Леанід Панасенка. Пралюбадзейства
Пераклала Галіна Шаранговіч
Душа Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля ўтульна расцяклася па паверхні сонечнай батарэі арбітальнай касмічнай станцыі і разам з шматтоннай грамадзінай ціха набліжалася да сваёй даўно забытай радзімы, якую беззваротна пакінула больш за сто пяцьдзесят гадоў таму назад. І душу філосафа, і станцыю падсілкоўваў сонечны вецер, але яны адно аднаму не перашкаджалі, бо першая належала свету Абсалюту, спірытасферы, а другая ўяўляла сабою адно з найдасканалейшых стварэнняў вечнага свету. Гегелева душа, падкрэслім гэта на ўсялякі выпадак, была цалкам матэрыяльная, але нездарма кажуць: ці шмат той беднай душы трэба.
Таму, хто б здолеў убачыць аўру Абсалюту збоку, адкрылася б зусім будзённае відовішча: вакол планеты кіпіць шматслойнае варыва з мільярдаў светлякоў асобных душ, розных, як і зоркі, па яркасці, якія павольна ўсплываюць з паверхні Зямлі, злучаюцца ў спіралі і купы; некуды імчаць ці, наадварот, застываюць у нерухомасці. Нечым падобная на паўночнае ззянне, сусветная душа жыла і змянялася, узрастала з развіццём і памнажэннем цывілізацыі людзей, якая пачалася з яе і жыла не столькі сонечным ветрам і рознымі палямі і выпраменьваннямі, якія пранізвалі сусвет, колькі развіццём і пашырэннем чалавечага духу! Гэта найвышэйшая краса матэрыі ўсведамляла сябе як адзінае цэлае і ў той жа час складалася з мірыядаў індывідуальнасцяў, якія захавалі ў сабе ўсё, што было на Зямлі ад пачатку чалавечага роду. Гэтую сферу духу, вытворную ад чалавека і выгадаваную разам з ім, гэтую таямнічую субстанцыю сам чалавек называў па-рознаму — і богам, і абсалютным духам, і сусветнай душою, але сутнасць яе была аднолькавая: іншабыццё, найвышэйшая энергетычная форма асэнсавання сябе прыродай, арганізаваны пачатак і рухавік светабудовы, пра што ў свой час здагадваўся Платон.
Сутнасць Георга Вільгельма фрыдрыха Гегеля, які пры жыцці шмат сілы і часу аддаў на разважанні такога тыпу, цяпер ведала непамерна болей. Абсалют, а значыцца, і ён, ведалі: душа чалавечая бессмяротная, на жаль, не заўсёды. Вядома, яна бессмяротная, бо з'явілася на свет, здзейснілася. Але нараджэнне чалавека і нараджэнне душы — не тое самае. Бывае, чалавек жыве доўга, завяршае свой тленны шлях, памірае, а душа яго так і не паспявае нарадзіцца. Больш таго, калі адны душы ў іншым жыцці ачышчаюцца ад зямной брыдоты, удасканальваюцца і ўзывышаюцца, а часам нават ператвараюцца ў новыя, больш дасканалыя структуры, дык другія — неданошаныя і неразвітыя, сатканыя са злосці і заган — пакутуюць і згасаюць назаўсёды. Інакш кажучы, ператвараюцца ў першаснае рэчыва спірытасферы, яе будаўнічы матэрыял. Так жыве чалавецтва, штодзённа і штогадзінна ствараючы сваю калектыўную душу, бо, запомніце, і Бог народжаны чалавекам. Так жыве сусветная душа, не толькі памнажаючыся, сілкуючыся чалавечым мурашнікам, але і самаўдасканальваючыся, бо ёсць у зямнога Абсалюту пачатак — першы пробліск свядомасці ў нечай прагалаве, але няма ў яго канца, як няма ліку Абсалютам, раскіданым у Сусвеце... Не-не, пачакайце! Хто сказаў, што развіццё — гэта абавязкова памнажэнне і зліццё ў адзінае і чаму мы павінны яму верыць?! Далей пачынаецца панаванне фантазій і здагадак, а нам пакуль што дастаткова ведаць: кожная сталая душа лічыць абсалютам самую сябе, калі толькі яна на гэта мае права.
Прынамсі, душа Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля была глыбока абыякавая як да клопату касманаўтаў, якія знайшлі невялікія збоі ў рабоце сонечных батарэй, так і да ўсеабдымных праблем, якія хвалявалі ўсю спірытасферу Зямлі: упарадкаванне светабудовы і магчымасць выратавання яе стваральніка і ў пэўнай ступені — сімбіёту — звар'яцелага ў працэсе развіцця розуму чалавецтва. Душа Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля сузірала самую сябе і занятак гэты, відаць, лічыла найлепшым.
Самалёт ішоў на пасадку, і ў ілюмінатары зноў з'явіўся твар каханай. Крыху бледнаваты, круглявы, загадкавы і недаступны, як гэты месяц, што лунае ў начным небе. Сэрца і горла сціснула спазма. Так здаралася заўсёды, калі Мастак сустракаў ці ўспамінаў сваю мучыцельку; ён павольна і з цяжкасцю праглынуў камяк, каб не задыхнуцца, і заплюшчыў вочы — згасні, месяц, сыдзі, насланнё, колькі ж можна мучыць хворае і неразумнае сэрца.
Але павекі імгненна падняліся, ён прыпаў да ілюмінатара: захацелася неадкладна, зараз жа, убачыць калі не яе, то хоць бы яе дом, тое месца ў прасторы, дзе яна цяпер ходзіць ці сядзіць, дзе знаходзіцца яе невыносна жаданае цела, яе голас, яе валасы, дзеці, кніжкі, словам, усё, што мае дачыненне да яго каханай маленькай жанчыны.
Унізе, пасярод зямнога змроку, цьмяна мігцелі агні невялікага горада. Не, нічога не разгледзець! Незразумела наогул, як можна займацца яго рамяством і быць такім бяспамятным і неназіральным: Мастак ніколі як мае быць не арыентаваўся ў тых гарадах, дзе пабываў ці жыў, не запамінаў твараў і галасоў. Хоць навошта яму здагадвацца, які з тых агеньчыкаў — яе дом. Ён жа і пры дзённым святле ніколі яго не бачыў, ведае толькі дзе, дый то прыблізна. А вось у гасцях у яе быў сотні разоў. Прылятаў у думках, калі яна спала, калі гуляла з сынам, чакаў на кухні, часам усур'ёз шкадуючы, што не можа — бесцялесны — дапамагчы яе спрацаваным рукам, якія неяк мінулым летам цалаваў — дазволіла, незачэпа. Мужа каханай Мастак бачыў аднойчы, мімаходзь і ставіўся да яго спакойна, а дакладней, абыякава, як да нечага чужога, непатрэбнага. Пад час яго таямнічых візітаў яны не сустракаліся. Нават начамі яго не было ў спальні: ці то з'ехаў у доўгую камандзіроўку, ці то ператвараўся ў бесцялесную абстрактную істоту і таксама некуды знікаў.