Грэхаў прыўзняўся з сядзення, углядаючыся ў заслону дажджу. Потым зазлаваў на сябе і сеў. Пасля сваёй часовай смерці... як гучыць, га?! — пасля смерці!.. Што ж, ён мог сказаць так з поўнай рацыяй. Пасля смерці ён стаўся больш уражлівы, хутка ўзбуджаўся, і, шчыра кажучы, гэта яму не падабалася.
А дзевятай гадзіне раніцы побач з яго апаратам апусціўся нарэшце нечы аранжавы хуткалёт. Грувасткая постаць выбралася з яго, і ён уздыхнуў: радасна і засмучана адначасна — сэрца чакала іншага наведвальніка. Гэта быў Сташэўскі, шэф другога аддзела Кіраўніцтва аварыйна-выратавальнай службы (КАВС), яго сябра і непасрэдны начальнік.
— Здароў, пустэльнік, — прабурчаў ён, залазячы ў кабіну. — Чаго пануры? Не рады мне? Занядужаў?
— І рады і здаровы. — Грэхаў з задавальненнем разглядаў яго карычневы ад загару твар. — Настрой паганы. Чарыяне не выпускаюць з санаторыя, навесілі на мяне кучу датчыкаў...
Грэхаў змоўк і звыкла агледзеў купал неба і сцяну лесу на схіле ўзгорка. Нешта змянілася там, нічога пагражальнага, вядома, але абвостранае пачуццё небяспекі неаднойчы ратавала калі не яго жыццё, дык шкуру, і пагарджаць інтуіцыяй ён не меў права.
— Жоўты туман, — растлумачыў Сташэўскі.
— Ну вядома ж, — з палёгкай сказаў Грэхаў. — А ты выдатна разбіраешся ў асаблівасцях чарыянскіх запаведнікаў.
Сташэўскі засмяяўся.
— Проста я даведаўся пра гэта ад дыспетчара медыцынскага цэнтра. Да таго ж па ўсёй тэрыторыі запаведніка лячэбныя туманы выпускаюцца рэгулярна двойчы на суткі. Пара б ужо ведаць.
— Ты і пра гэта даведаўся ад дыспетчара?
— Не. — Сташэўскі пазмрачнеў. — Некалі я таксама адпачываў тут... пасля хваробы. Была такая справа... Дык ты здаровы, кажаш?
— Як мур.
— Выдатна! Сёння з цябе здымуць ненавісныя датчыкі, і ты вольны. Шчыра кажучы, я не верыў у твае... словам, ты зразумеў. Яны чарадзеі, асабліва старшы лекар! Не пярэч, гэтая жанчына ўратавала не толькі тваё жыццё, але і здароўе, да таго ж, кажуць, яна аддавала табе часу больш, як трэба было...
— Мажліва, — неахвотна згадзіўся Грэхаў. — Як гэта незвычайна і арыгінальна — каханне зямляніна і іншапланецянкі... Хоць якія чарыяне іншапланецяне? Перасяленцы.
Сарказм у ягоным голасе прымусіў Сташэўскага нахмурыцца; але Грэхаў паклаў яму руку на плечы і, павярнуўшыся ўбок, прамармытаў:
— Ты ж ведаеш, Святаслаў, ты ўсё цудоўна ведаеш...
— Што я ведаю? — адказаў спахмурнелы Сташэўскі пытаннем на адказ. — Нічога я не ведаю. Паліна змучылася, схуднела. Ты ж ёй не паведамляў, што жадаеш яе бачыць, а яна чакае... Паехалі.
— Не паведамляў, — з цяжкасцю сказаў ён. — Такіх паведамленняў не чакаюць, ляцяць адразу, калі ведаюць куды... А калі яна ведае... Куды паехалі?
— Да карабля.
— Вось так адразу?
— А табе што — фрака не хапае? Э-э, дружа, відаць, ты не зусім яшчэ здаровы, разгубіўся, стаў бледны... Можа, застанешся яшчэ на пару тыдняў?
— Досыць смяяцца. — Грэхаў уключыў рухавік, і яны ўзняліся ў паветра. — Дык куды ляцім? Трэба ж папярэдзіць у медцэнтры, датчыкі зняць...
— Гэта мы за адну хвіліну! А на караблі цябе агледзяць медыкі КАВС. Як жывы экспанат. Не пярэчыш?
Грэхаў не пярэчыў.
— Але я яшчэ не ўсё сказаў, — прыжмурыўся Сташэўскі. — Я таксама думаю, як і чараянка твая, што ты здаровы, таму скажу адразу: вылятаем мы ў раён туманнасці Чорная ружа, зорка Ціна, планета Тартар. Па каналах Кіраўніцтва абвешчана трывога: планета смяртэльна небяспечная для чалавека, неабходна наша ўмяшанне. Код трывогі — жыццё людзей! І ўлічы — там будзе вельмі нясоладка.
«А дзе бывае соладка? — падумаў Грэхаў. — Там, куды пасылаюць нас, заўсёды горка і цяжка. І небяспечна. Навошта ён гэта кажа? Думае, я адмоўлюся? Неразумна...»
— Я выбраў цябе, — працягваў Сташэўскі, — бо... словам, бо я ведаю. Праўда, паглядзеўшы на цябе, там могуць мяне няправільна зразумець, яны ж не ведаюць, што табе ўжо дваццаць восем, а не тыя пятнаццаць гадоў, на якія ты выглядаеш.