— Пані Сільвія, не хвалюйцеся. Ваш муж жывы-здаровы, але... ён не можа прыйсці, бо...
— Што з ім? — усклікнула Сільвія. Гіпнатычны стан, у якім яна патанула, знік гэтаксама хутка, як і з'явіўся.
— Пані Сільвія, прашу вас, супакойцеся.
Незнаёмы відавочна разгубіўся і, напэўна, таму паспяшаўся выдаць інфармацыю, якую хацеў паведаміць спакваля:
— Ён знаходзіцца ў Краіне Ружаў.
У душы ў Сільвіі змагаліся два пачуцці: нявер'е і адчай. Кожнае з іх магло выклікаць прыступ нястрыманага шаленства, а гэтага больш за ўсё і асцерагаўся незнаёмы.
— Што-о? Дзе-е?! — як і меркаваў ён, абурылася Сільвія і грозна рушыла на яго.
— Пані Сільвія! Пані Сільвія! — спрабаваў супакоіць яе госць.
Але яна набліжалася, і было відаць, што намеры ў яе самыя агрэсіўныя. Госць зразумеў гэта і, адступаючы да дзвярэй, апошні раз паспрабаваў яе супакоіць:
— Пані Сільвія, ваш муж адчувае сябе добра і прасіў мяне перадаць вам грошы!
І ён падаў ёй канверт. Аднак грошы выклікалі адваротны эфект.
— Грошы?! Я пакажу табе грошы! Шантажыст!.. — зараўла яна. — Каб зараз жа, чуеш, у гэтую ж хвіліну, ты вярнуў мне майго мужа! Інакш...
Каб хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай сцэнай, незнаёмы зняў акуляры, зірнуў на Сільвію срэбным позіркам і, прыкаваўшы яе да месца, знік...
...Сільвін муж, бледны, непрытомны, ляжаў у ложку. Ён з'явіўся дома гэтаксама нечакана, як, зрэшты, і знік два дні таму. Сільвія збянтэжана глядзела на яго.
— Гэта... ты?
Ён, натуральна, не адказваў.
Праз гадзіну ён апамятаўся, расплюшчыў вочы і агледзеўся. Каля ложка сядзела заплаканая жонка.
— Чаго ты плачаш, Сільвія? — ціха спытаўся ён.
— Я не плачу, Мірча, — яна з палёгкай уздыхнула і стала выціраць слёзы.
Ён прыўзняўся, сеў і, застагнаўшы, схапіўся за галаву.
— Не разумею, што са мною...
— Ну, я ж казала, не патрэбныя табе гэтыя ружы. Бачыш, мая праўда, Мірча...
— ?
У пакой з плачам увайшоў Раду.
— Тата, глядзі, ружу сарвалі!
Срэбная ружа, сапраўды сарваная і звялая, ляжала на далоні ў хлопчыка, стаўшы звычайнаю шэраю кветкаю...
— Сарвалі? Ну і што? — хмура прамармытаў бацька. Раду глядзеў на яго спалохана, са здзіўленнем.
— Як ну і што? Ружа памерла, тата!
Сільвія зірнула на сына і адчула, як яе пранялі дрыжыкі: карыя хлопчыкавыя вочы засерабрыліся, выпраменьваючы таямнічае праніклівае святло. І яна адразу ўспомніла незнаёмага з Краіны Ружаў.
Леан Гвін, Зігфрыд Трэнка.Трыццаць трэці ход
Пераклала Галіна Шаранговіч
Змрок згусціўся нечакана. Над Рыгаю павісла напружаная цішыня. Яшчэ не гарэлі ліхтары, і ў цьмяным святле, што прабівалася з-за хмар, дамы здаваліся прывіднымі, нерэальнымі.
Але вось дзесьці ўдалечыні пачуўся глухі грукат. Гул набліжаўся. Прайшло некалькі хвілін — і на прыціхлы горад са скавытаннем наляцеў ураган. Нахіліліся шпілі цэркваў, заскрыгаталі флюгеры, загрукаталі бляшаныя дахі. Пайшоў праліўны дождж.
...Гросмайстар Опелс, адарваўшыся на імгненне ад турнірнай табліцы, паглядзеў на свой гадзіннік — швайцарскі, прыз за поспех у міжнародным турніры. Палова пятай, пара збірацца ўдзельнікам. Але ў клубе ціха, толькі наводдаль сноўдаюцца з кутка ў куток аматары.
Трах! Расчынілася акно... рэзкі парыў ветру... што ж гэта такое. Госпадзі?! Са сцяны зляцела табліца... зазвінела шкло. Опелс кінуўся да акна. Вецер хлыснуў яго па твары, друзлыя шчокі зачырванеліся, вочы заблішчалі... Ён веславаў рукамі, прабіваючыся ўперад. Нарэшце — зачыніў!
Падумаць толькі, якая цемра! Опелс намацаў выключальнік. Пад самаю столлю загарэлася цьмяная лямпачка. Зрабілася крыху святлей.
Мерны шум за акном узмацніўся. Та-ак, нехта пэўна спозніцца да пачатку. У такі дождж не так проста злавіць таксі. Затое прадбачлівыя заўсёды прыходзяць першыя. Ён падняў з падлогі ліст ватману і павесіў яго на цвік.
Заклаўшы рукі за спіну, утаропіўся ў табліцу, то набліжаючы да яе выцвілыя стальныя вочы, то адкідаючы галаву назад. Вывучаў склад удзельнікаў. Жараб'ёўка мінула, усё вядома. Хоць не, дазвольце, адна графа пустуе. Самая першая, верхняя графа. Азызлы твар яго скрывіўся. Ох, ужо гэтыя штучкі! Відаць, нехта захварэў, і замяніць няма кім.
Няпэўнасць азадачвала. Не таму, што ў ёй хаваецца пагроза, не. Проста ён не любіў падводных рыфаў. Заўсёды і ва ўсім аддаваў перавагу дакладнасці.
Па жэрабю яму дастаўся апошні, шаснаццаты нумар. Гэта значыць — сёння ён вольны ці... ці давядзецца гуляць з невядомым. Як вам гэта падабаецца — гуляць з невядомым! Хутчэй за ўсё трапіцца які-небудзь майстрык. Каэфіцыент турніру і так ужо дастаткова высокі — на замену можна запрашаць любога. Пэўна, хто-небудзь з маладых, неаступененых... Што яны разумеюць у шахматах! Ужо ў дэбюце распачынаюць галаваломныя ўскладненні, а пасля ахвяруюць па сем фігур запар. Рамантыкі!