І чалавек у заляпанай граззю салдацкай вопратцы, відаць, ведаў гэта на памяць. Кінуўся да здранцвелага дзіцяці, вырваў з рукі гранату і, амаль не замахваючыся, шпурнуў яе ў балота.
Адразу ж узляцеў слуп вады і глею. Рэха выбуху не вярнулася назад.
Гарбата была гарачая. Салдат піў не спяшаючыся, сціскаючы ў далонях кубак, быццам грэў азяблыя рукі. А вечар быў цёплы, і вогнішча гарэла горача. Ад мокрай вопраткі салдата ішла пара.
Жанчыны прапаноўвалі салдату кілбасы, нарэзанага скрылікамі кумпяка, але той адмовіўся, толькі папрасіў яшчэ вару. Дастаў з кішэні галету, жаваў яе, раз-пораз макаючы ў гарбату. І жанчыны замоўклі, баючыся пакрыўдзіць салдата перабольшанай увагай, не ведаючы, як яму аддзячыць.
Цішыня доўжылася; усім стала нават ніякавата.
А Вілюс даўно ўжо хацеў спытацца, што тут робіць салдат і як ён гэтак незаўважна і, галоўнае, своечасова апынуўся на выспачцы. Вілюс нават падумаў, што гэта актор, што дзе-небудзь паблізу, можа, ля ўзарванага моста, атабарылася здымачная група, ставіць фільм пра вайну; але чалавек так рашуча схапіў гранату... Як сапраўдны салдат — умець трэба.
— Трэба ўмець... — услых падумаў Вілюс.
— Служба, — адказаў салдат.
— Служыце, значыцца?
— Ваюем... Усе ваюем. Ды лепш тым, што наступаюць. Адступаць вельмі ўжо цяжка...
Салдат засяроджана глядзеў на цёмна-бурую, у цемры зусім чорную ваду балотнага акна і думаў: яна пабурэла не толькі ад усюдыісных часцінак жалеза, што тояцца ў зямлі. Міналі стагоддзі, а ў балотах танулі закаваныя ў жалеза рыцары, радзелі разнамоўныя полчышчы. Толькі ж за апошнія паўстагоддзя двойчы пракаціўся па балоце вогненны віхор, штораз пакідаючы ў ім частку сваёй бясконцай лютасці. Лютасці, якую душылі не балоты.
— А мне чагось падумалася — вы тут на здымках. — Вілюс засмяяўся, яму чамусьці сталася лягчэй, калі даведаўся, што салдат — сапраўдны салдат і проста выканаў свой абавязак. Ды і акторы — народ інтэлектуальны, з імі і размова іншая, ды і абыходжанне не тое. Пачуваешся ніякавата, калі гутарыш са славутасцямі. — Хоць фільмы пра вайну — таксама рэч добрая. Людзі павінны ведаць пра вайну, пра салдацкую прафесію. — Вілюс на хвіліну запнуўся, падумаўшы, што не гэтак выказаўся. — Але, тады нічога не забудзецца. Зараз багата добрых карцін пра вайну. — Папраўдзе, Вілюс не любіў фільмы пра вайну, хадзіў на іх рэдка, хіба што на адзначаныя на фестывалях. Але зараз, калі салдат выратаваў яго сынка, не з рукі было казаць інакш.
Вілюс паглядзеў на чарнавата-бурую ваду і падумаў, што вайна скончылася даўно. Калі пачаць успамінаць, давядзецца згадваць вельмі шмат чаго, а ўсё было так даўно, што хутка нідзе на нашай зямлі не застанецца гранат, якія не ўзарваліся, — іх знішчыць час...
— У кіно вайну паказваюць, — сказаў салдат.
— Глядзець страшна, — дадаў Вілюс.
Зоркі мігцелі цьмяна, па-восеньску. За кругам, акрэсленым полымем вогнішча, застыла напружаная цемра, толькі дзе-нідзе ўсыпаная нерухомымі агеньчыкамі — адлюстраванымі свяціламі.
— Мне пара, — сказаў салдат і паглядзеў на зоркі. — Пара.
— Пераначавалі б з намі, — прапанаваў Вілюс. — Месца хопіць, спальны мяшок знойдзецца. Куды вы цяпер пойдзеце — цемра суцэльная, яшчэ ў дрыгву патрапіце.
— Трэба. — Салдат устаў. — Служба, пазніцца не выпадае.
Салдат ступіў у цемру. Чорны сілуэт растварыўся ў тумане. Мільгануў яшчэ раз, закрываючы адлюстраванне зорак у вадзе, і знік. Як бы і не было чалавека.
— Я тут не заблукаю.
Гэтыя словы прагучалі выразна, быццам сказаныя побач, і людзі на выспачцы ўздрыгнулі.
Мужчынам не спалася. Леглі яны разам з усімі, праварочаліся з боку на бок добрую гадзіну, але сон не ішоў. Зараз яны сядзелі ля пагаслага вогнішча. Пойдуць папаліць — так сказалі жонкам.
Вілюс дыміў ужо не першай цыгарэтай, усё паварочваючыся да намёта, што цямнеў у густым тумане. Зрэдку апаноўвала неадольнае жаданне зірнуць на сынка, ён уставаў і, падкраўшыся да намёта, прыслухоўваўся. Усярэдзіне было ціха. Сынок спакойна соп, напэўна, так і не зразумеўшы, што яму пагражала гадзіну назад.
— Агідная работа ў гэтага салдата, — сказаў Вілюс. — Нават памыліцца нельга.
— Як у час ён паспеў... — відаць, у дзесяты раз паўтарыў Рычардас.
— У час...
Туман згушчаўся, кропелькі, што плавалі ў паветры, рабілі вільготнай вопратку, але мужчыны не адчувалі ні сырасці, ні холаду. А за Нёманам глуха грукацелі выбухі, па небе блукалі промні пражэктараў — няяркія, размытыя, як светлыя палосы, вычарчаныя на кепскай паперы. Грозна ракацелі цяжкія самалёты. Відаць, там праходзілі манеўры, і тысячы чалавек — салдаты, афіцэры, генералы — не спалі гэтай ноччу.