Выбрать главу

...Далібог, мне самому ніколі не ўяўляўся галоўнай задачай нудны, абстрактны аналіз: як, скажам, змянілася дзяржальна баявой сякеры за пяцьсот гадоў. Не — кожная культура выклікала да жыцця яскравы пачуццёвы вобраз. Менавіта ажыўленне вобразнай сутнасці мінулага было мне даражэйшае за ўсё. Хіба археалогія толькі ўпарадкоўвае, хіба не ўваскрашае?!

...Страшная, дамавінная цесната празмерных каменных мас. Скучаныя зверагаловыя монстры і сярод іх — смуглы хлопчык з тонкай шыяй і вялікімі вачыма, наіўны і паважаны, у золаце, з накладной барадой — забаўка хітрых старых. Золата, спякота, духмянасць, ад якой чмурэеш, манатонны гук струны — гэта Эгіпет. Сцены з размаляваных чарапоў, пыл на падстрыжанай траве свяшчэннага стадыёна, сонца і рэзкі цень піраміды, званочкі на шыях брудных ламаў. Быць сёння крыві. Жорсткія і скрытныя дзеці — ацтэкі... Адпачнём на ўзбочыне дарогі пад мелавым схілам, над бірузовым шчытом мора. Разломім наздраваты праснак, пакладзём на яго жоўты сыр... Вып'ем аскомістага віна, спачатку ўзліўшы Хмараганіцелю. Элада...

Усё ж такі я — ускосны віноўнік прапажы сябра. Чытаючы на стэндзе вышуку спіс Сержавых прыкмет, я дайшоў да вопраткі. Джынсы старыя, гімнасцёрка вайсковая, акуляры цёмныя сонцаахоўныя, сумка сіняя на рэмені цераз плячо, з надпісам «Аэрафлот». Я адчуў на імгненне непрытомнасць. Значыць, Серж адправіўся ў поле, і можна ўпэўнена сказаць куды.

Вядома ж, гэты маршрут упершыню паказаў ім я ў леташнім чэрвені. Не так ужо і далёка ад Горада: гадзіну з нечым на рэйсавым аўтобусе да апошняга прыпынку — маленечкага сельмага пасярод запыленай плошчы. Потым прасёлкам направа, па плаціне цераз возера, дзе ў цесным чароце стракатыя дзікія качкі дружаць з белымі свойскімі. Ад плаціны — звілістай лясной дарогай...

...Калі выйшлі з лесу, у Ірыны і Сержа, хоць і падрыхтаваных маім расказам, на хвіліну перахапіла дыханне, а потым яны навыперадкі сталі захапляцца. Уздымаючы хрыбет на вышыню двухпавярховага дома, бурым тлустым драконам ляжаў сярод поля старажытны абаронны вал. Справа ён хаваўся ў сасновым бары, затое налева адыходзіў, як ахапіць вокам, па мірным лёгкім жыце. Каляіна, па якой мы прайшлі лес, цяснінай прарэзвала вал.

Так, калісьці ў гэтым ціхім, зялёным, хлебным краі, дзе патрыярхальна стракочуць трактары і ляжаць у цяні вала пярэстыя сонныя каровы, — калісьці ў гэтым краі кіпела вялікая работа. Нашыя з вамі прашчуры, суровыя, гаспадарлівыя, забабонныя славяне, ставілі бар'ер перад драпежным, вераломным стэпам. Увесну рылі і цягалі зямлю; пабудаваўшы насып, часалі вострыя калы на агароджу па хрыбце, ставілі вартаўнічыя вежы. Потым колькі хочаш маглі налятаць стэпавікі на каратканогіх кудлатых коніках, раўці нялюдска, круціць над галавой арканамі. За глыбокім ровам, за крутым бокам дракона, на які вершнік не ўзбярэцца, а пешага сустрэнуць гартаванай стралой, гэтаксама, як сёння, ціха-мірна каласілася і выходзіла ў трубку жыта. Дымамі зямлянак курыліся гарадзішчы. Жанчыны даілі ўсё тых жа гнядых ды плямістых, ганчары выраблялі ляпныя паяскі на вазах (так, у іх былі і вазы!), а кавалі па золаце набівалі руку на фібулах для плашчоў. Як доўга і добра жыла краіна за вялікім валам, сведчыць чорная, жоўтая, чырвоная кераміка. Мірыяды асколкаў, якія штолета выгортваюцца плугамі і вымываюцца дажджамі на раллю. Нават капаць не трэба.

Прайшоўшы кіламетры тры спякотным пыльным гасцінцам уздоўж насыпу, Іра раптам абвясціла прывал і рынулася на схіл, штурмуючы пахучую блытаніну жаўтазелю, піжмы, бярозкі і пругкага белага дзяцельніку. Уверсе, дзе калісьці за брустверам чакаў стэпавікаў вастравокі лучнік, расла моцная разгалістая груша-дзічка. Схаваныя мноствам дробнага лісця і цвёрдых, быццам костка, пладоў, мы разгарнулі пакункі з ежай. Перад намі аж да самага далягляду грувасціліся хвалі рудой збажыны, а пасярод іх — шыза-зялёныя плямы капусных градак і лесаахоўныя палосы. Толькі падкрэсліваючы ўсеабдымную цішыню, дзелавіта лескаталі конікі, зароў у палёце грузны чмель ды недзе пад нерухомым небам вуркатала сенакасілка. Я націраў радыску мокрай камякаватай соллю, жаваў булку з вяндлінай і думаў, запіваючы ўсё гэта цёплым ліманадам з рыльца бутэлькі: гэтыя, не закаламучаныя мітуснёю хвіліны — ці не лепшыя ў маім жыцці?

Перакусіўшы, Іра з Сержам яшчэ доўга качаліся б на траве і палілі. Але я, нібы фанабэрысты ўладальнік калекцыі, прыспешваў іх з жаданнем як мага болей паказаць да цемнаты.