Выбрать главу

— Ды я зусім і не да вас, — пачаў быў я, ды баба Моця рэзка абарвала мяне:

— Вядома, што не да мяне. Глядзі ў мяне, Мікалай! Пакрыўдзіш сірату — век не дарую.

— Н-не зразумеў, — толькі і вырвалася ў мяне.

— Усё ты зразумеў, голуб. Зараз Клаву вышлю. А то ўсе дзяўчыну крыўдзяць. Хоча як лепш, а яе, бач, то камендант наш лае бясконца, уся, бедная, у слязах прыбягае. Рукі на сябе хоча налажыць. А цяпер во і ты ёй спакою не даеш. Глядзі ў мяне, Колька!

17. Салдаценкаў і Клаўдзя

Мы сядзім з Клавай каля дзіцячага ложачка, у якім ціха пасопвае наш першынец Аляксей. Такі чароўны карапуз, што не налюбуемся з яго. Гадзіны паўтары таму Каралёў, мой калега, паведаміў, што Філіпоўскі памёр і пахавалі яго ўсёю вёскаю. Дырэктарам турбазы прызначылі нейкага новенькага хлопца. Нечым падобнага на Філіпоўскага. Такога ж, як і ён, параграфа. Незразумелага, трохі прамалінейнага. Але я-то ведаю, што Філіпоўскі быў прышэльцам на нашай планеце. Ён мне сам сказаў пра гэта, калі я ад'язджаў. Зразумела, па сакрэце. Напэўна, не вытрымала яго ўжо ачалавечаная душа. Не, я разумею, што ён не памёр. Ведаю гэта дакладна. Яго перавялі на іншую планету. За тое, што не выканаў заданне. Але што ён мог зрабіць тады? Дый цяпер бы нічога не зрабіў. Ён жа шмат чаго не разумеў, бо нарадзіўся не на Зямлі...

Дарыян Чакану. Срэбная ружа

Пераклала Галіна Шаранговіч

У гэтую ноч у мяне расцвіла ружа. За адну ноч, зусім нечакана, ды яшчэ якая! Яе срэбныя пялёсткі прамяніліся таямнічым святлом, абуджаючы пачуццё нейкага дабратворнага супакаення.

Я адчыніў акно, каб ружа магла дыхаць свежым паветрам. Ад лёгкага ветрыку яе пялёсткі трапяталіся, яны быццам струменіліся, напаўняючы наваколле спакоем і цішынёй.

Я паклікаў жонку, каб яна таксама ўбачыла дзівосную кветку:

— Сільвія!

Відаць, яна спала.

— Сільвія! — крыкнуў я. — Ідзі сюды! У нас расцвіла ружа!

Яна з'явілася за спіною, зірнула на маё стварэнне.

— Прыгожая.

Пазяхнула і пайшла з пакоя. Я праводзіў яе збянтэжаным позіркам. Жончына абыякавасць была незразумелая: ружа не проста цвіла, яна пульсавала, рухаючыся ў танцы пад гукі нейкай, адной ёй чутнай музыкі.

— Сільвія! — зноў паклікаў я. — Не, ты паглядзі, якое хараство!

— Ну я ж сказала, што прыгожая.

— Ты толькі мімаходзь зірнула, а на такое трэба глядзець і глядзець!

— Ты б лепей схадзіў кавун купіў. Тры дні дзеці ныюць, просяць кавуна, а іх бацька з ружамі няньчыцца... Чуеш?..

Ружа ўсё танцавала і танцавала. Потым пачала спяваць. Я слухаў яе як зачараваны. Добра, што яна не чуе Сільвію! Добра, што і я не чуў Сільвію!

У пакой зайшоў Раду.

— Ого, якая прыгожая ружа, — сказаў ён, пазяхаючы, і тут жа пайшоў прэч.

— Раду, сынок, пачакай, куды ж ты? Ты бачыў ружу?

— Бачыў, бачыў.

— І табе падабаецца?

— Падабаецца.

І Раду нічога не разумее.

Я падняў з ложка свайго малодшага, Сэндзела, і панёс яго да кветкі. Ён быў яшчэ сонны і супраціўляўся, а калі зразумеў, што гэта не паможа, заліўся горкімі слязьмі.

— Не плач, мой маленькі, паглядзі, якая прыгожая кветка.

Ружа, аднак, ані яго не супакоіла.

— Сэндзел, сынок, панюхай гэтую кветачку!

— Не хасю! — адварочваўся Сэндзел. — Хасю кавуна!

— Не чапай дзіця, што ты яго мучыш?! — накінулася на мяне жонка.

Да мяне ніяк не даходзіла, што, нарэшце, адбываецца: як можна заставацца абыякавым побач з такой прыгажосцю? Срэбная ружа! І справа не ў тым, што я яе вывеў, выпесціў і аддаў ёй некалькі гадоў жыцця, я быў у страшэннай роспачы, бо не было ў маіх сямейнікаў элементарнага пачуцця прыгожага...

— Не журыся, добры чалавек, — пачуўся аксамітавы голас.

Я здзіўлена азірнуўся.

— Гэта я.

Гаварыла... ружа!

***

Праз два дні ў дзверы пастукалі, і Сільвія пабегла адчыняць.

На парозе стаяў высокі стройны мужчына. Ён паправіў сонцаахоўныя акуляры і ветліва ўсміхнуўся.

— Пані Сільвія, я ад вашага мужа.

— Праходзьце. Што з ім?

Незнаёмы зайшоў у кватэру.

— Калі ласка, не турбуйцеся. Я літаральна на некалькі хвілін.

— Што з маім мужам? — настойліва паўтарыла Сільвія.

Толькі цяпер яна здолела добра разгледзець госця. Ён выняў з кішэні насоўку і пачаў старанна праціраць акуляры. Сільвію ўразілі яго вочы, яны былі незвычайнага колеру і выпраменьвалі нейкае загадкавае святло. Быццам загіпнатызаваная, глядзела яна ў гэтыя вочы, адчуваючы, што ўсю яе істоту запаўняюць цёплыя промні. Але тут незнаёмы начапіў акуляры і загаварыў да яе: