Выбрать главу

Опелс паспрабаваў усміхнуцца. Вусны не слухаліся. Лопес цадзіў словы:

— Рукапіс знайшоў я. У гарах, у руінах замка. Трактат пра шахматную гульню. Не, вы не чулі пра гамбіт Уэска! Што ж, сёння апошні раз... Гэта пачатак шахматнай гульні, яе патаемны сэнс, Песня песняў... На турніры ў Ла-Карунье, на апошнім турніры, я сустракаўся з Вальядалідам. Касцільскі ідальга, адважны і горды. фанабэрысты і недаступны. За дошкай яму не было роўных. Там, дзе звычайны чалавек бачыў на пяць хадоў наперад, ён бачыў на дзесяць. Ён ніколі не памыляўся, і, як пры каралеўскім двары, кожная фігура ведала ў яго сваё месца. Ніхто не мог адолець Вальядаліда. Яго ўлюбёным афарызмам быў: «Шахматы — гэта я!» І вось... — голас у Лопеса задрыжаў. — У рукапісе, чорным па белым, было напісана: «Гамбіт Уэска дае перамогу не пазней трыццатага ходу. Маэстра, чыя гульня не ведае смерці, як рука мастака, пад страхам жахлівага пакарання, якое чакае ўвесь род яго да сёмага калена, не павінен ужываць гэты гамбіт двойчы». І далей: «Нейкі вандроўны манах, які ўжыў гэты гамбіт два разы, акамянеў за дошкаю з выразам бязмежнай тугі на твары, а жанчына, якая мела неасцярожнасць падзяліцца сваімі ведамі з двума сынамі, хоць і не была цяжарная, нарадзіла двухгаловае ягня». — Ён памаўчаў. — Я ўжыў гэты гамбіт у партыі супроць Вальядаліда — першы і адзіны раз. І ён прайграў мне, хоць толькі на трыццаць трэцім ходзе. Вось які моцны быў гэты шахматыст! У прамежку паміж трыццатым і трыццаць трэцім ходам дзень ператварыўся ў ноч, а лета — у зіму, дзесяціметровыя хвалі абрынуліся на Ла-Карунье... Не перажыўшы паражэння, маэстра Вальядалід пасля гэтай партыі пакінуў шахматы, а можа, шахматы пакінулі яго — і скончыў сваё жыццё пустэльнікам Панферадскага манастыра.

Лопес змоўк.

Гросмайстар зрабіў наступны ход і дрыжачаю рукою ўціснуў у корпус гадзінніка пякуча халодную кнопку. Па спіне беглі мурашкі. «Ну і нагаварыў... і ўсё за кошт майго часу... Што са мною? Чаго я спужаўся? Самая звычайная псіхалагічная апрацоўка, не болей. Адзін абкурвае праціўніка смярдзючаю люлькаю, другі гіпнатызуе магнетычным позіркам, а Фішэр наогул... Эх, Лопес, Лопес... Сысунок ты ўсё ж, калі думаеш узяць мяне на абардаж сваімі байкамі».

Ён падняўся з-за дошкі і падышоў да акна. Скуголіў вецер; на тратуары, быццам абломак самалёта пасля катастрофы, ляжаў кавалак даху, сарваны з нейкага дома. Ён не мог разглядзець у шкле свайго твару. Дзіўна, але там быў відаць худы Лопесаў твар. Анфас, а не ў профіль!

Пачулася пстрычка, і гросмайстар паспяшаўся да стала. Нічога асаблівага не здарылася. Нармальны, нічым не адметны ход.

Здавалася б, гульня ўжо ўвайшла ў звычайнае рэчышча. Лопес, не ўнікаючы ў пазіцыю, развіваў фігуры, кароль яго застаўся ў цэнтры дошкі. Ракіраваўшы ў кароткі бок, Опелс планаваў наступленне на белага ўладара, рыхтуючыся ўвесці ў бойку ладдзі на лініі «с». Руціна, вядома. Хай гэты казачнік вызначыць месца свайму каралю. У такіх пазіцыях звычайна ракіруюць у доўгі бок.

І вось яно: белы манарх апынуўся на ферзевым флангу. Не задумваючыся (усё даўно ўжо абдумана, шахматы — гульня старажытная), Опелс прасунуў на два полі пешку «с». Далейшае зразумела. Выгадна размясціўшы ферзя, чорныя рухаюць пешку на поле, двойчы абароненае белымі. Лопес возьме пешку канём. Чорныя здвояць ладдзі і пасля вымушанага адказу белых ахвяруюць (чуеце? — ахвяруюць!) якасць. І кароль белых аголены. З гэтай лазні яму ўжо не выбрацца.

Праз два ходы белыя схадзілі не так, як меркаваў Опелс. Што за вычварны план! Ох, маладосць, маладосць... Ані не прызнае свайго паражэння адразу... Ну, добра, пасупраціўляўся б некалькі хадоў для прыліку... дык не — бяжыць каралём праз цэнтр з ферзевага фланга на каралеўскі. Фантамас!.. Зрэшты, мы можам гуляць і тут, пешкі ўжо напагатове. Так. Лічым... Ён — туды, я — сюды. Шах пешкай. Лопес вымушаны браць каралём, а пасля шаху ладдзёй яму пара ўжо складваць бабкі. Лічым яшчэ раз... Возьме маю пешку сваёю? Нельга — чорны ферзь схопіць абедзве ладдзі, і песенька будзе спета. Песня песняў...

А?! Лопес узяў пешкаю і аддаў ладдзі? Слабавата, слабавата мы гуляем. Колькі хадоў зроблена? Дваццаць пяць...Яшчэ пяток, і вы мусіце распісацца на маім бланку. Шкада крыху — па сутнасці, даволі сімпатычны хлопец...

Хто асвятляе турнір у друку? Падрабязныя справаздачы будуць у «Спорце». Што-небудзь накшталт такога: «Пасля першых ходаў майстар Лопес трапіў у жалезныя абцугі стратэгічных разлікаў гросмайстра Аляксандра Опелса. Белыя павольна пякліся на пазіцыйным агні. Кампазіцыя блакады няўмольна замыкалася. Праз дваццаць пяць ходаў пазіцыя белага караля затрашчала па ўсіх швах. Некалькі эфектных удараў — і А. Опелс адкрыў свой бягучы лік на турніры пераканаўчаю перамогаю...»