Выбрать главу

— Што вам патрэбна ад мяне? — з цяжкасцю разляпіўшы перасохлыя губы, вымавіла я.

Ліелаш задаволена кіўнула, адкінулася ў крэсле і стала апавядаць.

Вечны мір на Астры быў абвешчаны каля трохсот гадоў назад. Велізарныя сродкі, якія вызваліліся, грамадства стала выдаткоўваць на самыя высакародныя мэты: медыцыну, навуковыя даследаванні, вынаходніцтва машын, што аблягчаюць людзям жыццё. Прыкметна паскорыўся навукова-тэхнічны прагрэс. Асабліва актыўна заняліся навукай жанчыны, пераклаўшы хатнія клопаты на дужыя плечы нястомных і акуратных машын. Прадстаўніцы слабога полу стараліся з усіх сіл паказаць, што могуць прынесці карысць ніколькі не меншую, як мужчыны. І, трэба сказаць, дабіліся вялікіх поспехаў. Сучасны Ліелаш высокі ўзровень развіцця цывілізацыі Астры быў дасягнуты дзякуючы самаадданай працы жанчын. Пераможаны хваробы! Жанчыны не пераставалі шукаць і рабілі адно ашаламляльнае адкрыццё за адным. Сінтэтычная ежа! Гіпнанавучанне! Штучнае выношванне дзяцей!.. Дзевяць месяцаў, што вызваліліся, яны аддавалі навуцы і працы. Усё цяпер проста: схадзіў у інкубаторый, а далейшае — гадаванне і выхаванне — бярэ на сябе грамадства. У вальерах інтэрнатаў бавіліся дужыя шчаслівыя дзеці, пазбаўленыя сузірання агідных сямейных сцэн, павучанняў старэйшых. Пасталеўшы, яны ішлі ў вялікае жыццё, маючы пры сабе стандартнае пасведчанне асобы і псіхалагічную ўстаноўку — грамадскае жыццё вышэй за асабістае.

Пры такой актыўнасці жанчын мужчыны сталі ставіцца да дзейнасці на карысць грамадства з дзіўнай раўнадушнасцю. Відаць, гэта ўласціва моцнаму полу: адхілілі яго ад ключавых пазіцый, тут жа кіснуць... Замест таго каб, вызваліўшыся ад сямейных вузаў, з натхненнем заняцца стваральнай працай, мужчыны без пярэчанняў перадалі пазіцыі актыўным і мэтанакіраваным жанчынам і ператварыліся ў вялых, апатычных істот, якія не цікавіліся нічым, апроч прагляду відэафільмаў і алкаголю. Праўда, часам узнікалі забурэнні, даходзіла нават да пагромаў, але ўрад, у якім да таго часу былі адны жанчыны, уціхамірыў бунтаўнікоў.

Прачнуўся Джамшыд і захныкаў. Я ўзяла яго на рукі, павярнулася да Ліелаш, аднак яе ўжо не было.

Дзень прайшоў хутка, а ўвечары, калі, уклаўшы сына спаць, я сядзела побач з ім і думала пра іншапланецянку, за спінай пачуўся голас:

— Не перашкоджу?

— Не, — прашаптала я, хоць па целе ў мяне пабеглі мурашкі.

— Супакойцеся... Я не закончыла свой расказ...

Грамадства Астры перажыло сур'ёзны крызіс. Рэзка павялічылася колькасць самагубстваў сярод мужчын, узрасла злачыннасць. Групы экстрэмістаў, сярод іх былі і жанчыны, захоплівалі інкубаторыі і знішчалі жаночыя зародышы, выгукваючы пры гэтым: «Смерць жанчынам!»

Урад не мог раўнадушна пазіраць на гэтыя беспарадкі, што пагражалі спакою быцця і падрывалі асновы. Частка самых актыўных мужчын была змешчана ў рэзервацыю, астатніх пакінулі на волі, але ўсталявалі сталы кантроль. Адначасна з гэтымі мерамі ўрад выдзеліў вялікія сродкі для сацыялагічных даследаванняў. Вучоныя павінны былі знайсці прычыну бядотнага становішча на планеце. І яны пастараліся апраўдаць давер — гіпотэз было высунута вялізная колькасць. Многія з іх выявіліся пад час праверкі суцэльнай лухтой, а некаторыя заслугоўвалі пільнай увагі. Сярод гэтых вельмі кемных гіпотэз была і тая, што высунула астрапсіхолаг Ліелаш. Дзейнасць Ліелаш вымагала ад яе шмат гадоў назіраць за планетай Зямля і яе жыхарамі. Вынікам назірання з'явілася кніга «Пра ўплыў эмацыянальна-псіхалагічнага атавізму (т.зв. кахання) на лад жыцця жыхароў Зямлі». Выкарыстоўваючы вынікі практычна, Ліелаш прапанавала накіраваць на Зямлю экспедыцыю для вывучэння зямных жанчын, каб выдзеліць з іхняй крыві «вакцыну жаноцкасці», у існаванні якой яна не сумнявалася. Ліелаш даказала, што менавіта страта жаноцкасці жыхаркамі Астры прывяла грамадства да яго цяперашняга стану. Планавалася, што вакцына будзе ўведзена добраахвотнікам, тым самым стане магчымым праверыць, як дзейнічае здатнасць кахаць і шкадаваць на жанчыну-астрыянку.

Ідэя Ліелаш атрымала нечаканую падтрымку. Ёю загарэліся і мужчыны і жанчыны. Урад ухваліў план. Спецыялісты па зямной культуры выбралі найбольш зручнае для кантакту месца — горны раён Узбекістана. Яны прыйшлі да высновы, што ўсходнія жанчыны найбольш жаноцкія. Іхняе каханне і пашана да мужа, пяшчотная прывязанасць да дзяцей былі вартыя павагі. Акрамя таго, чыстае горнае паветра было неабходна для нармальнага самаадчування сяброў экспедыцыі, бо агульная забруджанасць зямной атмасферы перавышала ўсе дапушчальныя нормы. Ліелаш даверылі кіраваць невялікай групай вучоных, якая накіроўвалася па сродак, які, цалкам магчыма, дапаможа цывілізацыі Астры.