Выбрать главу

Грэхаў звыкла адзначыў час і, разважаючы, ціха сказаў:

— Не магу зразумець адно — чаму на планету, жыццё якой не разгадана, прысутнасць розуму на якой яшчэ нікім не даказана, паслалі атрад камунікатараў. З кім яны збіраліся наладжваць кантакт? З «павуцінамі»? З «цікаўнікамі»?

— З пластунамі, — прамармытаў Дыега Вірт. — Або з «шэрымі прывідамі». Ці не ўсё адно...

— Так, тут вы маеце рацыю, — уздыхнуў Малчанаў, і вузкі маршчыністы твар яго спахмурнеў. — З пасылкай камунікатараў паспяшаліся. Але ў дадзены момант гэта ўжо не віна, а хутчэй наша бяда. На Станцыі ў той час было занадта шмат гарачых галоў...

— Гарачыя галовы... — па-старэчы прамармытаў Сташэўскі, гледзячы на роўную калону карабля. — Гарачыя галовы... Раней казалі: колькі галоў — гэтулькі розумаў, але першых заўсёды больш. Поўнае супадзенне з рэчаіснасцю...

У кабіне запанавала адносная цішыня. Але хіба параўнаеш гэтую жывую пульсуючую цішыню з невыказна халоднай і глыбокай цішынёй цэлай планеты? Незвычайнай цішынёй, цішынёй, здавалася б, абсалютна мёртвага свету. Як зразумець яе, з чым параўнаць яе? Як звязаць яе з тым, што свет гэты не мёртвы, што ён жывы, і жывы актыўна? Спусціўшыся са Станцыі, яны з волатаў, што аглядалі ўсю планету адзіным позіркам, ператварыліся ў мурашоў, якія поўзаюць па велізарным механізме невядомага прызначэння, мурашоў, няздольных зразумець асобныя рухі шасцерняў, спружынаў і колаў і аб'яднаць іх у цэлым у паняцце механізма. Як можна было гаварыць пра кантакт, не зразумеўшы, як і з кім яго наладжваць?

— Парадокс, — услых сказаў Грэхаў. Ніхто яму не адказаў.

— «Павуціны», — флегматычна заўважыў Дыега. — Нешта іх багата.

Грэхаў узняў галаву — «павуціны» ўжо накрывалі танк слабым сеткаватым ценем — і адчуў балючы штуршок у галаву і перастаў бачыць святло.

На нейкую долю секунды ён адчуў бег часу. Не, не бег — сціснутую спружыну часу. Процьму сціснутага да неверагодных межаў часу! Штосьці адбывалася вакол, адбывалася на ўсёй планеце, пачуццяў чалавечых не хапала, каб заўважыць гэта, убачыць, зразумець. Але прарвалася імгненне, нейкае «дзесятае» пачуццё, нават не інтуіцыя — імгненне, калі рытм чужога жыцця сам прабіўся ў мозг, прымушаючы яго напружвацца ў бясплённых спробах асэнсавання гэтага жыцця...

Грэхаў не паспеў нічога зразумець, проста адчуў, быццам прорва адкрылася пад ім, захапіла дух, і тут жа ён апынуўся на цвёрдай зямлі, і няма прорвы, а сэрца яшчэ не паспела адрэагаваць, замерла, калі ўсё ўжо мінула...

Ён нікому пра гэта не сказаў. Нават Сташэўскаму. «Потым, — падумаў ён, — на Станцыі. Калі можна будзе перавесці гэта ў жарт».

6

А шаснаццатай гадзіне паводле ўніверсальнага часу абяцаны Кротасам канал прамых безынерцыйных зносін са Станцыяй не з'яўвіўся. Сувязі таксама не было, усе дыяпазоны, як і раней, былі скрозь забіты перашкодамі.

Увечары Сташэўскі загадаў пад'ехаць да карабля бліжэй і спыніцца паблізу двайнога шэрагу часта натыканых «грыбоў». Нябачная адштурхоўваючая сцяна ўсё яшчэ была на месцы, рабіць не было чаго, заставалася толькі чакаць ночы, калі можна будзе наладзіць сувязь.

Барвовае свяціла напалову ўлезла ў зыбкі гарызонт, заліваючы даліну, Горад, карабель, туманнае паветра струменямі пунсовых вясёлак. На свеце ненадоўга запанаваў рубінавы колер, перакрэслены ценем карабля. Потым Ціна неяк адным рухам вухнула ўніз, і настала вішнёвая імгла, якая хутка цямнела.

Грэхаў разгарнуў танк кармой да павіслага зоркалёта і ціхенька адпрацаваў заднім ходам ушчыльную да празрыстай сілавой сцяны, але перастараўся, і танк павярнуўся кругом і адступаў ужо ўгору па схіле варонкі.

— Не забаўляйся, — прабурчаў Сташэўскі, уключаючы прыёмнік. Сувязь знайшлася амаль адразу, як толькі яны пераключылі антэну на гравііндукцыйную рашотку.

— «Мастыф», чаму не адказваеце? «Мастыф», чаму не адказваеце? — загаварыў у кабіне Палінін голас, і ў аб'ёме перадачы з'явіўся яе мілы зблажэлы твар. Убачыўшы іх, яна толькі ўздыхнула, знайшла вачыма Грэхава і, гледзячы на яго, сказала:

— Бачу вас, «Мастыф», чаму маўчыце?

— Усё нармальна, мышка, — сказаў Сташэўскі. — Давай нам начальства.

Паліна саступіла месца смугламу гарбаносаму чалавеку з блізка пасаджанымі зырка-жоўтымі вачыма. Сташэўскі і Малчанаў з пашанай схілілі галовы, Грэхаў з пэўным спазненнем зрабіў тое ж.

Гэта быў Банглін, старшыня Камітэта Камунікацый.

— Карабель усё яшчэ маўчыць? — спытаўся ён, хутка абмацаўшы іх сваімі пранізлівымі вачыма.