Выбрать главу

Ззаду пачулася пазяханне — прачнуўся Вірт.

— З якой прычыны прыпынак? Прыехалі?

— Ціха! — пагрозным шэптам сказаў Сташэўскі. Грэхаў напружана ўслухаўся і недзе на мяжы ўспрыняцця пачуў далёкае, яно ледзь угадвалася, ціканне вялізнага механізма. Як быццам парыў ветру данёс сюды ў непраўдападобнай цішыні тартарскай начы павольныя раўнамерныя ўдары: баннг!.. баннг!.. баннг!..

— Звон, — шапнуў Малчанаў. Грэхаў хацеў яму запярэчыць, бо гэтыя гукі больш за ўсё былі падобныя на ўдары ў гонг, але было ў іх штосьці і ад званоў, аксамітны бронзавы тэмбр. А можа, спрычынілася ўяўленне, якое заўсёды дамалёўвае тое, што чалавек жадае ўбачыць або пачуць.

Яны гэтак захапіліся дзіўным гучаннем, што прамаргалі з'яўленне «цікаўніка». Ён прымчаўся хутчэй за ўсё з боку Кінжальнага хрыбта і свяціўся, як белаваты прывід, падобны на шкілет гіпапатама, але Грэхаў ужо ведаў, што ўдзень пры святле ён уяўляў бы сабой каменнападобную глыбу незвычайнага чорнага колеру, які не апісаць, не перадаць, і яна з нечаканай лёгкасцю лунала ў паветры. «Цікаўнікамі», выяўляецца, іх назвалі за відавочную цікавасць да зямных апаратаў, асабліва да тых, што выкарыстоўвалі сілавыя палі. Часам пад час руху нізка над сушай за імі цягнуцца доўгія, шматсотметровыя хвасты павольна сыпучага пылу. Некалькі гадзін назад Грэхаў і сам бачыў са Станцыі некалькі такіх хвастоў, праз аптычныя ўзмацняльнікі, вядома.

«Цікаўнік» павіснуў над танкам, яго свячэнне страціла раптам структурную выразнасць і расплылося зелянявым воблакам, ахутаўшы паўсферу кабіны. Раптоўнае галавакружэнне прымусіла Грэхава ўхапіцца за штурвал, увушшу паплыў камарыны звон, сталі нямець мышцы шыі і плячэй. Ён паспрабаваў трымацца, напружваючы волю, але з такім жа поспехам можна было спрабаваць выгадаваць на твары другі нос. Малчанаву ззаду стала блага, ён ускочыў, ногі яго не трымалі, і ён неўсвядомлена ўчапіўся Грэхаву за шыю. Той вяла тузануў ацяжэлай галавой, не адрываючы позірку ад зіхатлівай кляксы «цікаўніка». Здавалася, ён вырас да велічыні горнага хрыбта, і гэты яго мільённатонны цяжар хлынуў у галаву.

Абаронай займаўся Сташэўскі, Грэхаў не разумеў, чаму ён марудзіць, адзіны, на яго думку, хто не страціў здольнасці рухацца, але нарэшце ён скінуў задумлівасць і ўключыў гефы — генератары форм.

Пад ударам сілавога поля белаваты спрут адскочыў ад танка і ўзвіўся ў неба. Праз імгненне хваля здранцвення спала, цела сталася незвычайна лёгкае, як быццам запоўненае геліем. Грэхаў пакруціў галавой і са здзіўленнем убачыў, што Вірт сядзіць на падлозе. Рубку заліло святло. Дыега заўважыў яго позірк і ўсміхнуўся.

— Я, відаць, рагаты, як карова. Падобны?

— А што такое карова? — з цікаўнасцю спытаўся Малчанаў, падымаючы на Вірта свой вечна пахмуры вузкі твар.

— Карова... — з усмешкай пачаў Дыега, — гэта такая вялікая жывёліна з чатырма нагамі па кутах... Сташэўскі пырснуў, а Грэхаў упершыню ўбачыў на твары Малчанава ўсмешку. Усмешка ў камунікатара была незвычайная: як бліск маланкі, што прасекла цёмныя навальнічныя хмары. Малчанаў быў самы старэйшы з іх. Ён нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот восемдзесят дзевятым годзе, гэта значыцца ў дваццатым стагоддзі. Грэхаў спачатку нават не паверыў, калі даведаўся пра гэта, але потым успомніў, што менавіта Малчанава выратаваў экіпаж зоркалёта «Спір», яго і камандзіра карабля «Магіканін». Малчанаў вярнуўся да Тартара, а камандзір «Спіра» Яраслаў Грант... Грант на Чары, у санаторыі... Няўжо такое моцнае было ўзрушэнне? Ці ён судзіць гэтага чалавека занадта прадузята?.. Але Малчанаў які! Перажыць гэткае і вярнуцца! Бадай, у яго можна павучыцца рашучасці і мужнасці. Калі толькі такія сталёвыя нервы не сведчанне яго зашэрхласці або, яшчэ горай, раўнадушша...

— Та-ак, — працягнуў Сташэўскі, спадылба аглядаючы іх. У характары гэтага чалавека нялёгка разабрацца, не ведаючы яго так, як ведаў Грэхаў. У яго суровы, колеру паўночнага каменю твар, халодныя шэра-блакітныя вочы, моцна сціснутыя, быццам акамянелыя, губы. Ён шырокі ў плячах, масіўны і вельмі дужы. Аднойчы на Самніі пад час аварыі блокпаста ён ударам кулака сарваў двухсоткілаграмовае мацаванне экрана і вырваў сілкуючы фідэр разам з гняздом, бо часу на адкручванне ўжо не было. Вядома, захапляўся Грэхаў не дужасцю Сташэўскага, ён быў не слабейшы за Святаслава, хоць знешнасць меў далёка не тыповую для асілка. Ростам ён быў, бадай, ніжэйшы за Малчанава, шчуплы, але важыў гэтулькі ж, колькі і Сташэўскі, — сто два кілаграмы. Праз гэта яму яшчэ ў інстытуце далі мянушку «Малы пярэварацень». А вінаватае ў гэтым дзяцінства: Грэхаў нарадзіўся ў зоркалёце, што цярпеў бедства, і цэлых пятнаццаць гадоў з моманту нараджэння да фінішу на Зямлі рос у полі прыцягнення, у тры-чатыры разы больш магутным, як земляное. Натуральна, гэта не магло не адбіцца на яго целабудове. Ну а Сташэўскі... Мала сказаць — ён ім захапляўся, ён яголюбіў...