— Ды не. Я ж бачу, Мікалай Мікалаевіч, — упарта сказала яна. — Бачу і адчуваю. — Яе вочы поўныя адчаю і страху. Гэта зусім збянтэжыла мяне. — Вы ніколі такія не былі, Мікалай Мікалаевіч... — зноў напомніла Клаўдзя.
Над маім вухам надакучна загудзеў велічэзны камар. Адмахнуўшыся, я яшчэ раз глянуў на Клаўдзію, якая нерашуча стаяла метраў за два ад мяне. Я гатовы быў кінуцца пацалаваць яе, абняць... Але стрымаўся. Чаму — не ведаю. Цыгарэта даўно патухла, і адмоклы ля кончыка губ тытунь гарчыў і ледзь адчувальна прыпякаў. Палез у кішэню ў вятроўку дастаць каробку запалак. Яна, на маё здзіўленне, яшчэ не размокла. І я праз хвіліну выпусціў смачны касмыль дыму, які паціху разыходзіўся і выкрунтасамі падымаўся над галавой. Нечаканы рух злева, які я ўбачыў бакавым зрокам, прымусіў мяне скурчыцца. Рэзка павярнуў галаву налева. Там нікога не было. Але прысутнасць кагосьці, нябачнага, адчуў усімі клеткамі свайго цела. Клаўдзя, відаць, таксама нешта пачула і толькі паспела вымавіць, нібы асцерагаючы:
— Там-м. Мікала-а-й...
Туман накінуўся на яе з-за таўшчэзнага ствала разгалістай яліны. Шчодра расплыўшыся сакавітымі белымі пасмамі па маленькай лагчынцы, умомант абкружыў Клаўдзю. Серпавідным краем дакрануўся да маёй рукі, разануў па ёй, нібы параю з лазні з разагрэтым амаль да белага каменнем. Я спачатку нават не зразумеў, што ж адбылося. Зазвінела ў вушах. Болем аддалося ў хрыбце. Рэзка ўдарыла ў ногі. Здалося, што пада мной загайдалася зямля. Ледзьве ўтрымаўся, каб не паваліцца. Успомнілася лазенька бабулькі Акуліны. Якраз так здарылася са мною ў той злашчасны дзень, калі прыехаў да яе ў госці.
Гадоў з дзесяць да таго я не быў у Лазоўцы. Вёска шмат у чым змянілася. Дзе папрыгажэла, а месцамі і састарэла. Хата няхай трохі і пакрывілася ў бок лесу, аднак выглядала яшчэ самавітай і моцнай. Колькі ёй — не ведаю. Бабулька Акуліна, праўда, казала, што яна ў ёй нарадзілася. Пагаманілі ўдосталь. Разведала ўсё пра бацьку і маці. Пакрыўдавала на сястру маю, Валю, што і вачэй не паказвае. Ужо пад вечар, у сінія прыцемкі, пайшла бабулька лазеньку сваю «фірмовую» цепліць. Ды, мусіць, перастаралася. Хіба ж дзеля ўнучка дроў шкадаваць?..
Як увайшоў я ў тую лазеньку, думаў, што сэрца адразу спыніцца. І ад таго, што горача, і ад таго, што ў бабулькі маёй быў рэцэпт квасу асабістага, каб наплюхаць на каменне...
Пакутліва, то адкрываючы, то заплюшчваючы вочы, я ўсё намагаўся цяпер што-небудзь зразумець. Як і тады, у лазеньцы бабулькі Акуліны. Што ж гэта такое? Нарэшце да мяне дайшло. Туман туманам, але ж туман не можа быць такі белы, не можа так апякаць. Ён хутчэй шызы і халодны. Тут жа, у лагчынцы, побач з Клавай, ён быў чыста-белы. Клаўдзя, нібы спатыкнуўшыся аб корань, які вылез на сцежку, моўчкі распласталася сваім худзенькім цельцам на леташняй мокрай хвоі. Быццам нежывая, застыла ў нязручнай паставе. Яе квяцістая паркалёвая сукенка легла на малако туману, як латка, ды ў ім і патанула.
«Бог ты мой!» — жахнуўся я. Спрабуючы дапамагчы Клаўдзі, я кінуўся да яе. Ад вялізных пасмаў туману ішла незразумелая густая гарачыня, якая не дазваляла мне наблізіцца да яго ахвяры.
«Ёй, напэўна, там страшна няўтульна», — зноў падумаў я, адскочыўшы ад драпежнага гарачага туманнага языка, што пагражальна плюхнуўся ў мой бок.
12. Філіпоўскі
Што ж мне рабіць? Ну, вярнуў я гэтага Салдаценкава. А ці той ён? А можа, я сапраўднага ў лесе пакінуў? І вартаўнікі праваронілі! Не, з гэтымі сістэмамі на Зямлі штосьці не тое адбываецца. То яны Клаўдзю-дурніцу пусцілі на мой агарод, цяпер — Салдаценкава...
Ужо колькі гадоў зямных назіральнікам раблю, амаль што ачалавечыўся, і ўвесь час балюча спатыкаюся аб нейкія дурныя перашкоды. Ніяк не магу зразумець, што ж людзі за істоты такія? Усё быццам так, як трэба, а яно — на шкоду. Выдумляюць, спрачаюцца, сварацца і ўрэшце забіваюць сябе. Сваёй бесталковасцю. Ну, напэўна, мала тут майго мозгу. Магчыма, мне патрэбны такі мозг, як у чалавека. Але тады я ўвогуле ператваруся чорт ведае ў што. Ужо не будзе Лона і пра лагуну, няхай і не найлепшую, ды пра жонку забудуся... Гэты страшны стан нявер'я ў сябе. І гэтыя тэлеграмы з Цэнтра ўшчэнт расхвалявалі мяне... Эмоцыі... Эмоцыі...
Я працаваў і на Сірыусе, і на Змеялове. Як і там, тут па інструкцыі раблю. Зацверджанай у вышэйшых інстанцыях. І які толк? Ды хіба я вінаваты? Вінаватых заўсёды знойдуць. І пакараюць. Але... Ён заўсёды быў дзівацкі, гэты род людскі... Мая віна, што агародзік свой пасадзіў. А далей усё пайшло ды паехала... Сядзеў бы дома. Як жа ж распазнаць Салдаценкавых? Можа, звесці разам? Няхай самі разбіраюцца. У такім выпадку я ўмяшаюся ў зямное жыццё. Запытаць дазволу ў старэйшага назіральніка? Ён мне ўсё ўспомніць: і Клаўдзю, і агародзік, і... Я ідыёт. Даверыўся туману. Не, не буду пытацца дазволу. Звяду двух Салдаценкавых. А раптам і абыдзецца... Як здагадаюся, хто ёсць хто, другога анігілюю, і ўсё.