Паабедалі ў пахмурным маўчанні. Нават Дыега Вірт, які звычайна скула разлічваў свае рухі, насупліваўся і паглядваў на гадзіннік. Прыгнечаны стан групы трымаўся да вечара. Аж перад самым заходам Грэхаў раптам заўважыў далёка ўбаку незразумелы аб'ект. Бачны ён быў цьмяна, оптыка дапамагала мала, давялося павярнуць з арбіты руху на поўдзень. І тут Грэхаў заўважыў, што рухаюцца яны неяк дзіўна: ён кіраваўся дакладна на аб'ект, падобны здалёку на чорную коску, аб'ект жа раптам апынуўся трохі злева; Грэхаў павярнуў крыху ўлева, але праз некалькі секунд «коска» зноў апынулася злева, хоць ён не дакранаўся да кіравання. Ён павялічыў хуткасць, зноў трохі павярнуў улева — «коска» проста на вачах зрушылася ўлева, і на гэты раз значна хутчэй. Стваралася ўражанне, што каменны шчыт пад танкам паварочваецца вакол восі і чым хутчэй яны едуць, тым хутчэй ён паварочваецца.
Грэхаў спыніў танк. Нічога, усё стаіць на месцах. Як толькі паехалі — ланцуг скалаў на краі адкрытай прасторы закруціўся ўлева.
— У чым справа? — пацікавіўся Сташэўскі. Грэхаў прадэманстраваў яму дзіўную з'яву і паспрабаваў з ходу мінуць плошчу, на якой яны завязлі. Але за некалькі секунд танк разгарнула на сто восемдзесят градусаў, і ён імчаўся да цэнтра плошчы! І зноў... і зноў... Чым бліжэй да краю, тым хутчэй іх зносіла і паварочвала да цэнтра пусткі. Урэшце Грэхаў выдыхнуўся і спыніў танк.
Маўчанне ў кабіне было красамоўнае. Яны апынуліся ўнутры зачараванага кратэра, сцены якога на тры чвэрці складаліся з фіялетавых скал, а замыкаліся чорнай сцяной Горада і вежай карабля.
— Паспрабуй яшчэ раз, — парушыў маўчанне Сташэўскі.
Грэхаў паспрабаваў, але з тым жа поспехам.
— Гэта вы не праходзілі? — паспрабаваў пажартаваць Дыега Вірт, звяртаючыся да Малчанава, які задуменна церабіў падбародак.
— Не, — адказаў той сур'ёзна. — З такой з'явай сутыкаюся ўпершыню, і, наколькі я ведаю, пра гэта не згадваў ніводны даследчык.
— Усё гэта добра, — уздыхнуў Сташэўскі, — якасна іншая з'ява і гэтак далей... Аднак трэба ж адсюль і выбірацца.
Аддалены гул прымусіў усіх насцярожыцца. Гул нарастаў, задрыжала глеба. Яшчэ праз паўхвіліны гул ператварыўся ў магутны грукат, трэснула сцяна скал, і ў пралом, які ўтварыўся, слізганула... велізарная чорная скала і рушыла праз плошчу да Горада. Яна перасекла пустую прастору, пакінуўшы пасля сябе дыміцца глыбокую баразну, і бясследна растварылася ў цяснінах Горада.
Нядоўга думаючы, Грэхаў запусціў рухавік і кінуў танк уздоўж баразны да пралому. Праз хвіліну яны былі ўжо за межамі дзіўнай плошчы, якая не выпускала іх са сваіх абдымкаў больш за гадзіну.
Дыега паспрабаваў растлумачыць феномен «гравітацыйным полем, якое плыве», але Сташэўскі папрасіў Грэхава «як былога спецыяліста» зніштожыць гэтае «тонкае разважанне», і той папулярна вытлумачыў Дыега, што ён кампетэнтны ў фізіцы гравітацыі гэтак жа, як ён сам у чорнай, а разам з ёй і белай магіі. Праўда, Грэхаў таксама нічым не мог вытлумачыць іх прыгоды, нягледзячы на тое, што сапраўды тры гады назад скончыў інстытут фізікі прасторы. Для высноў патрэбны былі эксперыментальныя вымярэнні, паўтораныя не адзін раз.
На ноч танк пакінулі ў тым жа месцы, што і ў першы раз. Фарбы заходу хутка збляклі, затое зайгралі пералівамі халоднага святла «павуціны» і Горад. Магчыма, Грэхаў быў занадта эмацыянальны для работніка КАВС, але ў сузіранні маляўнічай феерыі святла ён знаходзіў сапраўднае задавальненне. Толькі часам свядомасць як бы ўспамінала свае абавязкі, і тады чутны быў шэпт — не вельмі прыемнае нагадванне аб прысутнасці іншага загадкавага жыцця. Яны ўжо звыкліся з ім, як прывыкаюць і не заўважаюць скуголення ветру ў непагадзь.
Правялі чарговы сеанс сувязі. Што-нішто змянілася на зямным фарпосце. Да Тартара прыбылі энергазабеспячэнцы і эксперыментальны карабель, бітком набіты рознага роду генератарамі.
— Намячаецца эксперымент, — паведаміў Кротас. — Фізікі хочуць «выразаць» кавалак прасторы разам з караблём і перакінуць яго з планеты за межы атмасферы.
— А мы? — вельмі своечасова спытаўся Дыега Вірт.
— А вас захопіць іглакол. Мантажнікі заканчваюць зборку пад'ёмніка, заўтра паспрабуем высвідраваць канал у атмасферы. А пакуль вы будзеце карэкціраваць наводку генератараў для эксперыменту.
— Зразумела, — адгукнуўся Сташэўскі, адказваючы ўсмешкай на ўсмешку Паліны, і сеанс скончыўся.
На гэты раз першы на вахту стаў Грэхаў. Чатыры гадзіны праляцелі незаўважна, ён нават спаць не захацеў, паглынуты назіраннямі за дзеяннямі цікаўнікаў і «павуцін». Так, яны яўна штосьці рыхтавалі, прыцягнулі аднекуль яшчэ некалькі «грыбоў», і цяпер вакол калоны карабля ўтварылася суцэльная чорная сценка. Аж перад самой здачай дзяжурства — Грэхаў якраз глядзеў на нерухомае воблака белага дыму, з якога вырастаў карабель, — воблака гэтае раптам з моцным трэскам апала, і над караблём усплыла сліпучая да болю ў вачах «павуціна». Яна як бы падхаліла карабель знізу, краі яе палезлі ўгору, і ўрэшце карабель быў загорнуты ў «авоську». Усё замерла на пэўны час. Потым «павуціна» з доўгім шыпеннем распаўзлася ранейшым белым дымам, і Грэхаў, расціснуўшы ўспацелыя ад напружання кулакі, прамармытаў зларадна: