Выбрать главу

Самым дарагім талісманам, што прывёз на Зямлю доктар трох касмічных навук Увальд, быў невялічкі крышталёвы блок.

Усе дваццаць гадоў, якія прабыў вучоны на розных планетах, станцыях, касмадромах, а потым і ў навуковай групе Цэнтра, Увальд бярог і ўсюды вазіў з сабою гэтую цацку.

Вярнуўшыся на Зямлю, ён пасяліўся ў сваёй лясной хатцы і часта цэлымі днямі блукаў сярод маладых елачак, а вечары бавіў каля каміна. Зрэдку, у нейкія яму аднаму вядомыя дні, Увальд уключаў тэлевізійны запіс.

Крыніцай запісу быў маленькі крышталёвы блок.

Мала хто бачыў гэты запіс.

Сярод астранаўтаў хадзілі чуткі, што ён паказвае нейкую аранжавую планету, вельмі прыгожую і маленькую.

Яе акрывалі зялёныя лясы і квітучыя сады.

Птушкі, звяры і насякомыя на гэтай планеце вельмі нагадвалі зямных.

Рэкі і азёры былі таксама як зямныя.

І ўсяго гэтага там было шмат.

Але больш за ўсё на планеце расло елак.

Увальд нічога не расказваў пра паходжанне гэтага запісу. Аднак яго былыя калегі запэўнівалі, што крышталь — гэта ўсё, што засталося ад блока памяці нейкага разабранага калісьці робата.

Праўда, спецыялісты лічаць, што такой планеты няма і быць не можа. Але іншыя пярэчаць, што ў блоку памяці не можа фіксавацца тое, чаго не існуе ў рэчаіснасці, бо робаты не здольныя ні фантазіраваць, ні марыць.

Нядаўна Увальд завяршыў даследаванне пра здольнасць электроннага мозгу да творчай дзейнасці. Аднак яго высновы пакуль прыняты толькі як гіпотэзы, бо кожны ведае, што ў робатаў няма ўяўлення.

Васіль Галавачоў. Волат на дарозе

Пераклаў Павел Марціновіч

1

Хмары віселі нізка суцэльнай заслонай, іх вільготны подых разагнаў нават крыклівых чатырохлапых птушак, адзіных буйных драпежнікаў на кантыненце. Здавалася, само неба, шэрае, беспрасветнае, манатоннае, упала на мокры лес.

Унізе на схіле ўзгорка варухнуліся галіны сінявіта, і на лясную паляну выйшлі двое: невысокі таўставаты мужчына з зусім сівай хваляй кучаравых валасоў і танклявая, як сцябліна рамонка, жанчына з журботнымі вачыма. Вядома, адсюль, з вышыні, Грэхаў не мог бачыць выразу яе вачэй, проста ведаў, што яны зусім сумныя. На гэтую дзіўную, маўклівую пару ён звярнуў увагу ў першы ж дзень іх прыезду ў санаторый. Здалёку прыняў іх за бацьку і дачку, на самай жа справе былі яны мужам і жонкай. Яго звалі Грант, Яраслаў Грант, яе — Ціна. Ад лекараў Грэхаву стала вядома, што ён зорны лётчык, камандзір карабля, трапіў у нявыкрутку, атрымаў псіхічную траўму і цяпер наўрад ці зможа вярнуцца да сваёй працы.

Аднойчы Грэхаў выпадкова сустрэў іх у лесе, і яго ўразіў выраз болю і пяшчоты на твары Гранта, калі той звяртаўся да жонкі. Увогуле бачыў іх Грэхаў даволі часта, вось як цяпер, напрыклад: тэрыторыя запаведніка, дзе размяшчаўся санаторый, была невялікая. Двойчы прылятаў да іх малады чалавек гадоў дваццаці, нечым падобны на Гранта, напачатку Грэхаў нават прыняў яго за сына, але з часам зразумеў, што памыліўся. Тады жанчына пакідала іх ненадоўга, быццам не жадаючы прысутнічаць пад час размовы, але, і застаючыся сам-насам, яны, на думку Грэхава, маўчалі. Можна было падумаць, што юнак толькі дзеля таго і прыляцеў, каб пастаяць побач з сівым, моўчкі, сурова, без ценю ўсмешкі. У паводзінах іхніх была нейкая недагаворанасць, якая прымушала задумвацца пра дзіўную загадкавасць чалавечых узаемаадносін. Але Грэхаў, як і яны, шукаў самоты, спадзеючыся на яе гаючыя ўласцівасці, не знаходзіў яе і ўрэшце зразумеў, што выдатныя чарыянскія лекары могуць вылечыць цела, але не ў стане загаіць душу.

Мужчына паглядзеў угору, заўважыў яго хуткалёт, узмахнуў рукой. Грэхаў таксама памахаў у адказ. Жанчына азірнулася, пацягнула Гранта за рукаў, і яны зніклі за дрэвамі. Шолах ветру ў лістоце заглушаў іх крокі.

Грэхаў зябка перасмыкнуўся і ўзмацніў абагрэў касцюма, хоць холадна яму не было — чыста псіхалагічны эфект. Зарадзіў спорны дождж, і Грэхаў зачыніў ліхтар кабіны, уладкаваўся каля пульта кіравання і задрамаў.

Пабудзіў яго піск выкліку, і, яшчэ не расплюшчыўшы вочы, ён дакрануўся да кальца прыёмніка на запясці.

— Грэхаў, да вас наведвальнік. Вашы каардынаты?

— Заходні сектар лесу, — сказаў ён у мікрафон, — даю пеленг. А што здарылася? Хто наведвальнік?

Але дзяжурны ўжо адключыўся, і Грэхаву заставалася толькі варажыць, каму ён спатрэбіўся. Можа, яму нарэшце дазволяць пакінуць санаторый? Бо чуецца ён цудоўна... калі не лічыць заўсёднай хандры ад думак пра сваю працу, пра сяброў, пра Паліну. Пасля падзей на Самніі, спадарожніку Чары, калі ён тры гадзіны праляжаў мёртвы ў радыеактыўным склепе — былым выратаваўчым караблі, лекары на Чары амаль год змагаліся за яго жыццё, а Паліна... Яна нават не ведала, што ён на Чары... Зрэшты, яна ўвогуле не ведала, што Грэхаў застаўся жывы. Ды і лічаныя адзінкі ў аддзеле гэта ведалі, бо чарыяне не палічылі патрэбным паведаміць пра яго на Зямлю, сумняваючыся ў тым, што ён выжыве, але ён выжыў і выдатна пачуваецца... калі не лічыць... Так, пра Паліну ён думаў увесь час. І баяўся паслаць ёй вестку, сам не ведаў чаму, але баяўся. Грэхаў усё чакаў, што яна даведаецца сама. Можа, хтосьці ўсё ж паведаміў ёй? Дыега Вірт, напрыклад... альбо Сташэўскі. Яны ж ведаюць, што ён тут. Але калі гэта Паліна...