Усходы яны, як і раней, сустракалі ўдвух, але Увіс больш не задаваў пытанняў, баючыся пачуць у адказ што-небудзь зусім незвычайнае. Увіс разумеў, што пагражае робату, калі і іншыя заўважаць яго дзівацтвы. Пакуль яшчэ ўдавалася выкруціцца, спасылаючыся то на сапсаваны блок, то на разраджаныя акумулятары альбо разрэгуляваны рэжым, але калі так будзе прадаўжацца, бясконцыя няспраўнасці могуць здацца падазронымі.
Увіс пачаў усё часцей браць Роберціка з сабою ў далёкія выезды, часцей даручаў правяраць лінію, стараючыся не пакідаць робата без працы.
Але хутка перастала дапамагаць і гэта. Роберцікавы капрызы станавіліся ўсё больш відавочныя. То ён адмаўляўся прабыць ноч на свежым паветры, заяўляючы, што ночы на Фаіс занадта халодныя, то патрабаваў узмацніць яго ахоўныя схемы, каб паменшыць напругу, якая праходзіла праз яго пры праверцы ліній... Пад час прагулак Увіс пачаў сур'ёзна гаварыць з Роберцікам, тлумачачы яму, што ў людзей і робатаў — розныя правілы жыцця, што робатаў, калі яны не выконваюць загадаў, можна караць, аддаваць у рамонт, замяняць альбо наогул разбіраць на часткі.
— Ну і няхай, — адказваў Роберцік, нават не гледзячы на Увіса.
І настаў дзень, калі Роберцік зусім адмовіўся працаваць. Ток высокага напружання, па яго словах, быў яму небяспечны, а на лініі можна абысціся і без робата — можна ўключыць у ланцуг звычайныя індыкатары, а таксама аўтатрансфарматары, якія дарэмна пакрываюцца пылам дзесьці ў далёкім кутку склада.
Не дапамагалі ні ўгаворы, ні пагрозы. Спакойны і абыякавы, Роберцік стаяў перад шасцю астранаўтамі.
— Дык ты будзеш працаваць?
— Не.
— Цябе адправяць у разборку.
— Няхай.
— Можа, ты скажаш — чаму?
— Я не хачу заставацца на Фаіс.
— Ды чаму ж?
— Фаіс — нежывая планета.
Ён казаў праўду.
Сход вырашыў паведаміць пра няспраўнасць робата на базу. Па хуткім часе ім адказалі, што новы робат высланы, а Роберціка трэба разабраць на часткі.
Выканаць гэта, аднак, аказалася вельмі цяжка. Усе згаджаліся трываць Роберцікавы капрызы, рамантаваць яго, наладжваць і ўгаворваць, але разабраць?.. Гэта было амаль тое самае, што забіць.
Насуперак усім інструкцыям людзі вырашылі даць Роберціку поўную свабоду дзеянняў. Ён жа не рабіў нічога дрэннага. Трэба было хіба што пільней сачыць за ім, але меры прымаць толькі ў выпадку крайняй патрэбы.
Вестку пра тое, што хутка на Фаіс з'явіцца яшчэ адзін робат, Роберцік сустрэў зусім спакойна. Некалькі сутак ён нерухома сядзеў у цеснай аранжарэі, дзе клімат нагадваў зямны і дзе астранаўты ў вольны час саджалі, палівалі і палолі прывезеныя імі расліны.
— Не сядзі тут, — папярэдзіў Увіс. — Вельмі сыра, і шмат азоту ў паветры, табе гэта шкодзіць.
— Ведаю, — адказаў Роберцік. — Але я павінен быць тут.
Дарэмна спрабаваў Увіс забавіць Роберціка якой-небудзь работай. Роберцік нікуды не выходзіў. А ў тую раніцу, калі Увіс першы раз сустрэў усход сонца адзін, астатнія астранаўты рыхтаваліся прыняць карабель з новым робатам.
— Роберцік, цяпер у цябе будзе сябра, — сказаў Увіс, зазірнуўшы ўвечары ў аранжарэю.
— Мне ўсё роўна.
Увіс хацеў, як заўсёды, праверыць і змазаць робата, але той адмовіўся:
— Не трэба. Табе цяпер хопіць работы з новым. Раскажы лепш яшчэ пра Зямлю. Я паспеў там убачыць так мала... Там шмат такіх вялікіх дрэў, як тыя, што растуць каля касмадрома? Помніш, як я ішоў па сцежцы і ўвесь час спатыкаўся аб карані? Памятаеш? А чаму ты не спатыкаўся і не падаў? Я ўвесь час думаў пра гэта і вось нарэшце зразумеў. Гэта таму, што ты нарадзіўся на Зямлі і ўсё ведаеш загадзя...
Увіс разгубіўся. Каб такое сказаў чалавек — яшчэ зразумела, але робат...
— Праўда, — сказаў ён. — На Зямлі шмат лясоў.
— Чаму ты не жывеш там?
— На Фаіс у мяне работа.
— Хіба на Зямлі яе няма?
— Знайшлася б...
— Тады чаму ты тут?
— Я люблю лётаць, падарожнічаць, бачыць новыя планеты...
— Нават непрыгожыя? Нежывыя?
— Усялякія.
— Не разумею, — сказаў Роберцік і адвярнуўся. Увіс пайшоў. Калі назаўтра раніцай ён убачыў робата, той сядзеў нерухома. Агеньчыкі, што асвятлялі яго твар, патухлі, стрэлкі прыбораў стаялі на нулі, хоць акумулятары, як аказалася, былі зараджаныя. Правая Роберцікава рука была выцягнута да абагравальніка. Увіс нагнуўся і ў жалезнай далоні ўбачыў маленечкі зялёны парастак, малюпасенькую елачку з светлымі, аксамітнымі іголкамі. У жмені быў пясок, і парастак трымаўся ў ім, чапляючыся ледзь бачнымі карэньчыкамі.