тады? Вядома, гэта ўсё мае здагадкі. Але — чаго добрага...
Парадокс! Адзін з Салдаценкавых лаецца, мітусіцца, другі ж — цішэй вады, ніжэй травы. Нейкі незразумелы. Хто цяпер на турбазе? Сапраўдны альбо... яго двайнік? У нас, калі мы мквацракі ядзім, таго, як на Зямлі, не адбываецца. У нас стопрацэнтная копія сапраўднага мужчыны альбо жанчыны. Таго, каго капіруюць. На Зямлі ж агурочкі ненармальныя атрымліваюцца. Узяць хоць бы Клаўдзю... Альбо Салдаценкава. Зразумела, больш прыкладаў пакуль няма. Але ці ж гэтага мала? Ну, не! Напэўна, трэба будзе развітацца з агародзікам...
11. Салдаценкаў і Клаўдзя
Воблака туману насоўвалася з поўдня. Сівыя касмылі, абыходзячы тоўстыя ствалы сосен, паволі набліжаліся да мяне. Ігольчастая трава, напэўна, адчуўшы, што вось-вось і на яе асцярожным зверам накінецца туман, скурчылася. На кожным кончыку травінкі нерухома застыла бліскучая, велічынёй з макавае зернетка атрутная расінка. Ёю ігольчастая трава абараняецца ад усёпажыральнага туману.
Мне трэба было хоць бы далей адпаўзці ад гэтага цёмна-фіялетавага астраўка. Трава быццам забылася пра мяне. Стала прыемна мяккая і ўжо не пяклася. Напэўна, у яе была цяпер іншая турбота — зберагчыся ад туману. Мне б у гэты час уцячы адсюль. Ды не было сілы. Засяродзіў усю ўвагу на велізарным рукаве туману, што змяніўся па лесе і з катастрафічнай хуткасцю набліжаўся да лужка ігольчастай травы і да мяне.
Даймаў холад. І дождж. Амаль асенні, імжысты, што пачаў ліць учора ўвечары і не перапыняўся дасюль. Я прамёрз грунтоўна. Але ўва мне яшчэ цеплілася надзея, што ўсё ж вярнуся. Туман больш не напіраў, і я, сціснуўшы зубы, паволі ўстаў. Зірнуў на цяжкія ад дажджу, паніклыя амаль да зямлі яловыя лапкі. І раптам з-за іх нечакана выглянуў здзіўлены і ў той жа час мілы твар Клаўдзі, маёй Клавачкі. Гэта яна была ў квяцістай чырвонай сукенцы. Яе валасы былі мокрыя ад дажджу і, мусіць, таму звісалі з галавы, нібы шнуркі.
— Клаўдзя! — я папярхнуўся. Яна спалохана глянула на мяне, але не знікла. Адсунуўшы цяжкую яловую лапку, выйшла з-за яе.
— Прывітанне, Мікалай Мікалаевіч.
— Прывітанне. — Я з палёгкай уздыхнуў. Нарэшце мяне знайшлі. Мяне ж шукалі?
— Адкуль вы ўзяліся тут, Мікалай Мікалаевіч? — у яе голасе здзіўленне. — Я ж сама бачыла, як вы, Мікалай Мікалаевіч, учора ўвечары былі на турбазе.
— Як гэта? Д-ды я... заблудзіўся ў лесе. І вось ты!
— Вас хто-небудзь пакрыўдзіў, напэўна, і вы падумалі... — Яна паглядзела на мяне так жаласліва, сумна, што мне стала нядобра. Яе худзенькія рукі бездапаможна апусціліся да зямлі. Клаўдзіна сукенка была мокрая наскрозь і аблягала яе прыгожае цела, падкрэсліваючы яшчэ не зусім жаночую, але ўжо і не дзіцячую фігуру.
— Што ты кажаш, Клавачка? — паспрабаваў я пераканаць яе ў адваротным.