Выбрать главу

Відэом ачысціўся і са словамі «канец перадачы» скруціўся ў белую аблачынку і пагаснуў.

— А цяпер спаць! — коратка загадаў Сташэўскі, выключыў апаратуру і цяжка паглядзеў на кожнага. — Дзяжурыць будзем па чарзе. Першы я, потым вы, Эвальд, потым Дыега...

Танк адвялі ад карабля і ад Горада з такім разлікам, каб быў бачны і той і другі, уключылі максімальную абарону і ўпершыню за двое сутак пайшлі ў адсек адпачынку, да ўтульных аэраложкаў. Сташэўскі застаўся ў кабіне рыхтаваць матэрыялы і апаратуру да прыёму аўтаматычнага зонда.

Ноч прайшла спакойна. Малчанаў пабудзіў іх ужо ўранні, каля васьмі гадзін, калі цьмяная Ціна даўно ўварвалася ў мутную атмасферу планеты над імі і аперазалася жамчужнымі галасамі. Вось як, час свайго дзяжурства Грэхаў бессаромна праспаў! Але і Дыега добры, не пабудзіў. Вельмі высакародна з яго боку...

Сташэўскі хутка сабраўся і выйшаў, а з кабіны прыйшоў Дыега і, не заўважаючы незадавальнення Грэхава, запрасіў яго на размінку. Хвілін дваццаць яны практыкаваліся ў дапрацоўцы некаторых каскадаў прыёмаў дзю-до. У выніку іх практыкаванняў была перабіта адна з кансолей падвескі адсека і ўвагнуты дзверцы шафы. Дыега, ківаючы ў бакі паголеным чэрапам, паказаў на ўвагнутасць:

— Гэта твая галава...

— А гэта твой нос, — знайшоўся Грэхаў, паказваючы на кансоль.

— Та-ак, не шанцуе...

— Яшчэ так пашанцуе, што не заскачам, а заплачам! Яны трохі пасмяяліся, потым успомнілі, дзе знаходзяцца, і паспяшаліся ў душ.

Пасля снедання Сташэўскі расказаў, як ён уначы прыняў ракету-зонд па пеленгу і накіраваў матэрыялы на Станцыю. «Павуціны» не перашкаджалі, хоць некалькі цікаўных экземпляраў набліжалася на небяспечную адлегласць. І камандзір раптам прызнаўся, што пад час з'яўлення «павуцін» ён кожны раз чуе неразборлівую чалавечую гаворку.

— Што б гэта азначала?

— І я чую, — вырвалася ў Грэхава.

— Нічога асаблівага, — раўнадушна вымавіў Малчанаў. — Мы завём гэта «псіхалагіраваным уплывам». Віноўнік яго, несумненна, невядомае выпраменьванне. — Вось так, — сказаў Сташэўскі з пэўнай палёгкай. — Што ж, бадай...

— Я думаў, вы ведаеце. Але вось тое, што зонд вы сустракаеце адзін...

— Нічога, — усміхнуўся аднымі губамі Святаслаў. — Я сябе на гэты выпадак засцярог ад небяспекі.

— Зонд не зносіла? — пацікавіўся Дыега Вірт.

— Зносіла, але ён запеленгаваў маяк танка і выйшаў па гіпербале амаль над машынай. «Павуціны» спрабавалі ў гэты момант падысці бліжэй, я іх адагнаў.

Памаўчалі трохі, нанова прывыкаючы да панурага пейзажу з дымнай падушкай, скрозь якую тырчаў шэры палец зямнога зоркалёта. Тут усё было па-ранейшаму. Стаяла над караблём лесвічка з дзесятка калыхлівых «павуцін», яшчэ каля дзесятка іх сплялі ўвагнутую крацістую сцяну паміж Горадам і караблём. Астатнія віселі або плавалі без справы на невялікай вышыні, быццам назіральнікі. Зрэшты, адна дэталь мясцовасці змянілася: павялічылася колькасць грыбападобных чорных нарасцей, што ланцужком атачалі карабель. Відавочна, не на дабро.

— Дык вось, — пстрыкнуў пальцамі Сташэўскі, — паедзем вакол Горада. Не вельмі хутка, пад сорак...

Грэхаў кіўнуў. На раўніннай мясцовасці «Мастыф» мог бегаць у пяць-шэсць разоў хутчэй, але трэба было глядзець па баках, а іх было ўсяго чацвёра, мінус сам Грэхаў як вадзіцель.

Малчанаў сеў справа ад яго і адчыніў футарал дзіўнага павукападобнага апарата з яшчэ больш дзіўнай і доўгай назвай: каардынатар ліній чакання раптоўна ўзнікаючай інфармацыі. Уяўляў ён сабой цуд нейрысторнай тэхнікі са спецыяльнага рыштунку камунікатараў, і ўсё, што Грэхаў ведаў пра яго, дык тое, быццам ён штосьці прагназіруе.

«Сумняваюся, каб дапамог нам хоць чым-кольвек», — падумаў ён з усмешкай.

— Цікава, — прамармытаў Дыега, відаць, больш знаёмы з апаратурай, і ўладкаваўся за спінай камунікатара.

Каб не адцягваць увагу, Грэхаў уключыў вонкавыя акустычныя прыёмнікі, і кабіну запоўнілі гукі руху: рокат матораў, хруст гусеніц, шолах і шалест пароды пад гусеніцамі. Разам з гэтымі гукамі часам даносіліся ўсклікі Дыега і невыразнае мармытанне Малчанава. Сташэўскі ўсю ўвагу звярнуў на дзейнасць «павуцін», рука яго выстуквала на падлакотніку крэсла кадзіраваную адзнаку сігналу.

Да абеду яны аб'ехалі Горад двойчы па спіралі, якая разгортвалася, не звяртаючы ўвагі на дужа настырнага «цікаўніка», што рухаўся ўслед за імі. Грэхава не пакідала адчуванне пабочнага позірку, і яму з цяжкасцю ўдавалася выдаваць сябе спакойным.