Выбрать главу

З усіх астранаўтаў, якія працавалі на Фаіс, Роберцік больш за ўсё пасябраваў з Увальдам, якога тады называлі проста Увіс. Ён быў самы малады ў экіпажы, і маленькая планета стала першым месцам работы ў яго жыцці.

Увіс добраахвотна ўзяў на сябе ўвесь клопат пра Роберціка. Чысціў, змазваў, правяраў рэжымы і ніколі не пакідаў па-за ўвагай ніводнай Роберцікавай скаргі на кантакты, што пачыналі іскрыцца, на суставы, якія парыпвалі, ці на зменлівае напружанне. Псаваўся Роберцік рэдка, у яго былі трывалая канструкцыя, мозг сярэдняга аб'ёму і павялічаны блок запісу інфармацыі. Увісу часам здавалася, што Роберцік запамінае мноства ўсялякай лухты замест таго, каб запаўняць блокі памяці якімі-небудзь карыснымі звесткамі.

У кароткія і бясконца цудоўныя на Фаіс світальныя часіны Увіс з Роберцікам нярэдка любаваліся ўзыходам сонца з-за найбліжэйшага пагорка. Аднак Роберцік і тады больш глядзеў не на сонца, а на Увіса, таму што відовішча ўсходу, аднойчы зафіксаванае ў памяці робата, больш не цікавіла яго. А Увіс кожны раз адметна выказваў сваю радасць і захапленне.

Калі яны вярталіся ў лагер, Увіс звычайна задаваў Роберціку пытанні; яму было цікава, як робат уяўляе сабе розныя жыццёвыя з'явы.

— Роберцік, што такое кветкі?

— Рэдкі ў Сусвеце працэс, калі неарганічныя злучэнні ператвараюцца ў арганічныя.

— А дождж?

— Кругазварот вадароду і кіслароду, — адразу ж адказваў Роберцік.

Тут Увіс пачынаў расказваць пра Зямлю. Роберцік слухаў яго ўважліва: у такія хвіліны ён уяўляў сябе амаль чалавекам і адчуваў, што ў яго жалезным целе адбываюцца нейкія незапраграмаваныя працэсы і змены; яму хацелася кудысьці ляцець, чамусьці спяшацца, яго хваляваў ветрык, што дзьмуў на Фаіс і звычайна адзначаўся толькі барометра-індыкатарам. Роберціку здавалася, што ён улоўлівае водар кветак, які далятае з сенажацяў Зямлі, што высока ў небе павольна лунаюць птушкі (а птушак на Фаіс ніколі не было) і што голыя схілы гор акрываюцца зялёным дываном.

Дзень мінаў за днём, і вось надышоў час чарговага палёту на Зямлю, каб папоўніць запасы харчавання, вады і тэхнічных матэрыялаў. Палёт лічыўся нескладаным, і звычайна яго выконваў адзін чалавек. Зразумела, кожнаму астранаўту карцела пабываць дома, таму ляталі ўсе па чарзе.

На гэты раз павінен быў ляцець Увіс. Ён папрасіў дазволу ўзяць з сабою Роберціка. Яму дазволілі, бо пэўны час можна было абысціся і без робата.

Так Роберцік убачыў Зямлю, сапраўдную жывую планету. Дагэтуль ён ведаў толькі Фаіс. Але што такое Фаіс у параўнанні з Зямлёй! Яркая паверхня Фаіс нагадвала ўбранне, пашытае з мноства лапікаў аднаго колеру, Зямля ж была шматфарбная, гарманічная і, галоўнае, жывая.

Вярнуліся яны ў дакладны час. Увіс, поўны новых уражанняў, з падвойнай сілай узяўся за работу, не перастаючы паўтараць, як добра і спакойна дома.

Гледзячы на яго, астранаўты прыгадвалі свае першыя палёты і першыя вяртанні і толькі ўсміхаліся. Аднак даволі хутка іх увага пераключылася з Увіса на Роберціка. Бо з робатам відавочна рабілася нешта незразумелае.

Пачалося гэта адразу пасля палёту.

Калі карабель толькі сеў на Фаіс, Роберцік адмовіўся пакінуць яго. Дарэчы, пра гэта ведаў тады толькі Увіс. Замест таго каб выйсці, Роберцік спыніўся каля адчыненага люка, і Увісу нават здалося, што ў звычайна абыякавым робатавым позірку на гэты раз прамільгнуў страх.

— Што здарылася, Роберцік? — папытаўся Увіс.

— Нічога, — адказаў Робат. — Проста я не хачу на Фаіс.

Увіс устрывожыўся. Робат не павінен гаварыць «не хачу». Роберцік мог бы сказаць: «не магу», «не ўмею», «не маю права» альбо «не ведаю».

— Чаму? — запытаўся Увіс, зусім як у чалавека.

Роберцік не адказаў. У тое імгненне ён быў падобны на маленькага капрызнага хлапчука ў кароткіх штоніках. Так што Увіс проста ўзяў яго за руку і вывеў з карабля.

Але з таго выпадку ўсё і пачалося.

Вясёлы і жыццярадасны Роберцік зрабіўся маўклівы і сумны. Ён часта доўга сядзеў адзін на пагорку, нешта ціхенька спяваючы, і адзінае, што ён яшчэ рабіў з задавальненнем, быў кантроль электрычных ліній.

Штовечар Увіс дбайна правяраў тэхнічны стан Роберціка. Але ніякіх адхіленняў у ім не было, усе вузлы, блокі і ячэйкі працавалі нармальна.

Раніцамі Роберцік больш не гатаваў.

— На кухні занадта горача, — тлумачыў ён Увісу, седзячы на касмадроме ў цяньку вежы кіравання. Увіс тым жа вечарам праверыў тэрмастаты. Не, усё было спраўнае.