Выбрать главу

Малчанаў уключыў свой інфармблок і ўзяўся праслухоўваць запісы, неспакойна паглядаючы на ясную зелень індыкатараў прысутнасці. Грэхаў спачатку прыслухоўваўся, потым перастаў. На вяршыні горста нешта адбывалася. Як быццам там без дай прычыны пачала выпарвацца чорная вадкасць і цяжкія непразрыстыя выпарэнні заварушыліся змеямі.

— Дыега! — на ўсялякі выпадак паклікаў Грэхаў. — Святаслаў!

Дынамікі маўчалі. Індыкатары прысутнасці наліліся жаўцізной — адзнака кароткачасовых перапынкаў сувязі.

— Што здарылася? — трывожна спытаўся Малчанаў, але ўжо і сам заўважыў благое. «Вадкасць» працягвала выпарвацца. Цяпер бруі пары набылі глыбокі сіні колер, і ў іх зазіхацелі яскравыя іскрынкі. Іскры павялічваліся, збіраліся ў вялікі шар і праціналі начны змрок, як маленькія маланкі, патрэсквалі і гудзелі, як пчаліны рой. Нарэшце іх стала гэтулькі шмат, што яны здаваліся вялізным вогненным вокам, зрэнка якога шалёна круцілася.

— Гравістралок! — ярасным шэптам вымавіў Малчанаў і скочыў да ўвагнутага люстра наводкі тыямата.

Ён спазніўся на секунду, можа, на паўсекунды. На скалах зашыпела, і Грэхаў кулём пакаціўся да супрацьлеглай сцяны рубкі: па танку, дакладней, па яго ахоўным полі як быццам стукнулі гіганцкім молатам, і ён адскочыў назад, загуў і завібрыраваў на амартызатарах. Грэхаў яшчэ толькі ўзнімаўся, чапляючыся за сценку, як ударыла другі раз. Ён тыцнуўся носам у нешта цвёрдае і на пэўны час страціў здольнасць штосьці кеміць.

Малчанаў усё ж дацягнуўся да пускальніка тыямата, Грэхаў зразумеў гэта з таго, што ў яго спачатку занылі зубы, а потым дынамікі данеслі скрыгат-лямант ускатурханай атмасферы. Пакуль ён вылупліваў мутныя ад слёз вочы, усё было скончана. Вішчаў лічыльнік радыяцыі (страшная ўсё-такі штука тыямат!), палову горста як языком злізала, а ля яго падножжа курчылася пакамечаная, але ўцалелая(!) «павуціна», якая згубіла свой рэжучы бляск.

— Удалы пачатак, — легкадумна прамовіў Грэхаў, выціраючы з губы і пад носам кроў. Малчанаў здушана прамармытаў нешта, злосна памасіраваў горла, паказаў некуды ўбок, і Грэхаў убачыў далёкія светлякі ліхтароў, што выпісвалі мудрагелістыя траекторыі пад час руху. Гэта вярталіся разведчыкі, ні пра што нават не здагадваючыся. Няўжо яны не чулі ляманту тыямата?! Вірт нешта ціха казаў, Сташэўскі маўчаў. Яны павольна спусціліся па схіле застылай лававай хвалі, разрэзваючы змрок шпагамі святла, выйшлі на асветленую пражэктарамі прастору, і тут Сташэўскі заўважыў знікненне вершаліны горста, мітуслівую «павуцінку», ды і дым яшчэ не разышоўся поўнасцю, і радыяцыя не спала. Ён застыў з паднятай нагой, потым штурхнуў Дыега ў плячо, і яны, не дбаючы пра захаванне годнасці, кінуліся да машыны.

У кабіне Сташэўскі акінуў няўважлівым позіркам ашаломленую фізіяномію Грэхава і, як быццам нічога не адбылося, сеў у крэсла. Увайшоў ураўнаважана-спакойны Дыега Вірт, прыжмурыўся на «параненага» і, сказаўшы: «Герой», — сеў побач з камандзірам.

— Гравістралок, — раптам прамовіў Малчанаў, як бы просячы прабачэння, Грэхаў аж вылупіў вочы. — Даруйце мне, Святаслаў! Я абавязаны быў папярэдзіць, даруйце.

На яго было шкода пазіраць, і Грэхаў адчуў да яго калі не прыязнасць, дык, прынамсі, павагу. Відаць, ён сапраўды мужны чалавек.

— А-а... — сказаў у адказ Сташэўскі бесклапотна. — Лухта. Сам вінаваты. Мне ж гаварылі, і неаднойчы, а я забыўся.

Ён павярнуўся да апаратуры сувязі, крутануў рукаятку павароту арыентаста, выклікаў Станцыю.

Доўгі час, пакуль арыентаст абмацваў неба, відэом сувязі адно мігцеў няяркім блакітам, патрэсквалі дынамікі прыёмнай прылады ды паляскваў аўтамат перашкод, спрабуючы розныя частоты. Нарэшце відэом мігнуў, разгарэўся, і ў ім паступова праявіўся такі знаёмы Грэхаву стомлены твар з яскравымі губамі, трошкі ўзнятым носікам і ўмольнымі вачыма. Ён замёр.

«Паліна! Паліна... Каханне маё і жыццё маё... і боль мой... Праз усе цуды космасу і будзённасць працы, жыцейскія дробязі і буйныя падзеі, страты і набыткі я пранёс твой погляд з сабой. Я моцны чалавек і да шмат чаго прывык у гэтым шчодрым на сюрпрызы свеце, але я слабею, калі цень адчужэння, часам уяўнага, з'яўляецца ў тваіх вачах, былая ўпэўненасць пакідае мяне, як кроў параненае цела... Чалавек жывы чалавекам, і няхай хто-кольвек дакажа мне іншае. Я жывы ўсімі сябрамі сваімі, але больш за ўсё я жывы табой... Мы так і не пагаварылі на Станцыі, хоць Дыега зрабіў усё, каб мы сустрэліся. Гэта, вядома, ён пастараўся, каб ты апынулася тут, ля Тартара. Не без ведама Сташэўскага, пэўна ж. Хітрыя і добрыя мае сябры, вам не зразумець, мабыць, што для Паліны я толькі што ўваскрос. А да гэтага быў год адзіноты, год маёй смерці, уяўнай — для мяне, сапраўднай — для яе...»