— Жывы? — спытаўся ён з нейкай дзіўнай інтанацыяй. І Грэхаў зразумеў.
— Не... — амаль злосна адказаў ён. — Яны не паспелі яго...
З-за скалы выйшаў Малчанаў, падышоў да іх, раптоўна абняў іх за плечы, і яны не згаворваючыся паглядзелі ўгору, у зыбкую чарнечу начной атмасферы Тартара, за якой дзесьці іх чакалі ў трывозе таварышы. Зямляне...
Сахіба Абдулаева. Панаванне жанчын
Пераклаў Павел Марціновіч
Выехаўшы за межы горада, машына прыбавіла хуткасць. Сакавітая зелень паліўных палёў, чаргуючыся з жаўцізной палос выпаленай сонцам травы, імкліва праносілася міма і, быццам знікаючы з жыцця, заставалася дзесьці далёка ззаду.
Горы з вяршынямі, ахутанымі смугой, з рэзкімі белымі кляксамі ледавікоў, прысунуліся. І ў набліжэнні гэтым было абяцанне доўгачаканай прахалоды.
— Паветра якое! Што за паветра!
— Праўда, — пацвердзіў Сарвар, заклапочана зірнуўшы на нашага сына, які стомлена заснуў на маіх руках.
— Дзядзька, напэўна, зачакаўся, — сказаў Фатых. — Хутка прыедзем, вось тады зразумееце, што такое сапраўднае горнае паветра!
Сарвар зноў паглядзеў на нас з сынам, збавіў хуткасць, сказаў нягучна:
— Давайце перадыхнём, бо ўжо дзве гадзіны ў дарозе.
Я ўдзячна ўсміхнулася яму. Малы сапраўды стаміўся. Але калі Сарвар спыніў машыну на абочыне дарогі, ён расплюшчыў вочы, працягнуў да мяне рукі. Я выйшла з машыны, агледзелася і пагладзіла сына па худых шчоках:
— Глядзі, Джамшыд, як прыгожа?
Ля карэння старой алычы весела цурчала крыніца, падаючы на каменне з вузкай расколіны ў сцяне. Сонца, прабіваючыся праз вадзяны пыл, павесіла над ёй няяркую вясёлку. У вачах малога з'явіўся бляск, губы заўсміхаліся.
Калі мужчыны напіліся, я ўзяла ў іх піялу, напоўніла яе і, адпіўшы глыток ледзяной вады, прапанавала сыну. Ён прагна прыпаў да гаючай вільгаці.
— Хопіць, Шахноза, вада вельмі халодная, каб не прастыў малы, — клапатліва вымавіў Сарвар. — Пахадзі трошкі, разамніся, зараз паедзем далей.
У дарогу мы рушылі хвілін праз дзесяць.
Седзячы на заднім сядзенні і прыціскаючы да сябе схуднелае цельца Джамшыда, я гледзела ў акно, аднак нічога вакол не заўважала — мне не верылася, што яшчэ ўчора мы з сынам знаходзіліся ў душнай, распаленай ад гарачыні бальнічнай палаце. І замест перадгор'яў, што беглі міма, перад вачыма паўставалі карціны тых цяжкіх дзён...
Джамшыду толькі-толькі мінуў годзік. Радуючы нас з мужам, ён пачаў рабіць першыя крокі: прыпаўзе ў кухню на карачках, а там, абапіраючыся на сцяну, устане на ножкі і харобра ступіць да мяне. І праз секунду ўжо ўчэпіста трымаецца за матчыну спадніцу, смяецца разам з намі. Участковы доктар, якая цярпліва лячыла нашы бясконцыя прастуды і бранхіты, сказала, што цяпер малы павінен хварэць меней — мінуў самы пяшчотны ўзрост, але атрымалася ўсё інакш.
Лета стаяла гарачае. І як я ні берагла Джамшыда, ён захварэў. Захварэў цяжка. Тэмпература падскочыла да сарака градусаў. Не дапамаглі ні абціранні, ні кампрэсы. Іртуць у тэрмометры апускалася ненадоўга і тут жа імкнулася да гэткай страшнай адзнакі — сорак. Дыхаў Джамшыд з цяжкасцю, амаль не расплюшчваў вачэй. Выклікалі «хуткую дапамогу».
У прыёмным пакоі сына доўга аглядалі, і я пачала плакаць, баючыся, што доктар скажа што-небудзь страшнае, безвыходнае.
— Пнеўманія, — канстатавала яна, гледзячы на нас з мужам. — Дзіця вельмі слабое. Неабходная шпіталізацыя.
Мы з Сарварам маўчалі, не ведаючы, што рабіць, што сказаць.
Доктар аклікнула сястру:
— Хлопчыка ў рэанімацыю. Увядзіце жарапаніжальнае зараз жа... А вы не трывожцеся, як толькі стан палепшыцца, адразу перавядзём вашага малога ў агульную палату.
Сястра спрытна напоўніла шпрыц, увяла іглу ў ягадзіцу Джамшыда. Ён нават не заплакаў — так выматала яго хвароба.
— Скажыце, доктар, а... — павярнулася я да доктара, але тут жа ўчула выгук медсястры: — Зухра Рустамаўна! Яму блага!
Убачыўшы, што сынавы губы пасінелі, а вочы сталі закачвацца, я кінулася да яго, але медсястра ўжо схапіла яго, пабегла па калідоры.
У рэанімацыйнае аддзяленне нас з мужам не пусцілі. Стоячы пад глухімі дзвярыма, я нічога не бачыла і не чула. Толькі адчувала, як слёзы бягуць па твары.