1
Хмары, якія нізка плылі над палямі, раз-пораз сеялі халодным дажджом, а калі заляпаная гразёю машына заехала на ўскраіну Булакбашы, пайшоў снег. У белай імгле патанулі бурыя груды, саманныя домікі, якія ляпіліся па ўступе рачнога берага, і толькі голыя галіны дрэў цягнуліся да дарогі са снежнай мітульгі, як рукі, што просяць міласціну.
Султан не адводзіў позірку ад дарогі, што бегла пад колы машыны, Асад, ён сядзеў побач, мо пяты раз пераказваў гісторыю саркафага:
— Я ўжо дахаты збіраўся, а тут званок. «Таварыш Мулаеў, гэта з Булакбашы вас турбуюць. У нас нейкую скрыню знайшлі — экскаватар капаў на старых могілках і вывернуў каменную пліту. Падышлі паглядзець, а там літары старадаўнія...»
Пліта была аперазана вяззю арабскіх літар. Прысеўшы каля знаходкі на кукішкі, Султан паказаў на ледзь заўважную паласу, што ішла ўздоўж саркафага:
— Шво замазана. Значыцца, вечка не ссунута.
Асад схіліўся побач і правёў далоняй па шурпатай паверхні саркафага:
— Колькі ж яму гадоў? Здаецца, цімурыдскіх часоў.
Калі знаходку ачысцілі ад гліны, Султан, павольна абыходзячы саркафаг, пераклаў надпіс, які яго апаясваў:
— «Мір праху высокавучонага Шамсібека, Ісмаілавага сына, забітага дэрвішамі ў ноч месячнага зацьмення восьмага дня месяца хамола 835 года хіджры... Алах разважыць, чыя праўда... Збудавана гэтая грабніца загадам наймудрэйшага, найдабрэйшага Ўлугбека, Шахрухавага сына, у трыццаць дзевяты год яго ўладарання...»
Праз некалькі дзён у Акадэміі навук Узбекістана адбылося абмеркаванне булакбашскіх знаходак.
— Дарагія калегі, — сказаў Султан Умрзакаў, — мне выпаў гонар расказаць вам пра самае выдатнае археалагічнае адкрыццё нашага часу.
Зала адгукнулася на гэтыя словы ўзбуджаным гулам.
— У адным з саркафагаў, знойдзеных у Булакбашы, выяўлена цела (яно цудоўна захавалася) вучонага Шамсібека, што загінуў ад рук рэлігійных фанатыкаў, сучасніка і, мяркуючы па некаторых дадзеных, супрацоўніка вялікага астранома Ўлугбека. Пры пахаванні труп забітага быў пагружаны ў мёд, апрача таго, з саркафага было поўнасцю выпампавана паветра. У суседнім захаванні знойдзены рэшткі Шамсібекавай жонкі, да таго ж у яе грабніцы выяўлена ўнікальная ядвабная хустка, што вельмі нагадвае сучасны фалак — абавязковую прыналежнасць пасагу нявесты. Але калі знаёмы нам усім фалак уяўляе сабой сіметрычна размешчаны па блакітным фоне россып кветак або каляровых колаў, то малюнак хусткі з саркафага Махфузы надта нагадвае схему руху планет вакол Сонца. Пра гэта сведчыць, на мой погляд, тое, што ў цэнтры гэтага «фалака» — залатое сонца з промнямі, а не стылізаваная кветка, як на сучасных фалаках. І магчымыя «планеты» размешчаны вакол гэтага сонца не сіметрычна, а так, як маляваў іх на сваёй гелеацэнтрычнай мадалі Капернік. Да таго ж памеры гэтых планет адносна адна адной дакладна адпавядаюць нашым сённяшнім уяўленням пра велічыню планет Сонечнай сістэмы...
Прафесар біяхімічнага інстытута Ахмад Закіраў казаў пра тое, што Шамсібекаў саркафаг уяўляе сабой невядомы да гэтага спосаб захавання ў мёдзе... Гісторыя ведае, што цела Аляксандра Македонскага, які памёр у Вавілоне, было дастаўлена на бацькаўшчыну ў незвычайнай ванне з мёдам, але знаходак, падобных да булакбашскай, мы яшчэ не сустракалі. Адразу, як адчынілі саркафаг, мёд меў празрыста-жоўты колер, але праз некалькі ж хвілін пашарэў і крышталізаваўся. Шамсібекавы вантробы, у тым ліку і кішэчнік, з вялікім умельствам былі таксама запоўнены мёдам, так што ў нашым распараджэнні мелася абсалютна нятленнае цела чалавека, што памёр амаль шэсць стагоддзяў назад.
Аналіз мёду выявіў, што ў яго склад уведзены нейкі кансервант, які пакуль не паддаецца вызначэнню.
Але самае сенсацыйнае паведамленне зрабіў біяфізік Джагангір Аліеў:
— Прысутныя тут ведаюць, што ў нашым інстытуце ўжо шмат гадоў ідзе праца па стварэнні элаломы — электроннага робата, здатнага «здымаць» з клетак кары галаўнога мозгу ўвесь свет думак і пачуццяў чалавека. Да сённяшняга дня наша задача ўяўлялася нам вузка-практычнай — дапамагчы крыміналістам узнаўляць па «ўспамінах» загінуўшых карціну злачынства. Гэтае абмежаванае прымяненне элаломы дыктавалася прычынамі фізіялагічнага характару — клеткі чалавечага мозгу пачынаюць распадацца праз некалькі ж гадзін пасля смерці, і аднавіць карціну жыцця загінуўшага магчыма толькі ў тым выпадку, калі яго мозг будзе замарожаны пасля смерці альбо захаваны яшчэ якім-небудзь чынам... Першыя доследы, якія мы правялі, дазволілі даведацца пра думкі і зрокавыя вобразы людзей за некалькі секунд да іх гібелі. Элалома можа пакуль успрымаць толькі самыя яскравыя ўражанні, якія ляжаць на паверхні мозгу і належаць да апошніх момантаў яго жыцця. Для таго каб пранікнуць далей, у глыбіню бачанага і асэнсаванага чалавекам, нам трэба прарабіць яшчэ вялізную працу... Шамсібекаў мозг захаваўся дастаткова добра, і гэта дае нам надзею на аднаўленне калі не ўсіх, то самых важных абставін яго жыцця, што найбольш моцна адбіліся ў свядомасці вучонага. Нашаму электроннаму мозгу патрэбна каласальная колькасць энергіі, яе льга супаставіць адно з энергіяй, якую спажываюць наймагутныя прыспяшальнікі элементарных часцінак. Поспех працы залежыць ад таго, ці палічыць Акадэмія навук магчымым выдаткаваць нам на стварэнне дасканалай элаломы неабходныя сродкі.