Мужчыны адразу замітусіліся, сталі выгружаць з машыны рэчы, заносіць у двор. Я ішла ўслед за імі і раптам, у які ўжо раз за час сынавай хваробы, адчула на сабе нечы погляд. Павярнулася хутка, але нікога не ўбачыла. Мне сталася не па сабе, і я прыбавіла кроку.
Жыць нам з Джамшыдам належала ў невялікім, але ўтульным і чыстым пакоі, дзе я адразу і пачала размяшчацца. Расклаўшы рэчы, уладкавала сына на ложку, а калі ён заснуў, выйшла ў двор, каб праводзіць мужа, які ад'язджаў.
Калі машына схавалася за выгінам дарогі, да горла майго падступілі рыданні, на вочы навярнуліся слёзы. Я не хацела, каб хто-небудзь убачыў мяне такую, і я села каля дувала і задумалася. Аднак мой стан заўважыў гаспадар дома.
— Пагуляла б, дачка, — сказаў ён. — Тут санаторый надалёка, вунь, бачыш, на тым беразе вялікая брама... Схадзі з малым, прагуляйся — краса там незвычайная.
Прапанова прыйшлася мне па душы. Заставацца ў двары не хацелася, часу да абеду было шмат, і, усадзіўшы Джамшыда ў каляску, я пайшла да санаторыя... І тут зноў адбылося тое, праз што мне стала не па сабе.
Я выкаціла калясачку на дарогу амаль зусім побач збрамай санаторыя і, не паспеўшы нічога ўцяміць, убачыла, што проста на нас імчыцца вялізны аўтамабіль. Я рванула каляску з сынам убок, спатыкнулася аб камень і стала падаць, спрабуючы ўтрымацца сама і ўтрымаць каляску — побач быў абрыў, а ўнізе шумела рака, і шум яе ўжо не здаваўся мне срабрысты і вясёлы. Не ведаю, што было б, не падтрымай мяне хтосьці... Павярнуўшыся да свайго збаўцы, каб падзякаваць яму, я спалохана ўскрыкнула — побач нікога не было. І не магло быць. Ніводны чалавек не мог бы застацца незаўважаным... Што са мной адбываецца, я зразумець не магла, бо выразна адчувала нават дыханне, што кранулася маёй шыі. Толькі поўнасцю ачуўшыся, я змагла зрабіць крок, потым другі. З вялікай цяжкасцю дабралася да дома, пакарміла сына, спрабуючы саўладаць з думкамі, што шалёна скакалі, занялася нейкімі справамі...
Увечары, седзячы каля ложка, на якім раскінуўся ў сне мой маленькі, я старалася пераканаць сябе, што нічога страшнага не адбылося, што ўсё гэта мне прымроілася... З задумлівасці мяне вывеў скрып крэсла. Я ўзняла галаву.
У крэсле сядзела незнаёмая жанчына. Сядзела зусім спакойна. Сядзела і глядзела на мяне. А я ні варухнуцца не магла, ні ўскрыкнуць... З цяжкасцю, але стала прыходзіць яснасць — гэта сон, звычайны сон, заснула і бачу яго, сон занадта падобны на рэальнасць. Вочы сталі заўважаць дэталі: незнаёмку можна было б назваць красуняй, калі б не халодны і ганарысты выраз твару, быццам вытачанага з мармуру. Прамыя светлыя валасы сцягнутыя на патыліцы ў просты вузел, бровы прамыя, губы ледзь выгнутыя... У позірку яе чыталася цікаўнасць. З такім выразам мы часам глядзім, як мурашкі будуюць свой дом, як матылёк пырхае ад краскі да краскі, як...
— Вітаю цябе, Шахноза, — павольна вымавіла жанчына, і голас ейны быў роўны, халодны, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкі.
Я маўчала. Проста не ведала, што сказаць, бо гэта ж сон... Мой сон.
— Не, — сказала жанчына, — гэта не сон. Я такі ж чалавек, як і ты, але нарадзілася на іншай планеце. Тут я па заданні ўрада. Праводжу доследы. У мае планы не ўваходзіў кантакт з паддоследным экземплярам, аднак давялося паказацца — інакш праз тваю празмерную ўражлівасць мог сарвацца эксперымент.
— Экземпляр... гэта я? — разгублена спыталася я, чамусьці адразу паверыўшы госці.
— Цябе выбралі з некалькіх тысяч, — паведаміла іншапланецянка.
Мне ад гэтага паведамлення лягчэй не стала. Спрабуючы стрымаць нервовыя дрыжыкі, я ўстала, зірнула на Джамшыда, які соладка спаў, падумала вяла, што і мой сын стаў паддоследным звярком. Услед за гэтай думкай прыйшла рашучасць — ні ў якім выпадку не дазволіць гэтага, уратаваць дзіця ад невядомай бяды. У вокамгненне я была каля яго, засланіла сабой і, зрабі іншапланецянка хоць бы крок да яго, я ўчапілася б ёй у горла, як дзікая кошка.
— Супакойся, — стрымана ўсміхнулася яна. — Шкоды ні табе, ні твайму сыну я не зраблю... Давай знаёміцца — я Ліелаш.
Маё імя яна ведала, таму я моўчкі чакала працягу. Дзіўна, але ніякіх сумненняў адносна праўдзівасці слоў гэтай жанчыны ў мяне не ўзнікла — паверыла адразу ў ейнае паходжанне, у гэты невядомы эксперымент.
— Ты ў стане выслухаць мяне або адкладзём размову? — спыталася госця.
Пацікавіцца, адкуль прыляцела Ліелаш, якім чынам вывучыла ўзбекскую мову, як знайшла мяне, мне нават не прыйшло ў галаву — усё гэта неяк можна было растлумачыць. Думкі былі заняты адным — што прынясе нам з сынам гэтая сустрэча з чужым розумам?