Выбрать главу

...А я не хачу нічога браць і не бяру нічога. Ні ў кога. Вось мяне... і празываюць белай варонаю. А чаму? Напэўна, нікому не хочацца прызнавацца ва ўласнай дурноце? За ўвесь час, пражыты на Зямлі, я так і не зразумеў, чаму таго чалавека, які выконвае ўсе прадпісанні, распараджэнні і законы, лічаць выключэннем з правілаў? Якіх правілаў? Так ні ад кога і не дазнаўся. Напэўна, я ўжо атрафіраваўся і мае даследчыя высілкі пайшлі на глум. Не, я ўжо не даследчык. Мне ўвесь час так і карціць умяшацца ў тую ці іншую справу. Разумею, я — назіральнік, ні аб якім умяшанні і гаворкі не можа быць. Жыць жа па-за зямнымі законамі — гэта амаральна. Але людзі жывуць. Як яны жывуць — не ўцямлю. Не, напісаныя імі законы — не для іх. Не, гэта глухія нетры, у якіх я заблудзіўся, як той казаў, канчаткова. Спрабую яшчэ хоць што зрабіць, каб зразумець чалавецтва, але, напэўна, мае мізэрныя спробы ўжо нічога не дадуць. Я стаў стары, стаў кансерватарам. Гэтаму мяне навучылі людзі. Мне цяжка збавіцца ад неадчэпнай ідэі, што я ўжо не назіральнік, а сапраўдны зямлянін з усімі ўласцівымі яму адхіленнямі ад нормы...

Дык як жа абысціся з Ілжэсалдаценкавым? Ліквідаваць няцяжка. Ды як на гэта паглядзіць сапраўдны Салдаценкаў? Яны сустрэліся толькі сёння. Але гэта не мая прыхамаць. Павінен жа я быў ведаць, хто ёсць хто? А што далей зрабіць?

15. Салдаценкаў

Не, ён не звіхнуты, як здалося мне спачатку, калі Філіпоўскі з'явіўся на ўзлеску, куды мы з Ілжэмікалаем выйшлі ўдвух. Проста Філіпоўскі быў тым непрыемным тыпам, якія яшчэ трапляюцца ў нас. З ім немагчыма гаварыць. Усё рассыпаўся ў кампліментах і са мной, і з Ілжэмікалаем. Я паспрабаваў быў пажартаваць, ды зразумеў, што з ім немагчыма ў жартаўлівым тоне размаўляць. Усё разумее непасрэдна. Мяне яшчэ злавала гэтая яго ідыёцкая паслужлівасць, ці што. Ды хіба толькі мяне. І Лжэмікалай зразумеў гэта, бо не хацеў нават гаварыць з Філіпоўскім, які ішоў за намі ледзь не подскакам, трасучы сваім вялізным пузам. Быццам хтосьці зверху прадпісаў яму жыць па паперцы. Здавалася, што ў гэтым кепскага? Але гэта ніяк ні з чым не вязалася.

Раптам Філіпоўскі ўсклікнуў. Мы разам з Ілжэмікалаем спыніліся і азірнуліся. На нейкае імгненне мне здалося, што Філіпоўскі зусім расплыўся, што яго з'еў велізарны жывот. Гэтага аказалася даволі, каб я не ўбачыў, як знік Ілжэмікалай. Калі азірнуўся па баках, убачыў толькі густую пасму туману, што, выгінаючыся, нібы рэптылія, змяілася з палянкі, на якой стаялі мы, у глыб лесу.

— Куды дзеўся Лжэмікалай? — спалохана запытаўся я ў Філіпоўскага, які паспеў падысці да мяне амаль ушчыльную.

— Вы ў мяне пытаецеся?

— Мусіць, вам нешта вядома.

— Мне?.. — паспрабаваў здзівіцца Філіпоўскі, і мне здалося, што ён усё ж нешта ведае, бо яго вочы былі нібы за непранікальнай заслонай.

— Так, так, — незразумела сказаў Філіпоўскі і, узяўшы мяне пад руку, пацягнуў з лесу на невялічкую сцежку. — Вас ужо, Мікалай Мікалаевіч, прачакаліся там, на турбазе. Усе шукаюць. І даволі даўно.

— Дык куды ж дзеўся Лжэмікалай? — усё яшчэ дапытваўся я.

— Ды не было такога. Не было, і ўсё, — сказаў ён і паспрабаваў перавесці гаворку зусім на іншае. Стаў гаварыць пра надвор'е, нешта пра дажджы, што зарадзілі недарэчы якраз на гэтым тыдні.

— Вы кіньце зубы мне загаворваць, Канстанцін Іванавіч, — сказаў я. — Ну няхай, Ілжэмікалая не было. Але што вы скажаце пра Клаўдзю, якую змярцвіў ідыёцкі туман?

— Пра які туман вы кажаце, Мікалай Мікалаевіч? Пры чым тут туман? — усё больш дзівіўся Філіпоўскі. — Так. Туман быў і ёсць. Хіба мала тут туманаў? А Клаўдзя... Клаўдзя на турбазе. Дапамагае кухарцы нашай абед гатаваць. Які туман? Вы нешта блытаеце, Мікалай Мікалаевіч.