Выбрать главу

Як толькі ён наблізіўся ўсутыч, да яго вярнулася цёмнае, непрыемнае пачуццё — небяспека. Конь быў неверагодна прыгожы. Сельскія працоўныя канякі гэтак не глядзеліся... Узняўшы шыракалобую галаву з раздзьмутымі ноздрамі, фанабэрыста глядзеў з-пад аксамітных вейкаў даўганогі месячна-белы конь, варты Георгія Перамоганосца. Капыты яго зграбна прытанцоўвалі, сталёвая пругкасць адчувалася ў круглых бабках. З-за крыжа, акрэсленага, як амфара, выбіваўся пышны, аж да зямлі, снежны хвост. Шыя над магутнымі грудзьмі, з ямачкай пад горлам, нагадвала пра лебедзя і казачнага змея. Конь капрызна страсянуў галавой, і велічэзная шаўкавістая грыва, узвіхрыўшыся, застыла на імгненне, як пры запаволенай кінапраекцыі. У непраглядных вачах адбіліся два маладзікі, надаўшы яго погляду выраз дзікай неўтаймоўнай волі.

Адступаць было позна. Серж паклаў на руку печыва і падаў яго. Далікатныя, сухія, халаднаватыя губы слізганулі па далоні. Дзіўнай аброццю ўтаймоўвалі гэтага жарабца: пад падбародкам матляліся, выклікаючы знаёмы звон, мудрагелістыя нашараваныя цуглі, на шчоках бліскалі фігурныя бляхі... Прафесійнае Сержава вока нават пры скупым месячным святле ўмомант вызначыла бронзу.

Зрэшты, у паводзінах каня не было нічога казачнага;

Злізнуўшы адно печыва, ён стаў абмацваць губамі мяшочак, а калі Серж адняў руку, каб дастаць новую порцыю, нецярпліва застукаў нагой...

Далей Сержаў расказ стаў дзіўны і не вельмі складны. Сябра блытаўся, па некалькі разоў вяртаўся да аднаго і таго ж, змаўкаў, упарта гледзячы сабе пад ногі, і штохвілінна то задаваў мне пытанне: «Няўжо так з'язджаюць з глузду?», то маліў не лічыць яго вар'ятам, таму што «ўсё было так рэальна».

Здаецца, быў нейкі недаступны свядомасці імгненны пераход і ноч, поўная ўрачыстай цішыні канца лета, стала вільготным няяркім сакавіцкім днём. Шлёпалі капыты, распырскваючы калатушу бруднага снегу, хвацкія воклічы вершнікаў перакрывалі ржанне. Коўзаючыся і прысядаючы крыжамі, коні з апаскаю спускаліся па схіле. Кучаравыя даўгавухія воі, апранутыя ў скуру з грубымі жалезнымі пласцінамі, у простыя круглыя шлемы, з усяе сілы нацягвалі павады, і віселі каля сядла пунсовыя шчыты.

Белы жарабец гарцаваў перад Сержам. Конніца абыходзіла яго з двух бакоў. Але цяпер д'ябальскі конь быў асядланы, і на ім, боцікамі ўпіраючыся ў страмёны, сядзела маленькая жанчына-коннік з вялікімі вачыма.

Мяркуючы па ўсім, уражанне, зробленае ёю на майго сябра, было неверагоднае. Ён называў тую жанчыну «царыцаю», хоць яна была кімсьці накшталт камандзіра коннага атрада. Юны твар, круглы і шыракаскулы; лёгкі шрам, якому нос быў абавязаны сваім задраным кончыкам; неадкрытыя смаляныя валасы да лапатак — забаўка золкага ветру. У яркіх цёмна-карых вачах вясёлае шаленства, напышлівасць, гарэзлівасць. Гледзячы на ма ленькія і абветраныя рукі, якія ўладна трымалі павады, Серж падумаў, што вершніцы будзе радасна адным дакладным ударам разваліць плячук ворага. Яна выклікала страх і вабіла, як маланка. Зверху кальчугі — расхінутая безрукаўка з сівае воўчае шкуры, да бронзавага пояса прывешаны меч, які звужаўся па ўсёй даўжыні.

Жанчына кінула Сержу адну толькі фразу, кароткую і звонкую, нібы каманда. Ці то тыя словы былі ўсё-такі падобныя да расейскай мовы, ці то па іншай, толькі пазней угаданай прычыне, але ён зразумеў, што «царыца» паўжартам пагражае яму сваім гневам, калі падвядуць падковы... Потым яе ўвагу адцягнулі крыкі і рогат воінаў. Маладзенькі коннік з тонкай шыяй і недарэчна шырокімі пад бычынай скурай плячыма, амаль хлопчык, памыліўся і даў шэнкеля на слізкім схіле, замест таго каб асадзіць... Ірвануўшыся, конь паваліўся на калені, і юнак кулём вылецеў з сядла. Пакаціўся шлем, «царыца» фыркнула, нібы дзеўчанё. Воіны дражнілі юнака, клічучы па імені: «Усясвет, Усясвет!»

Потым жанчына, ужо не цікавячыся Сержам, абцасамі выцяла каня і стала спускацца разам з усімі, пагойдваючыся станам. Белабрысы Ўсясвет нязграбна паднімаўся, абціраў рукавом гразь з твару. Хтосьці, праязджаючы, торкнуў яго тупым канцом дзіды, і маладзён выцягнуўся дагары ізноў...

Апамятаўшыся пасля сустрэчы з «царыцаю», Серж выявіў, што і сам апрануты ў цесны сырамятны каптан з нагруднымі пласцінамі зверху шэрай палатнянай кашулі навыпуск, што за поясам у яго сякерка з доўгім вузкім лязом, на пальцы — бронзавы пярсцёнак, скураныя штаны ўвабраны ў мяккія боты накшталт каўказскіх.

Ужо не ўпершыню адчуваючы нядобрае ў гэтым расказе, я запытаўся ў яго: як выглядалі рукавы ў кашулі?

Ён задумаўся на імгненне і адказаў:

— Доўгія, з чырвонай вышыўкай — такі двайны радок каля запясця.