Выбрать главу

«Не хлусі хоць сабе, — падумаў Мастак. — Як ты напачатку пакутаваў, раўнаваў! Як папракаў яе, што не дачакалася цябе, выскачыла замуж ледзь не ў дзесятым класе. Вар'ят! Яна праз некалькі гадоў бабуляй стане, а ён, бач ты, пакрыўдзіўся. І нават сказаў ёй пра гэта, стары дурань. Праўда, жартуючы з сябе, але ж сказаў. А галоўнае, ты і цяпер так думаеш, толькі баішся ў гэтым прызнацца. Чакаць бы ёй цябе — да пенсіі ці да сустрэчы на нябёсах».

Ён успомніў па асацыяцыі загадкавае і па яго разуменні бессэнсоўнае сцвярджэнне, што шлюбы здзяйсняюцца на нябёсах, і горка ўсміхнуўся.

«Вось. Каторы раз вяртаюся з нябёсаў, а які сэнс?! Усё, на жаль, адбываецца тут, на зямлі. Па волі выпадку, з-за тугі маладога цела, хвіліннага захаплення. Якія там палавінкі душы, іх з'яднанне... Усе гэтыя палавінкі нейкі час таўкуцца на кірмашы жыцця, а пасля знікаюць. Пачкамі, натоўпам. І няма ім радасці і там. І выратавання няма...»

— Пасажыр, мы прыляцелі.

Далей усё пайшло аўтаматычна: багаж, прыпынак тралейбуса, чаканне, сам тралейбус, дом, сям'я, рытуал сустрэчы, вячэра, вячоркі перад талевізарам, нарэшце, спальня...

Але ўвесь час, пакуль адбываліся гэтыя дзеянні, Мастак неадчэпна думаў пра сваё позняе і нейкае, як і ўсё яго жыццё, безнадзейнае пачуццё.

Хто ведае, калі гэта пачалося?..

Ён доўга жыў сам па сабе, меў зносіны з навакольным светам толькі па патрэбе і наіўна лічыў, што добра ведае яго, ну а жанчын — тым болей: пустыя, хлуслівыя, крывадушныя; яшчэ горш, калі Бог дадаў у гэты вінегрэт крыху розуму ці характару. Як ні дзіўна, ён шкадаваў іх, як шкадаваў дзяцей і звяроў, адчуваў патрэбу ў іх, бо асабістае жыццё яго не склалася, і адначасова пазбягаў.

Вось такі ён прыйшоў у Майстэрню, дзе сустрэўся з светласкураю жанчынаю-рэстаўратарам, разумнаю і начытанаю, з задавальненнем гаварыў з ёю на розныя тэмы і, як і многія іншыя, лічыў яе «сваім хлопцам». Разам палілі, пілі каву... Пазней, праз паўгода, яна з'ехала ў доўгую камандзіроўку. Ён засумаваў, але сапраўднай прычыны сваёй душэўнай тугі не зразумеў, бо іх, гэтых прычын, заўсёды было шмат. Тыдні праз тры яна патэлефанавала з далёкага горада (здаецца, ён нешта прасіў купіць, проста так, як просяць многія, — каб сябры не забывалі), і ён задыхнуўся, пачуўшы яе голас, а вусны яго раптам самі па сабе загаварылі ў слухаўку забытыя словы: каханая! Родная! Адзіная!

Потым яна вярнулася з камандзіроўкі, і пачалася новая фаза іх адносін — на жаль, без якіх-небудзь звычайных у такой сітуацыі дзеянняў.

Гэта былі размовы, у якіх Мастак адразу заблытваўся, як у завеі, часцей за ўсё яго маналогі, з якіх яна выбірала сказ ці слова і нешта адказвала, а калі ён нарэшце прыстасаваўся да яе манеры зносін і стаў пільна ўзважваць кожнае слова і фразу, вяртаючыся да іх, Рэстаўратар аднойчы заявіла: «Вы выдзіраеце з размовы асобныя кавалкі».

Сказанае і нясказанае, пачутае і непачутае ў адказ тоўпілася цяпер у яго ўзбуджанай памяці, загаралася, апякала то надзеяй, то болем, часцей болем, занадта часта:

«Я не магу без цябе, разумееш?!»

Маўчанне.

«Паслухай. Нехта ж павінен гаварыць табе вар'яцкія словы, цалаваць вочы, цалаваць тваю скуру, каб яна не звяла».

Агульныя словы — і камяк у горле, і няма чым дыхаць.

«Тое, што душа прачнулася, — не бяда. Але яна абудзіла і гэтае нікому не патрэбнае цела. Разумееш, ёсць туга, самота цела. Яно раптам успомніла, што яно таксама жывое. Не, не — я не дамагаюся цябе. Хоць і не хачу падманваць: няма ў свеце жанчыны, жаданай больш за цябе».

Маўчанне.

«Няхай пакахае з літасці, з міласэрнасці. Яна ж добрая. Яна абавязкова пашкадавала б чужое заплаканае дзіця... Гордасць? Пляваць. Я мілаваў бы яе так, я знайшоў бы такія словы... не ведаю цяпер — якія, але раніцай яна не змагла б пражыць без мяне ні хвіліны».