Выбрать главу

Раптоўна пачуўся той жа самы пякельны трэск, з прорвы бліснула востра і моцна, і вясёлкавыя шары, як быццам іх падтрымлівалі «павуціны», адзін за адным ірвануліся ўгору.

Экранчык перыскопа пагаснуў. У агульным экране яны бачылі скурчаны пачарнелы канец трубы, падобны на носік закурадымленага імбрыка.

— Д'ябал! — вылаяўся, спахмурнеўшы, Сташэўскі. — А гэта навошта?

— Можа, гэта зварот да нас? — асцярожна выказаў здагадку Дыега Вірт. — Папярэджанне або перасцярога...

— Не, — нявесела сказаў Малчанаў. — Шары — гэта закапсуліраваныя якімсьці магутным сілавым полем ядзерныя выбухі. «Павуціны» вышпурваюць іх у космас.

— Навошта? — здзівіўся Дыега.

— Навошта — мы можам толькі здагадвацца. Паводле тэорыі таго ж Галкіна, шары — прадукты жыццядзейнасці Гарадоў, адыходы, ад якіх «павуціны» вызваляюць планету. Увогуле гэта вельмі рэдкая з'ява, нам проста пашанцавала...

Сташэўскі ўважліва назіраў за прорвай. Гул узнімаўся адтуль, трэслася глеба. На ўсякі выпадак Грэхаў адвёў танк ад абрыву метраў на пяцьдзесят і не паспеў яшчэ спыніцца, як глыбока ў целе планеты загучаў цяжкі грукат, над прорвай узляцеў густы рой доўгіх пунсовых іскраў, і сцены толькі што створанай цясніны сталі збліжацца. Страсенне глебы было не гэткае вялікае, як раней, і яны заўважылі, як у момант судакранання сцен з вузкай шчыліны, што засталася ад цясніны, вымахнуў вал аранжавага агню, затым з гучным чвяканнем сцены злучыліся, рэзкі штуршок падкінуў танк на амартызатарах, і дарога стала вольная.

4

Яны ўжо ладна ад'ехалі ад месца штучнага ці натуральнага, невядома, катаклізму, а зіхоткі шнур аранжавага туману, шчыльны, як вогненнае жэле, усё яшчэ трымаўся над глебай. Ён скручваўся ў трубу, дыхаў, але не разыходзіўся, і Грэхаў зразумеў, чаму плато назвалі плато Рубінавых жыл. Давялося поўнасцю пераключыць увагу на дарогу, каб не зваліцца ў прорву пад час наступнага новаўтварэння.

Сташэўскі заняўся пеленгам і ўхітрыўся-такі злавіць знаёмае ўсім «...Увага! Выкідваю...», выразна распазнавальнае скрозь трэск і выццё перашкод. Калі доўгі час паўтараць нейкае слова, сэнс яго знікае, і ўрэшце Грэхаў перастаў успрымаць гэтую надакучлівую песню-фразу. Рабіць здагадкі можна было бясконца, але, на думку Грэхава, гэта працаваў няспраўны аўтамат-перадатчык, а не маяк, што настройваецца — звычайна — на радыёбляск. Такія бомбавыя аўтаматы скідваюцца разведвальнымі караблямі ў месца маючай адбыцца пасадкі або любымі караблямі ў выпадках аварыйных сітуацый.

Грэхаў паўтарыў у думках апошнія словы, і марозны вецер хвалявання пагладзіў спіну шурпатымі пальцамі. «Ліха на іх! — падумаў ён. — Няўжо ніхто не разглядаў гэты варыянт — аварыя на караблі камунікатараў? Ці, магчыма, наогул катастрофа?! Але што можа здарыцца з ТФ-караблём? Самым надзейным і магутным зямным апаратам? Чаму толькі гэтае дзіўнае сугучча мучыць слых на працягу ўжо сямі сутак? Ці сапраўды аварыя на караблі?»

Відавочна, ён чымсьці выдаў сябе, бо Сташэўскі раптам уважліва да яго прыгледзеўся, паказаў пальцам на дынамік, адкуль усё неслася хрыплае гучанне двух слоў, і кіўнуў. Значыцца, і ён думаў пра тое ж. За тры гады сумеснай работы яны навучыліся разумець адзін аднаго без слоў.

У нейкі момонт, што не запомніўся сваёй ардынарнасцю, Грэхаў звыкла адзначыў сабе з'яўленне на гаразонце размытай чорнай гары, падумаўшы пры гэтым каб не давялося яе аб'язджаць. Потым цьмяны неспакой прымусіў яго прыгледзецца да гэтай гары пільней, і, унутрана халадзеючы, ён зразумеў, што перад імі Горад, той самы загадкавы Горад, каля якога павінен быў размяшчацца карабель. Не паспеў ён так падумаць, як Малчанаў раптам сарваўся з месца і штосьці здушана выгукнуў. Танк уз'ехаў на вяршыню доўгага адхону, і прыкладна за пяць-шэсць кіламетраў ад Горада яны ўбачылі карабель. Відаць ён быў кепска, быццам скрозь бруі вады, аднатонна шэры, падобны на тоўсты аловак, пастаўлены тарчма, і вельмі ўжо доўгім здаваўся ён адсюль. І тут Сташэўскі сказаў нягучна:

— Ды ён жа вісіць...

І тады Грэхаў зразумеў, у чым несамавітасць карціны. Карабель сапраўды вісеў у паветры, не апускаючыся і не ўзнімаючыся, вісеў абсалютна спакойны і ў гэтым спакоі чужы. Можа, яны стартавалі, убачылі іх і чакаюць? Але навошта марнаваць энергію на вісенне? Спакойней і разумней было б дачакацца «седзячы»... Што ж гэта тады? Карабель вісіць з той пары, як яны яго ўбачылі, і ніякай рэакцыі. Не можа ж ён вісець так доўга дзеля задавальнення...