Выбрать главу

Паўз іх праплыла яшчэ адна велізарная «сетка», горб якой апусціўся нізка над галавой. Давялося адступіць убок, каб размінуцца з «сеткай» на добрай алегласці. Мясцовасць прыкметна паніжалася, танк спускаўся ў глыбокую варонку, цэнтр якой, па разліках Грэхава, павінен быў знаходзіцца дзесьці амаль пад караблём. Глеба варонкі была дзіўнага рыжага колеру, быццам усю яе пакрыла ржа, нічога асаблівага на ёй не было.

Грэхаў сабраўся павялічыць хуткасць, і ў гэты момант яго быццам вывернулі, як апратку. А калі ён ачнуўся ад незразумелага забыцця, выявілася, што танк караскаецца ўгору па схіле варонкі, зусім недарэчным чынам павярнуўшыся да зоркалёта кармой.

Таварышы выглядалі гэтак жа прыгнечана, як і ён, і гэтая акалічнасць дазволіла Грэхаву зрабіць выснову, што метамарфоза адбылася з усім танкам, а не толькі з ім адным.

— Паварочвай назад. Паспрабуем яшчэ раз. Грэхаў павярнуў «Мастыф», на малой хуткасці пакаціў уніз, і прыкладна ў тым жа самым месцы ўладарная, але мяккая рука павярнула яго з ног на галаву, патрымала і апусціла. Танк зноў быў павернуты кармой да карабля. Яны паспрабавалі падысці да яго ў другім месцы, у трэцім, і ўсюды іх чакала тое ж самае: таемным чынам танк апынаўся павернуты на сто восемдзесят градусаў да кірунку руху. Іх не пускалі да карабля. Хто — невядома, але спосаб быў нагэтулькі просты і красамоўны, што не зразумець яго было немагчыма.

У апошні раз павярнуўшы машыну, Грэхаў спыніў яе каля вялізнай дзіркі, што ішла некуды ў нетры планеты. Маторы змоўклі, і сталася зусім ціха. Толькі перад вачыма ўсе яшчэ плыло, быццам яны працягвалі рухацца.

5

Тры гадзіны праляцелі ў марных спробах наблізіцца да карабля на адлегласць бліжэй як тыя няшчасныя сто метраў, якія ім засталося прайсці. Дайшло да таго, што Сташэўскі пры маўклівай згодзе Малчанава выпрабаваў на нябачнай сцяне, якая выкручвала навыварат, усе віды зброі танка аж да тыямата. Разрады лазераў і дэфарматараў паглыналіся гэтым асяроддзем бясследна, а промень тыямата, дрыжачае блакітнае бруенне атамнага распаду, выклікаў ланцужок зыркіх зялёных успышак у «павуцінах», што віселі этажэркай над караблём. Там, угары, узнялася ціхая паніка, «павуціны» парушылі строй, захісталіся, але да іх далучыліся сабраты, што вольна плавалі паблізу, і становішча стабілізавалася. На ціхі шэпт у вушах Грэхаў ужо не рэагаваў, толькі часам заўважаў іншыя з'явы: то глухнуў беспрычынна, то ўсе прадметы пачыналі здавацца яму скрыўленыя або пляскатыя, часам мутнеў зрок. Адно толькі ратавала і адцягвала — ён быў заняты работай.

Перайсці магічную мяжу «перагортвання» яны гэтак і не змаглі. Радыё і тэлезапыты заставаліся без адказу, быццам гразлі ў стометровым слоі празрыстага, па мерках Тартара, паветра. Цяпер і вісенне зямнога зоркалёта ў паўсотні метраў ад глебы іх не здзіўляла, хоць часам Грэхаў механічна задаваў сабе пытанне: якім чынам можна падтрымліваць амаль мільён тон без адчувальных затрат сродкаў і энергіі?..

Свяціла схілілася ад гарызонту, настаў той вечаровы час, калі промні яго плывуць паралельна зямлі, паветра здаецца запоўненым пунсовым туманам і ўсе прадметы ў ім бязважкія. Неба пацямнела, набыло падабенства з малахітавым купалам, які псавалі мільгаючыя ў розных кірунках «павуціны».

Яны вырашылі чакаць начы каля карабля, каб паведаміць на Станцыю пра свае справы. Прадпрымаць што-кольвек без рашэння навуковай Рады асцерагаліся, бо, як выказаўся Малчанаў, «гэта пагражае наступствамі, у выніку якіх мы не зможам назіраць уласнае пахаванне».

Сташэўскі дамогся, каб яны павячэралі, што яны з ахвотай і зрабілі.

— Страўнік — гэта прыбор, — абвясціў з поўным ротам Дыега Вірт, — прызначаны для сталага нагадвання чалавеку пра тленнасць яго цела.

— Існавання, — удакладніў Грэхаў.

— Цела.

— Існавання.

— Ну добра, існавання. Якое гэта мае значэнне? Хіхікайце, калі больш нічога не ўмееце, як сказаў мудрэц.

— Так яму і трэба, — з ухвалой сказаў Сташэўскі, збіраючы посуд. Грэхаў паказаў Дыега, хто ён такі, і, рабіць жа не было чаго, пачаў катаваць Малчанава пытаннямі. Адказваў камунікатар даволі ахвотна, і за нейкую гадзіну Грэхаў даведаўся пра Тартар нямала новага, са здзіўленнем выявіўшы, што і Сташэўскі і Дыега Вірт з аднолькавай цікавасцю слухаюць аповяд. Малчанаў казаў пра першыя планамерныя экспедыцыі на паверхню планеты, пра тое, як многія ўсюдыходы і лятальныя апараты зямлян знікалі без вестак і паасобныя з іх потым знаходзілі ў космасе, за межамі атмасферы Тартара, быццам даставалі з-пад прэса — так яны былі разбіты і расплюшчаны. Пра тое, як людзі сталіся асцеражнейшыя, перасталі накіроўваць экспедыцыі на лятаючых машынах, потым і зусім перасталі выходзіць з караблёў, пасылаючы адны аўтаматы. Але і аўтаматы зніклі. Планета здавалася населенай нагэтулькі агрэсіўнымі жыхарамі, што ўмяшаўся спецаддзел КАВС і забараніў наогул пасадкі на планету. Вучоныя вымушаны былі задавальняцца толькі зондамі-аўтаматамі і назіраннямі з бяспечных арбіт: ні «павуціны», ні «цікаўнікі», ні пластуны і так званыя «шэрыя прывіды» ніколі не выходзілі за межы іанасферы Тартара, за дзей, якія яўна не належалі да работнікаў патрэбнай у дадзены момант спецыяльнасці.