Выбрать главу

3

Стаяла позняя восень. Але дажджоў было мала; часта выпадалі ясныя халаднаватыя дні, і тады з акна санаторыя відаць былі ва ўсіх падрабязнасцях горныя ланцугі Паміра.

Джахангір Аліеў падоўгу блукаў па наваколлі, гуляў у тэніс і... нічога не чытаў. Гэтае апошняе патрабаванне галоўнага доктара санаторыя было самым катэгарычным. Пасля ўсіх пературбацый апошніх месяцаў, пасля эксперыменту і звязанага з ім ужыўлення правадоў у мозг вучонаму неабходна было некалькі тыдняў не даваць сабе ніякай інтэлектуальнай нагрузкі. Менавіта таму доктар поўнасцю забараніў Джахангіру прымаць наведвальнікаў, а таксама даў указанне дасылаць назад адрасаваныя яму лісты.

І ўсё-такі ў адзін з такіх празрыстых халодных дзён да Аліева з'явіўся госць. Нягледзячы на пільнасць персанала, у нумар да вучонага прабраўся Тулкун Мансураў. Убачыўшы яго, Джахангір радасна ўскочыў з крэсла. Сябры абняліся і прайшлі да акна.

— Ды тут проста рай, — сказаў пісьменнік, агледзеўшы пейзаж, які адкрыўся перад ім.

— Сумняваюся, каб у раі магло быць так сумна, — усміхнуўся Аліеў. — Нават газет не даюць. Зусім здзічэю да канца месяца.

— Калі вернешся ў Ташкент, наладзім для цябе лекцыю: што здарылася на белым свеце за час тваёй адсутнасці.

— Ты надоўга? — спытаўся Джахангір. — Можа, уцячом на пару дзён у горы? Я пазнаёміўся з чабанамі. Можна будзе пажыць у іх, калі, вядома, яны яшчэ не спусціліся са статкам у даліну.

— Не, дарагі. Прабуду толькі да вечара. Бо я ж у цябе праездам — мяне чакаюць у Ошы.

Размова перайшла на іншыя тэмы, і незаўважна сябры вярнуліся да падзей, што адбыліся ў ноч месячнага зацьмення, калі Шамсібек упаў, звалены рукой фанатыка.

— Ведаеш, Тулкун, у мяне часам баліць галава ў тым месцы, куды прыйшоўся ўдар, — сказаў Джахангір.

— Ды і я, прызнацца, усё блытаю свае ўспаміны з успамінамі Шамсібека. Нават вырашыў як-небудзь прыгатаваць мазь, якую не ўдалося зрабіць яму. Можа, яна сапраўды будзе валодаць цудатворнымі ўласцівасцямі?

— Ну, гэта ты дарма. Зразумела, што Шамсібек падзяляў памылковыя ўяўленні свайго часу — дастаткова згадаць, што ён усур'ёз верыў у лекавыя ўласцівасці паленага пер'я. Але табе ж павінна быць відавочна, што многія яго думкі былі антынавуковыя.

— Магчыма, тут ты і маеш рацыю. Я не вучоны і спрачацца з табой не буду. Але скажы тады, як быць з ператварэннем медзі ў золата? Усе навуковыя аўтарытэтыў адзін голас заяўляюць, што гэтая выдумка з сухой крывёю нейкая лухта... Але ж юнак не стаў бы хлусіць султану, мы ж з табой ведаем, наколькі ён быў сумленны...

— На жаль, ударам быў пашкоджаны менавіта той участак мозгу, што кіруе працоўнымі звычкамі чалавека, — гэта, як кажуць, «тэхналагічны аддзел». Таму мы і не змаглі спазнаць многія сакрэты вучонага. А ў гутарцы з султанам, у якой «бралі ўдзел» і мы з табой, ён, па сутнасці, не адкрыў ніякіх падрабязнасцей. Я падазраю, што Шамсібеку нейкім чынам удавалася змяняць атамную вагу медзі. Хоць гэта не пад сілу і сучаснай навуцы. Застаецца палічыць магчымым, што недзе ў Булакбашы ў яго было нешта накшталт тэрмаядзернага рэактара... Трэба правесці сур'ёзныя раскопкі.

— Але тэхніка таго часу — і... рэактар?!

— Згодны. Але я проста не знаходжу іншых тлумачэнняў усяму гэтаму... Можа, Шамсібекаў дзед быў спадчыннікам таемных ведаў халдзеяў?

— Выходзіць, наш эксперымент прынёс мала карысці навуцы?

— Ты, я бачу, маеш на ўвазе пад навукай толькі хімію, фізіку альбо медыцыну. Але ты забыўся пра гісторыю. Бо мы ведаем цяпер, што Ўлугбеку за шмат гадоў да Каперніка была вядомая схема руху планет вакол Сонца. Аднак султан не мог адкрыць свае веды ў эпоху, калі вакол панаваў дзікі рэлігійны фанатызм. Са смерцю Ўлугбека рэакцыя пагасіла каганцы ведаў, запаленыя асвечаным уладаром. Мы ведаем пра тую нецярпімасць да заняткаў навукай, якая стваралася такімі духоўнымі правадырамі, як Хаджа Ахрор. Бо султан паў ахвярай фанатыкаў на наступны год пасля Шамсібека... Слабыя ўсходы асветы былі затаптаныя, і адным з нешматлікіх сведчанняў тагачаснага змагання святла і цемры і ёсць нашы фалакі. Але гэта можна зразумець толькі дзякуючы назве — за шмат стагоддзяў вышыўка фалака нагэтулькі змянілася, што мы ніколі б не пазналі ў сённяшнім узоры з кветак мадэль Сонечнай сістэмы, якая некалі ўпрыгожвала абсерваторыю Ўлугбека.

— Ты маеш рацыю, — згадзіўся пісьменнік.

— Акрамя таго, не забывайся, Тулкун, што ў нашай навуковай справаздачы нямала такога, што не ўвайшло ў твой дзённік падарожжа ў часе...