А ў іншых раёнах адзінага мацерыка Тартара ўсё было інакш: праносіліся над раўнінамі і адгор'ямі «цікаўнікі» — так чамусьці ахрысцілі даследнікі лятаючыя скалы; нетаропка плылі па сваіх загадкавых справах «павуціны»; у гарах з'яўлялася і доўга не знікала барвовае свячэнне; рэзка і незразумела мяняўся рэльеф знаёмай мясцовасці... Так, з вышыні ўсё гэта вельмі нагадвала актыўную цывілізаваную дзейнасць, пабудаваную па сваіх, невядомых людзям, законах...
— Крыўдна, што мы натыкаемся на раўнадушнасць... — не заўважыўшы, як загаварыў услых, вымавіў Грэхаў. Спахапіўшыся, змоўк.
— Што? — спытаўся Сташэўскі, паглядзеўшы на яго.
— Нічога, — прамармытаў Грэхаў, адчуўшы на сабе дапытлівы позірк Малчанава.
— Увага! — прамовіў з аператыўнага відэома інжынер сувязі Станцыі. — Дальнасць на мяжы. Далей пойдзе сваім ходам.
— Гатовы, — коратка кінуў Дыега Вірт, трымаючы руку над рэгулятарам кіравання. Шлем біякіравання ён ужо надзеў.
— Жадаю поспеху, — суха сказаў з суседняга відэома Кротас. — Пакуль яшчэ не позна, задавайце пытанні.
— Позна, — без усмешкі адказаў Сташэўскі.
— Старт! — энергічна вымавіў інжынер сувязі. — Выключаем поле.
Сташэўскі кіўнуў, і Дыега ўціснуў педаль уключэння ўласнага ахоўнага поля.
Цяжар хлынуў у целы людзей, не цяжар паскарэння, а нейкі дзіўны цяжар, што запавольваў рухі і думкі. Дыск планеты прысунуўся, хілячыся, набрыняў фіялетавым паўзмрокам і засланіў панарамны відэом з трох бакоў. Мільганулі і зніклі светлыя плямы, чаргуючыся з чорнымі праваламі, імклівыя бруі пранесліся побач, потым іглакол працяў нешта шэра-блакітнае, і людзі як быццам аслеплі.
Дыега сказаў кароткае энергічнае слоўца, раскірэчыўся над пультам, і відэомы сталі відушчыя. Цвёрдае і заплямленае белым, ляцела на людзей фіялетавае поле, закружылася каруселлю, мільгануў і прапаў нейкі знаёмы сілуэт, і звонкім ударам абарваўся раптам рух. Запанавалі цішыня і нерухомасць.
— Д'ябал! — сказаў Сташэўскі амаль з захапленнем. — Я думаў, канец!
— І сапраўды... — буркнуў Малчанаў, расціраючы скроні.
— Майстра, — сказаў Грэхаў, паляпаўшы Вірту па плячы, — не прамазалі?
— Думаю, максімум на паўтара-два кіламетры, — сказаў спакойна Дыега, здымаючы шлем. У мэтах бяспекі, вядома, яны зрабілі пасадку за сто сорак кіламетраў ад месца пасадкі зоркалёта, што змоўк, па другі бок Кінжальнага хрыбта.
— Зірніце!
Грэхаў прасачыў кірунак позірку Вірта і проста пад ліловым яйкам цьмянага святла заўважыў гіганцкую белаватую «павуціну», якая нерухома лунала ў паветры. Яна была велізарная, далёкі край яе губляўся ў жоўтай смузе неба, і вісела зусім спакойна, як бязважкая. Узор яе з сапраўднай павуцінай меў надзвычай аддаленае падабенства, але, падумаўшы, Грэхаў вырашыў, што той, хто назваў гэты прадмет «павуцінай», быў недалёкі ад ісціны. Але якія ж тады павукі?
— Вартаўнік, — з незразумеяым выразам твару сказаў Малчанаў.
2
Было ўжо добра за поўнач, калі далягляд наперадзе раптам асвяціўся серыяй страшэнна зіхоткіх сіне-зялёных успышак.
— Стоп! — імгненна адрэагаваў Сташэўскі. Рукі аўтаматычна ўтапілі штурвал у выемку пульта, і танк рэзка спыніўся, уздыхнуўшы гасіцелем інерцыі, як стомлены браніраваны яшчар. Яшчэ адна серыя акрэсліла далягляд, высвеціўшы пранізлівай сінечай найдробныя дэталі ландшафту і твары людзей. Успышкі мільганулі абсалютна бязгучна, і пасля іх настала поўная цемра, якая паглыбіла змрок перад світаннем.
— Паўднёвы-паўднёвы-захад, — вызначыў Малчанаў, — кіламетраў сто за хрыбтом. Што за ўспышкі? Грэхаў кінуў погляд на прыборную панель.
— Эмісійныя, тыпу выбухаў шаравых маланак. Пасля сліпучага зарыва ўспышак вочы не заўважалі ні пульта, ні панелі, і здавалася, фасфарысцыруючыя эліпсы і квадраты індыкатараў вісяць у паветры, ні на што не абапіраючыся.
— Хоць вока выкалі! — прабурчаў незадаволены Сташэўскі.
Ён сядзеў злева, у крэсле біямеханіка, і Грэхаў, вочы якога адаптаваліся хутка, бачыў яго шырокі сілуэт. Ва ўсё больш і больш карычневай цемры паступова выступалі невыразныя контуры крэслаў, апаратаў і людзей. Увесь купал кабіны ўяўляў сабой экран апаратуры прамога бачання, таму часам рабілася няўтульна ад думкі пра — здавалася — безабароннасць машыны.